Кампанія Google абвясьціла аб закрыцьці сваёй сацыяльнай сеткі, бо «ёсьць значныя выклікі ў распрацоўцы і падтрымцы Google Plus як пасьпяховага прадукту і задавальненьня чаканьняў карыстальнікаў».
Агляд праекту «пацьвердзіў тое, што даўно ведалі»: сацсеткай мала карыстаюцца. Больш як 90% карыстальнікаў праводзілі там менш за 5 сэкундаў за візыт. Пры гэтым акаўнт у Google+ аўтаматычна ствараўся для любога, хто рэгістраваўся на пошце Google (або, напрыклад, рэгістраваўся на Youtube — для гэтага таксама трэба пошта Google).
Працэс закрыцьця сацсеткі мае заняць 10 месяцаў — канчатковае спыненьне працы заплянавалі на наступны жнівень. У гэты час карыстальнікам абяцаюць паведамляць, як захаваць іхныя зьвесткі. Надалей сацсетка будзе працаваць толькі для карпаратыўных карыстальнікаў, а для звычайных стане недасяжнай.
Справа ня толькі ў непапулярнасьці. Google выкрыла праблему з кодам, якая ставіла пад пагрозу зьвесткі 500 тысяч акаўнтаў. Амаль пяць соцень праграмаў карысталіся кодам зь «дзіркай». Але Google падкрэсьлівае, што няма сьведчаньняў аб тым, каб нехта карыстаўся «дзіркай» у абароне і выкрадаў зьвесткі карыстальнікаў.
Паведамленьне аб закрыцьці Google+ зьявілася ў той жа дзень, калі Wall Street Journal выдаў расьсьледаваньне аб патэнцыйнай уцечцы зьвестак карыстальнікаў — але і журналісты падкрэсьлівалі, што ў кампаніі няма зьвестак аб тым, што нехта скарыстаўся магчымасьцю нешта скрасьці. Часопіс сьцьвярджае, што закрыцьцё сацсеткі было адказам на выкрыцьце «дзіркі».
На піку папулярнасьці сацсетка мела тры сотні мільёнаў актыўных карыстальнікаў (праўда, яны былі актыўнымі толькі тры хвіліны на месяц — непараўнальна з гадзінамі, праведзенымі на Facebook), пры тым што сэрвісамі Google карыстаюцца больш як 2 мільярды чалавек. Google раней ужо спрабавала запусьціць сацсеткі Google Buzz, Google Friend Connect, Orkut і Google Wave.
Google па-ранейшаму мае сэрвісы для перапіскі, аўдыё- і відэасувязі (GMail, Hangouts, Allo і Duo), для захоўваньня файлаў, фота і відэа (Drive, Photos і Youtube). Пасьля абвесткі аб закрыцьці Google Plus акцыі карпарацыі Alphabet упалі толькі на 1%.