«Ня будзьце дурнем», — з такім заклікам зьвярнуўся прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп да прэзыдэнта Турэччыны Рэджэпа Эрдагана ў асабістым лісьце, пераконваючы турэцкага лідэра пайсьці на ўзаемавыгадную ўгоду з кіраўніцтвам сырыйскіх курдаў, якія кантралююць значную тэрыторыю на поўначы Сырыі, што мяжуе з Турэччынай.
У распараджэньні тэлекампаніі Foxnews апынуўся ліст, накіраваны прэзыдэнту Турэччыны 9 кастрычніка, праз тры дні пасьля тэлефоннай размовы Трампа і Эрдагана, у якой прэзыдэнт Трамп паведаміў пра вывад невялікага амэрыканскага кантынгенту, які супрацоўнічае з курдамі. Яго сапраўднасьць была пацьверджана прадстаўнікамі Белага дому.
У лісьце, адпраўленым пасьля пачатку артылерыйскіх абстрэлаў турэцкай арміяй пазыцый курдаў, Дональд Трамп папярэджвае Эрдагана, што ў выпадку ўварваньня турэцкай арміі ў Сырыю прэзыдэнт Турэччыны будзе несьці адказнасьць за гібель тысяч людзей, што адказам на такі крок стане «разбурэньне» турэцкай эканомікі ў выніку амэрыканскіх санкцый.
«Не падвядзіце сьвет, — пераконвае Дональд Трамп Рэджепа Эрдагана, — вы можаце заключыць выдатную ўгоду з генэралам Мазлумам, які гатовы да перамоваў і да саступак, на якія яны перш ніколі не згаджаліся». Прэзыдэнт Трамп мае на ўвазе камандзіра курдаў Мазлума Абдзі. Прэзыдэнт Трамп завяршае ліст заклікам: «Ня будзьце крутым хлопцам, ня будзьце дурнем!»
Уварваньне Турэччыны на тэрыторыю, якую ўтрымліваюць курды, пачалося праз тыдзень пасьля тэлефоннай размовы Трампа і Эрдагана і пачатку вываду амэрыканскага кантынгенту з гэтай зоны. Курды зьвярнуліся па ваенную падтрымку да ўраду Сырыі. У чацьвер віцэ-прэзыдэнт ЗША Майк Пэнс і дзяржсакратар Майк Пампэо павінны сустрэцца з прэзыдэнтам Турэччыны Эрдаганам у спробе пераканаць яго спыніць апэрацыю турэцкай арміі ў Сырыі.