У Каталёніі пачаліся пратэсты пасьля сёньняшняга прысуду лідэрам руху за незалежнасьць. Пратэстоўцы перакрылі шэраг вуліц Барсэлёны, пяць рэгіянальных аўтадарог і чыгунку, блякуюць аэрапорт. Дэманстрацыі адбываюцца і ў шэрагу іншых каталёнскіх гарадоў. У аэрапорце адбыліся сутыкненьні з паліцыяй.
Каго сёньня асудзілі?
Было асуджана амаль ўсё найвышэйшае кіраўніцтва Каталёніі двухгадовай даўніны, акрамя тых палітыкаў, якія зьехалі ў эміграцыю. Былы віцэ-прэзыдэнт каталёнскай аўтаноміі Арыёл Жункерас атрымаў 13 гадоў турмы; былы міністар замежных спраў Каталёніі Рауль Рамэва, прэсавы сакратар каталёнскага ўраду Жорды Турул і міністар працы Далорс Баса — 12 гадоў; былы сьпікер парлямэнту Кармэ Фаркадэл — 11,5 года; яшчэ чатыры палітыкі атрымалі турэмныя прысуды ад 10,5 да 9 гадоў.
Асуджаныя будуць абскарджваць вырак. Паведамляецца, што паводле прысуду судовыя ўлады Каталёніі будуць мець магчымасьць арганізаваць адбыцьцё пакараньня ў гэтак званым «паўадкрытым» рэжыме — каб вязьні толькі начавалі ў турме чатыры разы на тыдзень, ад панядзелка да чацьвярга.
За што прысуд?
Палітыкаў судзілі за арганізацыю рэфэрэндуму аб незалежнасьці Каталёніі ад Гішпаніі. Самае цяжкае абвінавачаньне — удзел у бунце — суд зь іх зьняў, але прызнаў вінаватымі ў падбухторваньне да бунту і злоўжываньні дзяржаўнымі сродкамі.
Які рэфэрэндум?
Рэфэрэндум аб незалежнасьці Каталёніі адбыўся 1 кастрычніка 2017 году. Мадрыд загадзя абвясьціў галасаваньне незаконным, а ў дзень галасаваньня гішпанская паліцыя атакавала шэраг выбарчых участкаў, каб канфіскаваць выбарчыя бюлетэні.
Паводле каталёнскіх уладаў, яўка на рэфэрэндуме склала 43 працэнты ад агульнай колькасьці выбарнікаў. За выхад рэгіёну са складу Гішпаніі выказаліся больш за 90 адсоткаў з тых, хто ўзяў удзел у галасаваньні.
Што атрымалася з рэфэрэндуму?
Празь месяц пасьля рэфрэндуму каталёнскі парлямэнт абвясьціў незалежнасьць. У адказ цэнтральны ўрад у Мадрыдзе распусьціў органы рэгіянальнай улады ў Каталёніі, увёў наўпроставае кіраваньне і прыцягнуў да судовай адказнасьці каталёнскіх палітыкаў, ангажаваных у арганізацыю рэфэрэндуму.
Але на новых выбарах ў Каталёніі ў сьнежні 2017 году зноў зь невялікай перавагай перамаглі прыхільнікі незалежнасьці. Яны сфармавалі ўрад, які кіруе дагэтуль.
Ці шмат каталёнцаў хоча аддзяліцца ад Гішпаніі?
Апытаньні грамадзкай думкі ў рэгіёне рэгулярна паказваюць, што ў гэтым пытаньні людзі падзеленыя прыблізна напалову. Нават адразу пасьля рэфэрэндуму, у кастрычніку 2017 году, калі падтрымка незалежнасьці была рэкордна высокай, яна не дасягала 50 працэнтаў.
Тады, паводле дасьледаваньня Цэнтру вывучэньня грамадзкай думкі, каля 49 працэнтаў адказалі «Так» на пытаньне «Ці хочаце вы, каб Каталёнія стала незалежнай дзяржавай. Амаль 44 працэнты адказалі «Не», а астатнія ня вызначыліся.
Якія аргумэнты ў тых, хто хоча аддзяліцца?
Некаторыя прыхільнікі незалежнасьці гавораць пра эканамічную несправядлівасьць — калі большасьць падаткаў ідуць цэнтральнаму ўраду, які іх разьмяркоўвае па рэгіёнах. У выніку атрымоўваецца, што больш заможная Каталёнія фінансуе бяднейшыя рэгіёны.
Падтрымка незалежнасьці вырасла пасьля 2010 году, калі Канстытуцыйны суд Гішпаніі скасаваў шэраг пунктаў каталёнскага Статуту, які даваў рэгіёну шырэйшую аўтаномію. Незалежнікі кажуць, што Каталёнія мае гістарычнае і палітычнае права на самавызначэньне, хоць гэта і не прадугледжана канстытуцыяй Гішпаніі.
Ці была Каталёнія незалежнай ад Мадрыду?
Каталёнія лічыцца спадкаемцам сярэднявечнага каралеўства Арагон на ўсходнім узьбярэжжы Пірэнэйскага паўвострава. У 1516 годзе Арагон быў аб’яднаны з Кастыліяй у каралеўства Гішпанія. Цалкам палітычную і юрыдычную незалежнасьць Каталёнія страціла ў 1714 годзе.
Каталёнія спрабавала аднавіць сваю незалежнасьць у 1871 годзе, потым — у 1930-я. Аднак, пасьля таго як Франка перамог у грамадзянскай вайне, Каталёнія засталася ў складзе Гішпаніі. У дыктатарскай Гішпаніі супраць каталёнцаў чынілі рэпрэсіі, у тым ліку ўціскалі каталянскую мову, што спрыяла папулярызацыі каталёнскага сэпаратызму.
У 1979 годзе, праз чатыры гады пасьля сьмерці Франка, Каталёнія атрымала ў складзе Гішпаніі аўтаномію. З таго часу аўтаномны рэгіён мае свой урад, каталёнская мова прызнаная і мае статус афіцыйнай.