Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму Турэччына напала на сырыйскіх курдаў і што там адбываецца. 10 важных фактаў


9 кастрычніка Турэччына ​пачала ваенную апэрацыю «Крыніца міру» ў паўночнай Сырыі. Паведамляецца пра выбухі на мяжы і пра бамбаваньне рэгіёну турэцкімі самалётамі. Паводле турэцкіх уладаў, яе мэтай зьяўляецца барацьба з тэрарыстычнай групоўкай «Ісламская дзяржава» і з узброенымі фармаваньнямі курдаў у рэгіёне.​ Гэта трэцяе падобнае ўварваньне Турэччыны з 2016 году.

Свабода тлумачыць, чаму Турэччына напала курдзкія атрады, якія зьяўляюцца саюзьнікамі ЗША, калі і сама Турэччына — саюзьніца ЗША.

Хто такія курды ў Сырыі

Курды — гэта найбуйнейшая этнічная меншасьць у Сырыі. Іх прыблізна 9% ад насельніцтва краіны.

Пасьля пачатку грамадзянскай вайны ў Сырыі, курды здолелі стварыць самакіраваньне на тэрыторыях, дзе яны кампактна пражываюць.

У 2016 годзе курды, якія кантралявалі паўночную частку Сырыі, абвясьцілі аб стварэньні фэдэратыўнага рэгіёну «Роджава — Паўночная Сырыя». Але яны настойваюць на тым, што мэтай зьяўляецца аўтаномія, а не незалежнасьць.

Што зьвязвае курдзкія атрады з ЗША

Атрады курдаў у Сырыі — гэта саюзьнікі ЗША ў апэрацыі супраць «Ісламскай дзяржавы». ЗША некалькі гадоў дапамагалі іхным падразьдзяленьням тэхнікай і інструктарамі.

Чаго хоча Турэччына

Турэччына мае дзьве асноўныя мэты на паўночным усходзе Сырыі:

  • выгнаць курдзкія фармаваньні, якія яны лічаць часткай забароненай Анкарой Курдзкай рабочай партыі;
  • стварыць у паўночных рэгіёнах Сырыі ўздоўж сваёй мяжы так званую зону бясьпекі, вычышчаную ад сіл самаабароны сырыйскіх курдаў і баявікоў тэрарыстычных груповак, і расьсяліць там да двух мільёнаў сырыйскіх уцекачоў, якія цяпер знаходзяцца ў Турэччыны.

Чаму Турэччына напала на курдаў, калі тыя хаўрусьнікі ЗША? Турэччына таксама ж саюзьніца ЗША

Уцекачы пакідаюць курдзкі горад Рас-эль-Айн
Уцекачы пакідаюць курдзкі горад Рас-эль-Айн

Анкара падштурхоўвала Злучаныя Штаты да сумеснага стварэньня «бясьпечнай зоны», якая б прасьціралася на 32 км на сырыйскую тэрыторыю, але неаднаразова папярэджвала, што яна можа зрабіць аднабаковыя ваенныя дзеяньні, абвінаваціўшы Вашынгтон у зацягваньні.

Некалькі дзён таму Дональд Трамп заявіў, што калі Турэччына парушыць дамоўленасьці (гаворка пра магчымы наступ далей за абумоўленую буфэрную зону), то ён «зьнішчыць яе эканоміку».

У ноч на 7 кастрычніка Белы дом афіцыйна абвясьціў, што ЗША выведуць свае войскі з рэгіёнаў на поўначы Сырыі, у асноўным населеных курдамі. Гэта зроблена для таго, каб не адбылося выпадковых сутыкненьняў паміж саюзьнікамі.

Наколькі далёка можа пайсьці Турэччына

Паўночна-ўсходні памежны раён, які ў гэты момант кантралююць курдзкія сілы, цягнецца на 480 км ад ракі Эўфрат на захадзе да мяжы з Іракам на ўсходзе. Непасрэднай мэтай турэцкіх плянаў, як мяркуецца, ёсьць адрэзак мяжы паміж гарадамі Рас-аль-Айн i Тэль-Аб’ярд, паміж якімі 100 км.

Амэрыканскі чыноўнік пацьвердзіў агенцтву Reuters, што амэрыканскія сілы пакінулі назіральныя пункты ў гэтай ваколіцы.

Чым для курдаў можа скончыцца сыход ЗША

Калі ЗША выведуць усе свае войскі з паўночна-ўсходняй Сырыі, урад Дамаску пры падтрымцы Расеі можа паспрабаваць вярнуць кантроль над большай часткай рэгіёну, не захопленага Турэччынай.

Поўны сыход ЗША падвергне гэты раён рызыцы далейшага наступу Турэччыны, адраджэньня «Ісламскай дзяржавы» або пасьпяховага наступу ўрадавых сіл Сырыі, якія падтрымлівае Іран і Расея.

