Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аўтапарк па-дыктатарску. У Швайцарыі распрадаюць машыны сына кіраўніка Экватарыяльнай Гвінэі. ФОТА


Ferrari LaFerrari (2015) і Bugatti Veyron EB 16.4 Coupe (2010) перад аўкцыёнам
Ferrari LaFerrari (2015) і Bugatti Veyron EB 16.4 Coupe (2010) перад аўкцыёнам

На аўкцыён Bonhams у Швайцарыі маюць выставіць 25 аўто, канфіскаваных у Тэадора Нгема Аб’янг Манге​, больш вядомага як Тэадарына — віцэ-прэзыдэнта Экватарыяльнай Гвінэі, сына кіраўніка дзяржавы і ягонага магчымага наступніка, піша Reuters.

Калекцыю папярэдне ацэньваюць у 18,5 млн швайцарскіх франкаў або 18,7 млн даляраў. Выручаныя грошы абяцаюць накіраваць на фінансаваньне сацыяльных праграмаў у Экватарыяльнай Гвінэі.

Машыны былі канфіскаваныя пасьля таго, як у 2016 годзе швайцарцы пачалі справу аб фінансавых махінацыях Нгемы. У лютым 2019 году пракуратура вырашыла зьняць абвінавачаньні зь яго ў абмен на канфіскацыю аўто.

У калекцыі люксавых аўто ёсьць Lamborghini Veneno Roadster, які быў выпушчаны ў дзевяці экзэмплярах і ацэньваецца ў больш як 5 млн даляраў. Таксама на продаж выставяць яшчэ два Lamborghini, сем Ferrari, пяць Bentley і іншыя машыны.

Koenigsegg One:1 (2015)
Koenigsegg One:1 (2015)
Ferrari Enzo (2003)
Ferrari Enzo (2003)
Lamborghini Veneno Roadster (2014)
Lamborghini Veneno Roadster (2014)

Бацька ўладальнікаў аўто кіруе Экватарыяльнай Гвінэяй з 1979 году, прыйшоў да ўлады ў выніку ваеннага перавароту, зрынуўшы ранейшага дыктатара — свайго дзядзьку.

У краіне пастаянна парушаюцца правы чалавека, распаўсюджваецца культ асобы кіраўніка дзяржавы, ягоныя родзічы займаюць найвышэйшыя дзяржаўныя пасады. Лічыцца адным з найбагацейшых кіраўнікоў дзяржаваў, хоць сама краіна далёка не багатая — на ўзроўні Беларусі (паводле валавага ўнутранага прадукту па парытэце пакупніцкай здольнасьці на душу насельніцтва). А паводле індэксу разьвіцьця чалавечага патэнцыялу Экватарыяльная Гвінэя бліжэй да найгоршых у сьвеце — на 141 месцы са 189.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG