Лінкі ўнівэрсальнага доступу

10 нечаканых фактаў пра Менск


Верхні горад. Ілюстрацыя Віктара Сташчанюка
Верхні горад. Ілюстрацыя Віктара Сташчанюка

Як патлумачыць яго назву, колькі галасоў не хапіла для перайменаваньня сталіцы ў 1991-м, у чым Менск апярэджвае Лёндан і іншыя цікавосткі беларускай сталіцы. 10 фактаў

1. «Менск» — ад Менкі, малой рачулкі?

Агульнапрынятая вэрсія паходжаньня назвы гораду — ад назвы ракі Менкі (па іншых крыніцах — Мені), прытоку Пцічы. Пры гэтым мала хто ведае, адкуль пайшла назва ракі. Гідронім для Беларусі рэдкі і мае індаэўрапейскі корань «мен» — ‘малы, слабы’. У сучаснай літоўскай мове ёсьць прыметнік menka, які можна перакласьці як «малая», «дробная», а старажытныя балты маглі назваць рэчку ‘слабая, неглыбокая’ (плынь).

2. Са старажытнага Менску паходзіла каралева Даніі

Гаворка пра Сафію Менскую (Валадараўну). 23 кастрычніка 1157 году менская князёўна ўзяла шлюб з дацкім каралём Вальдэмарам І. Усходнеславянскія крыніцы пра шлюб ня згадваюць, але паведамленьні пра гэта ёсьць адразу ў некалькіх заходнеэўрапейскіх летапісах.

Прыкладна ў той самы час у Менску пачалі будаваць хрысьціянскі храм, рэшткі якога знайшлі савецкія археолягі ў 1949 годзе (цяпер ягоныя падмуркі закансэрваваныя каля Дому фізкультуры таварыства «Працоўныя рэзэрвы»). Ён моцна адрозьніваецца ад тых, якія будавалі ў Полацку і Горадні, і больш нагадвае заходнеэўрапейскія храмы таго пэрыяду.

Менск 1820-ых гадоў
Менск 1820-ых гадоў

​3. Назва «Юбілейная плошча» ўзьнікла яшчэ ў 19 стагодзьдзі дзякуючы менскім каталікам

Здарылася гэта ў 1826 годзе, калі мясцовыя каталікі на тагачасным ускрайку Менску паставілі знак у гонар 1500-годдзя Нікейскага сабору (325 г.). А ваколіцы гэтага юбілейнага помніка пачалі называць Юбілейнай плошчай. Цяпер замест памятнага для хрысьціян знака стаіць сучасны кінатэатар «Беларусь», навокал няма ніводнага старога будынка, але месца назву захавала, нягледзячы на дзесяцігодзьдзі атэістычнай савецкай улады.

4. Менск ледзьве не перайменавалі ў 1991 годзе (а таксама падчас нямецкай акупацыі)

У 1991 годзе на хвалі дэмакратызацыі і вяртаньня да каранёў Менскі гарадзкі савет дэпутатаў накіраваў у Вярхоўны савет просьбу перайменаваць Мінск у Менск. Прапанову разгледзелі на паседжаньні парлямэнту, і да перайменаваньня не хапіла ўсяго 31 голасу — «за» прагаласавалі 142 дэпутаты, а трэба было 173.

Так Менск афіцыйна застаўся «Мінскам». Назва гэтая, дарэчы, упершыню сустракаецца ў лацінскамоўных крыніцах 16 стагодзьдзя. Зь іх яна трапіла спачатку ў польскую мову, а адтуль — у расейскую.

«Менск» ненадоўга вярнуўся на пачатку 20-х, а апошні раз у афіцыйных дакумэнтах беларускую сталіцу так называлі 29 ліпеня 1939 году.

Яшчэ быў цікавы эпізод зь перайменаваньнем Менску падчас нямецкай акупацыі. Новая адміністрацыя мела пляны адбудаваць разбураную сталіцу за 15 кілямэтраў ад тагачаснага Менску і назваць яе на скандынаўскі манер — Асгард. Вільгельм Кубэ ўхваліў намер, але на тым усё і спынілася.

5. Менск стаіць значна вышэй за ўсе суседнія сталіцы

Яго самы высокі пункт знаходзіцца на вышыні 283 мэтраў (дом № 8 па вуліцы Ляшчынскага). Самы нізкі пункт беларускай сталіцы — у Чыжоўцы на вадасховішчы: 181,4 мэтра над узроўнем мора.

Пры гэтым Менск разьмешчаны вышэй за Маскву (на 80 мэтраў), Кіеў (на 90 мэтраў), Вільню (на 110 мэтраў) і Варшаву (на 117 мэтраў).

