Расейскі касьмічны карабель «Саюз МС-14» раніцай 27 жніўня здолелі прыстыкаваць да Міжнароднай касьмічнай станцыі (МКС), піша «Інтэрфакс». Першая спроба была няўдалай.
У часе першай спробы аўтаматычнага стыканьня 24 жніўня не ўдалося стабілізаваць карабель і пачаць збліжэньне са станцыяй. «Саюз» застаўся за 100 мэтраў ад МКС.
Цяпер стыканьне прайшло нармальна, у аўтаматычным рэжыме. Карабель прыстыкавалі на вузел, дзе раней стаяў іншы карабель «Саюз МС-13» — той спэцыяльна перастыкавалі да іншага модулю.
«Саюз МС-14» — першы больш як за 30 гадоў пілятаваны карабель расейскай вытворчасьці, адпраўлены на арбіту без экіпажу. На борце знаходзяцца груз і робат Фёдар. Расейскі чалавекападобны робат ляціць у космас упершыню. Але ягоны амэрыканскі «калега», чалавекападобны Robonaut 2, ужо быў на МКС у 2011 годзе.
Пачаткова плянавалася, што робат мае прабыць на МКС 17 дзён. Ягоныя асноўныя задачы — перадача ў Цэнтральнае ўпраўленьне палётамі тэлемэтрычных зьвестак аб працы ракеты-носьбіта, бартавых сыстэмаў карабля, вызначэньне парамэтраў бясьпекі палёту, у тым ліку перагрузак, а таксама экспэрымэнты ў рэжыме капіяваньня дзеяньняў чалавека, карысных на вонкавым борце МКС.