Міністэрства замежных спраў Беларусі адказала на пытаньні карыстальнікаў фэйсбуку наконт спрашчэньня візавага рэжыму з Эўрапейскім Зьвязам.
Пра што ідзе гаворка?
Аляксандар Лукашэнка прыняў рашэньне падпісаць пагадненьні аб спрашчэньні візавага рэжыму з Эўразьвязам.
Плюсы для беларусаў:
- Меншы кошт візы (лічба пакуль не агучваецца, раней казалі пра 35 эўра);
- Прыняцьце рашэньня аб выдачы візы цягам ня больш як 10 дзён;
- Візы будуць выдаваць консульскія ўстановы альбо візавыя цэнтры краін Эўразьвязу.
Чаму гэта важна?
Рада Эўразьвязу 6 чэрвеня прыняла зьмены ў Візавы кодэкс, паводле якіх консульскі збор павялічыцца з 60 да 80 эўра. Памер візавага збору можа быць зьніжаны, калі Эўразьвяз і Беларусь спросьцяць візавы рэжым, заключыўшы да таго ж пагадненьне аб рэадмісіі.
Калі можна будзе атрымаць візу ў спрошчаным рэжыме?
Дакладнай даты МЗС не назваў, аднак пагадненьні набудуць моц у першы дзень другога месяца пасьля даты, калі бакі паведамяць адзін аднаму пра ратыфікацыю дакумэнтаў Нацыянальным Сходам і Эўрапарлямэнтам. Невядома, ці стане візавы рэжым прасьцейшы для беларусаў да лютага 2020 году, калі набудзе моц новы Візавы кодэкс Эўразьвязу.
Ці патаньнеюць паслугі візавых цэнтраў?
У праекце пагадненьня прадугледжана, што сэрвісны збор візавага цэнтру не павінен перавышаць 30 эўра, напісалі ў фэйсбуку МЗС. Цяпер сэрвісныя зборы за перадачу дакумэнтаў на візу ад беларуса да амбасады складаюць 15–20 эўра. Аднак візавыя цэнтры бяруць плату за іншыя паслугі:
- афармленьне дакумэнтаў (запаўненьне анкет, выраб фота, ксэракопіі);
- афармленьне страхавых полісаў;
- дастаўка пашпартоў зь менскіх консульстваў у рэгіёны.
Ці патаньнеюць беларускія візы для грамадзян Эўразьвязу?
Так, кошт беларускай візы для грамадзян Эўрапейскага Зьвязу зьменшыцца да 35 эўра. Таксама будзе павялічаны пералік падставаў для атрыманьня бясплатных візаў. Акрамя таго, тэрмін знаходжаньня павялічаць у два разы — з 90 да 180 дзён.