Міністар унутраных спраў Баварыі лічыць, што ультраправая партыя «Альтэрнатыва для Нямеччыны» («AfD») часткова адказная за ўчорашнія падзеі ў Гальле.
Ёхім Герман усклаў частковую адказнасьць за напад на сынагогу ў Гальле на самую вялікую правапапулісцкую партыю Нямеччыны. Пры гэтым ён назваў пэўных яе прадстаўнікоў духоўнымі падбухторшчыкамі экстрэмістаў. Пра гэта Герман заявіў 10 кастрычніка ў эфіры радыёстанцыі «Bayerishcher rundfunk».
«Па-першае, гэта жудасныя злачынцы, і ад іх мы павінны абараняцца. Па-другое, гэта таксама духоўныя падбухторшчыкі, і тут апошнім часам <...> кідаліся ў вочы некаторыя з прадстаўнікоў АfD», — падзяліўся думкай Ёхім Герман. Падчас размовы ён згадаў імя аднаго з лідэраў «Альтэрнатывы для Нямеччыны» ў Цюрынгыі — Б’ёрна Хокэ.
Сёлета ўзімку Б’ёрн Хокэ назваў мэмарыял ахвярам Галакосту ў Бэрліне «помнікам ганьбы».
«Хокэ — адзін з духоўных падбухторшчыкаў, калі гаворка заходзіць аб тым, што антысэмітызм зноў усё больш распаўсюджваецца ў нашай краіне», — лічыць кіраўнік МУС Баварыі.
«Мы павінны зараз весьці пасьлядоўныя палітычныя дыскусіі пра гэта», — падкрэсьліў Герман. Міністар таксама заявіў пра намер правесьці праверку бясьпекі габрэйскіх абʼектаў у Баварыі, у тым ліку і сынагог.
9 кастрычніка каля сынагогі і турэцкага бістро ў Гальле, што знаходзіцца ў фэдэральнай зямлі Саксонія-Ангальт, адбылася страляніна. У выніку загінулі дзьве асобы.
Напад адбыўся ў Ём Кіпур (Судны дзень) — дзень посту, пакаяньня і адпушчэньня грахоў у юдаізьме. Паліцыя затрымала падазраванага — грамадзяніна ФРГ Штэфана Б.
Па дадзеных сьледзтва, ён спрабаваў трапіць у сынагогу ў Гальле, дзе на той момант знаходзіліся больш за 50 чалавек, але ў яго гэта не атрымалася, бо дзьверы забарыкадавалі знутры. Пасьля няўдалай спробы Штэфан Б. расстраляў выпадковых мінакоў і абстраляў турэцкае бістро. Свае дзеяньня падазраваны здымаў на камэру, прымацаваную да шлема, і вёў прамую трансьляцыю праз стрымінгавы сэрвіс Twitch.