Расея і Іран, дзьве іншыя буйныя замежныя дзяржавы ў Сырыі, рашуча падтрымліваюць прэзыдэнта Башара Асада — у адрозьненьне ад Турэччыны і ЗША, якія заклікалі яго адступіць і падтрымлівалі паўстанцаў, што змагаюцца за яго зьвяржэньне.

Як Захад і ЗША рэагуюць на пляны Турэччыны?

Не было ніякай грамадзкай падтрымкі з боку заходніх саюзьнікаў Турэччыны ў яе пляне расьсяленьня 2 мільёнаў сырыйцаў.

Высокапастаўлены чыноўнік Дзярждэпартамэнту ЗША назваў гэты плян «магчыма, самай вар’яцкай ідэяй, якую я калі-небудзь чуў».

Асноўныя асьцярогі Захаду палягаюць у тым, што прыток суніцкіх сырыйцаў на пераважна курдзкі паўночны ўсход зьменіць дэмаграфію рэгіёну. Рэгіянальны каардынатар ААН у сырыйскім крызісе заявіў, што ўсе бакі павінны пазьбягаць масавых перасоўваньняў цывільнага насельніцтва, калі Турэччына пачне штурм.

Што гэта значыць для Асада?

Разгляданая тэрыторыя ўжо знаходзіцца па-за кантролем сырыйскага ўраду. Уварваньне Турэччыны можа азначаць зьмену варожых сіл — з Сырыйскіх дэмакратычных сілаў на Турэччыну і паўстанцаў, якія спрабуюць скінуць Асада. Дамаск доўга разглядаў Турэччыну як дзяржаву з акупацыйнымі плянамі на поўначы Сырыі. Час ад часу ён таксама прапаноўваў заключыць угоду з курдамі, але апошнія перамовы ні да чога не прывялі.

Што гэта можа азначаць для Ісламскай дзяржавы

Хаос можа даць Ісламскай дзяржаве магчымасьць адрадзіцца.

Лідэры сырыйскіх курдаў даўно папярэджваюць, што Сырыйскія дэмакратычныя сілы, магчыма, ня змогуць працягваць утрымліваць вязьняў «Ісламскай дзяржавы», калі сытуацыя будзе дэстабілізаваная турэцкім уварваньнем.

Курдзкія сілы ўтрымліваюць 5000 байцоў ІД сырыйскай і ірацкай нацыянальнасьці і яшчэ 1000 іншаземцаў з больш чым 55 іншых дзяржаваў.

А за каго Беларусь?

У грамадзянскай вайне ў Сырыі афіцыйны Менск падтрымлівае прэзыдэнта Сырыі Асада. У той жа час Лукашэнка намагаецца падтрымліваць і добрыя стасункі з Турэччынай, а яе кіраўнік Рэджэп Таіп Эрдаган, якога Лукашэнка называе «братам», нават прыяжджаў зь візытам у Менск у 2016 годзе.

«У Рэспубліцы Беларусь з глыбокай заклапочанасьцю сочаць за ростам напружанасьці на паўночным усходзе Сырыі», паведаміла 10 кастрычніка Міністэрства замежных справаў Беларусі.

«Лічым важным, каб усе бакі дзейнічалі ў рэчышчы супольных дамоўленасьцяў, дасягнутых у межах астанінскага працэсу, і пазьбягалі дзеяньняў, якія могуць прывесьці да эскаляцыі сытуацыі ў гэтым складаным рэгіёне, — піша МЗС. — Заклікаем у экстраным парадку вярнуцца да дыялёгу ў мэтах пошуку палітычных спосабаў урэгуляваньня крызісу пры павазе тэрытарыяльнай цэласнасьці Сырыі, якая ёсьць неад'емным фактарам для паступовага аднаўленьня і разьвіцьця краіны».

Аляксандар Лукашэнка гэтым летам заяўляў прадстаўніку афіцыйных уладаў Сырыі, што Беларусь хоча аднаўляць іхную краіну. Падобную заяву ён рабіў і год таму. Раней Беларусь адсылала ў Сырыю гуманітарную дапамогу: школьную мэблю, дзіцячыя ложкі, вопратку, абутак, заплечнікі для школьнікаў, сшыткі, два самазвалы, аўтобус МАЗ, шмат мэдыкамэнтаў, гімнастычныя абручы.

Сьцьвярджаецца, што на баку расейскіх наймітаў, якія падтрымліваюць рэжым Асада, ваююць прынамсі 11 баевікоў-беларусаў. Але Міністэрства абароны Беларусі абвяргае чуткі аб прысутнасьці ў Сырыі беларускіх вайскоўцаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG