Нацыянальнае касьмічнае агенцтва ЗША NASA расьсьледуе інцыдэнт, які можа стацца першым злачынствам, зьдзейсьненым у космасе: узлом чужога банкаўскага рахунку з борту МКС.
Амэрыканская астранаўтка Эн МакЛэйн прызнае, што, знаходзячыся ў палёце, бязь ведама сваёй аднаполай жонкі, зь якой яна афармляла развод, зайшла на яе банкаўскі рахунак. Пры гэтым яна ня лічыць, што зьдзейсьніла правапарушэньне, паведамляе New York Times.
Былая жонка астранаўткі — Самэр Уорд — падала скаргу на несанкцыянаваны доступ і выкраданьне асабістых дадзеных у Фэдэральную гандлёвую камісію ЗША, а таксама генэральнаму інспэктару NASA.
МакЛэйн вярнулася з космасу ў чэрвені сёлета. Праз свайго адваката яна распавяла NYT, што проста хацела пераканацца, што сямейны бюджэт у парадку і грошай хапае на аплату рахункаў і на клопат пра сына, якога пара гадавала разам.
Паводле пагадненьня краін, якія супольна валодаюць Міжнароднай касьмічнай станцыяй — ЗША, Расеі, Японіі, Канады, а таксама Эўрапейскага касьмічнага агенцтва — на чалавека, які знаходзіцца ў космасе, распаўсюджваюцца законы ягонай краіны.