6. Менск — сярод эўрапейскіх лідэраў па росьце колькасьці жыхароў

Падчас вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654–1667) Менск быў разбураны і моцна абязьлюдзеў. У будучай сталіцы Беларусі засталося толькі 300 цэлых будынкаў і прыкладна 2000 жыхароў — столькі ж, колькі было на час першай згадкі ў летапісе ў 1067 годзе.

Да пачатку 19 стагодзьдзя ў горадзе жылі ўсяго 7000 чалавек. У Вільні, напрыклад, у той жа пэрыяд было каля 50 тысяч жыхароў. Пасьля Другой сусьветнай вайны ў горадзе засталося толькі 44 тысячы. У 2019 годзе — прыкладна 2 мільёны, і колькасьць працягвае павялічвацца.

Сталіца Беларусі ўваходзіць у дзясятку самых буйных сталіц кантынэнту. А па прыросьце насельніцтва яна на шостым месцы.

7. Цэнтральныя ўлады СССР доўга не хацелі даваць Менску званьне гораду-героя

Горадам-героем Менск стаў толькі праз 29 гадоў пасьля заканчэньня Другой сусьветнай вайны. Такім чынам у Крамлі адзначылі заслугі менскіх падпольшчыкаў.

Агулам званьнем гораду-героя былі «ўзнагароджаныя» 12 гарадоў СССР. Першымі гарадамі-героямі сталі Ленінград, Сталінград, Севастопаль і Адэса (усе 8 траўня 1965 году), апошнім — Смаленск (6 траўня 1985 году). Згодна з палажэньнем аб званьні «Горад-герой» у Менску павінны былі пабудаваць абэліск у гонар перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Але такі абэліск у тагачаснай сталіцы БССР ужо існаваў — на колішняй Круглай плошчы, якая цяпер мае назву плошча Перамогі.

Рэканструкцыя плошчы Перамогі ў Менску, жнівень 2019
Рэканструкцыя плошчы Перамогі ў Менску, жнівень 2019

8. Туманоў у Менску больш, чым у Лёндане

У Менску туманы здараюцца часьцей, чым у Лёндане. У сярэднім за год у сталіцы Беларусі бывае 67 дзён з туманамі. У Лёндане, «туманны антураж» якога вядомы на ўвесь сьвет, іх у сярэднім усяго 45. Часьцей за ўсё туманы ў Менску здараюцца восеньню і зімой, самы туманны месяц году — лістапад.

Менская ратуша ў тумане
Менская ратуша ў тумане

9. Найбліжэйшы да Менску буйны горад — Вільня

Гаворка ідзе пра гарады з насельніцтвам больш за 200 тысяч чалавек, альбо абласныя цэнтры. Па блізкасьці да Менску зь Вільняй (183 км) можа паспрачацца толькі Магілёў (200 км). Іншыя абласныя цэнтры Беларусі яшчэ далей ад сталіцы. Пры гэтым мяжа паміж Менскам і Вільняй узьнікла толькі ў ХХ стагодзьдзі, раней яе ніколі не існавала.

Акрамя Менску і Вільні такой (і нават большай) блізкасьцю могуць пахваліцца толькі дзьве эўрапейскія сталіцы — Вена і Браціслава. Паміж імі ўсяго 80 кілямэтраў.

10. Дзень гораду ў Менску пачалі сьвяткаваць у 1722 годзе

Нагоду для гэтай традыцыі падаў менскі ваявода Крыштаф Завіша, які ў 1700 годзе быў у Рыме і прывёз адтуль частку мошчаў сьвятога Фэліцыяна. Іх адразу зьмясьцілі ў тагачасным езуіцкім касьцёле (сучасны Катэдральны, што на плошчы Свабоды), і сам касьцёл так і стаў называцца касьцёлам Сьвятога Фэліцыяна. Фэліцыянскай сталі называць і вуліцу, якая вяла ад касьцёла на поўдзень (сучасная Камсамольская).

Сьвяты Фэліцыян фактычна стаў апекуном Менску, як сьвяты Крыштап — Вільні. А 6 лютага гараджане пачалі сьвяткаваць як Дзень гораду — у гэты дзень у будучай сталіцы Беларусі ладзіліся кірмашы, гуляньні і забавы. Пры гэтым постаць Фэліцыяна была прымальная як для каталікоў, так і для праваслаўных — яго кананізавалі яшчэ да расколу хрысьціянства.

Упершыню апублікавана 8 верасьня 2017 года

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG