Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Куды пісаць беларусу? Зьявіўся рэйтынг мэсэнджараў у краіне


Дасьледчая кампанія #DB3 на замову Baltic Internet Policy Initiative правяла дасьледаваньне таго, якімі мэсэнджарамі карыстаюцца беларусы. Вынікі апублікаваныя на Infopolicy.biz.

У апытаньні ўзялі ўдзел 662 чалавекі ва ўзросьце ад 15 да 74 гадоў з усіх абласьцей Беларусі. Выйшла, што:

  • беларуска-ізраільскім мэсэнджарам Viber, якім валодаюць японцы, карыстаюцца 70% апытаных;
  • Skype — 38%;
  • WhatsApp — 23%;
  • Telegram — 23%;
  • Facebook Messenger — 17%;
  • Google Hangouts — 5%;
  • iMessage — 1%
  • ICQ — 1%;
  • Signal — 0,8%;
  • іншымі мэсэнджарамі — 3%;
  • не карыстаюцца ніякімі мэсэнджарамі 10%.

У мужчын і жанчын выйшла прыблізна аднолькавае разьмеркаваньне папулярнасьці мэсэнджараў, але Viber выявіўся найпапулярнейшым у жанчын з большым адрывам (73% супраць 66% у мужчын), а WhatsApp саступіў Telegram сярод мужчын (21% супраць 23%), але перамог сярод жанчын (30% супраць 23%).

Разьмеркаваньне па абласьцях паказала, што Viber найменш папулярны ў Гомельскай вобласьці (толькі 53%), Telegram — у Віцебскай (толькі 6%), Facebook Messenger — у Магілёўскай (таксама 6%). Затое найбольшую папулярнасьць Viber мае ў Менскай вобласьці (76%), там жа найбольш карыстаюцца Telegram (30%), а WhatsApp надзвычай папулярны на Магілёўшчыне (41%).

Сярод маладзейшых (ва ўзросьце 15–24 гадоў) больш за палову карыстаюцца Telegram, амаль палова старэйшых (55–74) валодае Skype.

А ВК і ОК?

Дасьледаваньне ня тычылася «ЎКантакце» і «Аднаклясьнікаў» — папулярных расейскіх сацсетак, якія фармальна не зьяўляюцца мэсэнджэрамі і ня маюць уласных асобных праграмаў для перапіскі (у адрозьненьне ад Facebook). Але і праз ВК і ОК можна весьці перапіску, у тым ліку праз «стандартныя» мабільныя праграмы.

Паводле дасьледаваньня Інстытуту сацыялёгіі Акадэміі навук Беларусі, «ЎКантакце» — самая папулярная сацсетка ў Беларусі. На канец 2018 году ёй карысталіся больш за 43%. «Аднаклясьнікі» адстаюць зусім крыху — туды заходзілі 36,6%. Instagram і Facebook тады значна адставалі — імі карысталіся адпаведна 27,8% і 15,3%.

У ВК варта шукаць моладзь — сярод людзей ва ўзросьце 16–29 гадоў ВК карыстаюцца 82,5%. У ОК жа сядзяць старэйшыя — ва ўзросьце 30–49 гадоў ОК карыстаюцца 51,8%.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG