Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сяргей Лазьніца: Трэба раз і назаўсёды пахаваць Сталіна


Кадр з фільму Сяргея Лазьніцы «Дзяржаўнае пахаваньне».
Кадр з фільму Сяргея Лазьніцы «Дзяржаўнае пахаваньне».

Чаму тэлеканал «Настоящее время» падтрымаў фільм Сяргея Лазьніцы «Дзяржаўнае пахаваньне», сусьветная прэм’ера якога адбылася 6 верасьня на Вэнэцыянскім кінафэстывалі. Як «Настоящее время» стаў адным з найбуйнейшых трансьлятараў незалежнага дакумэнтальнага кіно на расейскай мове? Якія фільмы пра Беларусь стварае і прапаноўвае тэлеканал? Распавядае праграмны дырэктар «Настоящего времени» Кенан Аліеў, які толькі вярнуўся з міжнароднага кінафэстывалю ў Вэнэцыі.

Сьцісла

  • Дзень пахаваньня Сталіна здымалі на 200 камэр ня толькі ў Маскве, але і па ўсёй краіне, у тым ліку і ў Беларусі.
  • Любому дыктатару, які цяпер ва ўладзе, я б параіў паглядзець гэты фільм, каб яны зразумелі, што нічога ня вечна.
  • Цяпер «Настоящее время» працуе над праектам «Невядомая Беларусь».


Лазьніца: «Трэба іх пахаваць раз і назаўсёды»

Кенан Аліеў
Кенан Аліеў

— Летась у лістападзе мы сустрэліся зь ім у Амстэрдаме ў рамках IDFA, аднаго з найбуйнейшых фэстываляў дакумэнтальнага кіно ў сьвеце. Лазьніца сказаў, што зьбіраецца здымаць фільм пра пахаваньні савецкіх лідэраў. «Кенан, трэба іх пахаваць раз і назаўсёды» — сказаў Сяргей. Мы адразу зацікавіліся. Было прыемна, што Лазьніца хоча працаваць з «Настоящим временем». Ён спасылаўся на наш досьвед працы зь вядомым расейскім рэжысэрам Віталём Манскім, які ў той час працаваў над фільмам «Свидетели Путина», таксама падтрыманым «Настоящим временем». І мы вырашылі падтрымаць ідэю Лазьніцы.

Дзень пахаваньня Сталіна здымалі на 200 камэр ня толькі ў Маскве, але і па ўсёй краіне. Было каля 200 каробак са стужкамі. Лазьніца вельмі добра працуе з архіўнымі здымкамі і вырашыў атрымаць доступ да гэтага архіву. У выніку ідэя фільма зьмянілася, ён вырашыў спыніцца толькі на адным пахаваньні Сталіна. «Настоящее время» падтрымала рэжысэра ў набыцьці архіваў, што было галоўнай часткай, бо фільм цалкам заснаваны на архіўных кадрах. Гэта чорна-белая і каляровая стужка. Фільм вельмі цяжкі, яго немагчыма глядзець без эмоцый, асабліва калі нарадзіўся ў Савецкім Саюзе. Заходні глядач, магчыма, глядзіць іншымі вачыма, але людзей, якія жылі пад гэтай тыраніяй, гэтае кіно шакуе.

Беларуская частка «Дзяржаўнага пахаваньня»

— Ты сапраўды адчуваеш, што знаходзісься на пахаваньні, у гэтай бясконцая чарзе. У фільме ёсьць і частка з Беларусі, як у Менску людзі разьвітваліся са Сталіным, як сабраліся вакол помніку, ускладалі кветкі і плакалі. Таксама была бясконцая чарга...

Там ёсьць кадры з Азэрбайджану, з іншых рэспублік і рэгіёнаў, паколькі савецкая прапаганда вырашыла ўсё задакумэнтаваць, каб паказаць, як народ разьвітваўся са Сталіным. Вельмі шмат цікавых дэталяў, пра якія мы ня ведалі. Гэта ўнікальнае кіно, як і ўсе астатнія фільмы Лазьніцы.

Адбылася прэмʼера на Вэнэцыянскім кінафэстывалі. Фільм быў уключаны ў праграму фэстывалю, але быў па-за конкурсам. Упершыню «Настоящее время» прадстаўляла кіно на такім прэстыжным кінафэстывалі. Быў аншляг, авацыі пасьля фільму. Вэнэцыя любіць Лазьніцу. Гэта быў ужо чацьверты ягоны паказ там. А для «Настоящего времени» гэта вялікі крок у бок разьвіцьця, бо мы падтрымліваем незалежнае кіно, незалежных рэжысэраў.

Цяпер фільм пачынае фэстывальнае жыцьцё. Наступны паказ адбудзецца на фэстывалі ў Таронта, потым у Нью-Ёрку. Больш за 30 фэстываляў ужо запрасілі гэты фільм. У нейкі момант мы пакажам гэты фільм на тэлеканале «Настоящее время». Фільм пра пахаваньне Сталіна ўжо атрымаў добрыя рэцэнзіі крытыкаў, пра яго пішуць як пра новы шэдэўр сусьветнага кіно.

«Гэта фільм насамрэч не пра пахаваньне Сталіна, а пра тое, ва што тыранія ператварыла людзей»

Кадр з фільму Сяргея Лазьніцы
Кадр з фільму Сяргея Лазьніцы


— Я нарадзіўся ў СССР праз 19 гадоў пасьля сьмерці Сталіна, і на мяне кіно зрабіла вялізарнае ўражаньне. Гэта вельмі важны фільм асабліва цяпер, калі мы бачым рэнэсанс культу Сталіна ў Расеі, іншых краінах былога ССР і ўвогуле ў сьвеце. Мы назіраем парад таталітарных лідэраў. Я запытаўся ў Лазьніцы, чаму фільм для яго важны, і ён адказаў: «Трэба раз і назаўсёды пахаваць Сталіна».

У фільме няма ніякіх дыялёгаў. Фільм — гэта проста кроніка таго, як людзі разьвітваліся са Сталіным. Любому дыктатару, які цяпер ва ўладзе, я б параіў паглядзець гэты фільм, каб яны зразумелі, што нічога ня вечна і граць з лёсамі людзей небясьпечна. Берыя, які ў фільме гаворыць узьнёслыя словы пра Сталіна, праз 5-6 месяцаў у тым жа годзе быў расстраляны. Гэта фільм насамрэч не пра Сталіна і не пра яго пахаваньне, а пра тое, ва што рэжым, сыстэма, тыранія ператварыла людзей.

«Невядомая Беларусь» на «Настоящем времени»

— «Настоящее время» ужо падтрымала больш за 20 дакумэнтальных фільмаў, якія былі прадстаўленыя на розных фэстывалях. Цяпер гэта адзін з найбуйнейшых трансьлятараў дакумэнтальнага кіно на расейскай мове ў сьвеце. Мы пакупаем больш за 100 фільмаў і падтрымліваем больш за 10-15 фільмаў розных рэжысэраў у год. У нас ёсьць ідэі, зьвязаныя зь Беларусьсю. Бліжэйшым часам нашыя гледачы пабачаць фільм Вольгі Абрамчык «Трэнэр». 20 верасьня ён будзе прадстаўлены ў Сараева на фэстывалі дакумэнтальнага кіно «Аль джазіра». Мы спадзяемся на перамогу.

Мы супрацоўнічаем з беларускімі рэжысэрамі, падтрымліваем фэстываль дакумэнтальнага кіно «Паўночнае зьзяньне», які арганізоўвае Вольга Чайкоўская. Некалькі фільмаў беларускіх аўтараў ужо выйшлі на нашым канале. Цяпер мы працуем над праектам «Невядомая Беларусь». Пакуль ён у вытворчасьці і рана яшчэ раскрываць дэталі.

Яшчэ на гэтую тэму

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG