Лінкі ўнівэрсальнага доступу

І Лукашэнку, і Пуціну трэба праваахоўныя органы, якія палохаюць — расейская праваабаронца


Аляксандар Лукашэнка выступае на нарадзе з кіраўнікамі праваахоўных органаў, 20 жніўня 2019
Аляксандар Лукашэнка выступае на нарадзе з кіраўнікамі праваахоўных органаў, 20 жніўня 2019

На гэтым тыдні Аляксандар Лукашэнка зладзіў разнос кіраўнікам сілавых ведамстваў — за фальсыфікацыю крымінальных справаў, за празьмернае выкарыстаньне сілы, за зацягваньне тэрмінаў сьледзтва, за «палачную» сыстэму. Ён пры гэтым гаварыў не пра асобныя выпадкі, асобныя злоўжываньні, а пра сыстэму, якая склалася.

Што з гэта датычыцца расейскай правааахоўнай сыстэмы? Якая з гэтага шэрагу бедаў у Расеі самая вострая? Пра гэта мы спыталіся кіраўніцу расейскай праваабарончай арганізацыі «Русь сидящая» Вольгу Раманаву.

Сьцісла:

  • Прамова Лукашэнкі выглядае як заяўка на ўступленьне ў Раду Эўропы
  • Усе беды, пералічаныя Лукашэнкам, ёсьць і ў Расеі, акрамя адной
  • У Расеі адбіцца не атрымліваецца амаль нікому, Іван Галуноў — гэта адно з нешматлікіх выключэньняў
  • Лукашэнка хутчэй старшыня калгасу, чым цар
  • І Лукашэнку, і Пуціну патрэбныя жахлівыя турмы
  • Праз пару месяцаў у Беларусі ўсё ўвойдзе «ў норму»
Вольга Раманава
Вольга Раманава

— Я ўражаная прамовай беларускага прэзыдэнта. Я мяркую, што яна зьвязаная з хуткімі парлямэнцкімі выбарамі. Гэта выглядае як заяўка на ўступленьне ў Раду Эўропы. Беларусь да апошняга часу нікуды асабліва не імкнулася. Але цяпер Лукашанка выглядае асьвечаным лідэрам у параўнаньні з Пуціным.

Усе беды, пералічаныя Лукашэнкам, ёсьць і ў Расеі, акрамя адной. Лукашэнка казаў, што прыяжджаюць дадому да судзьдзяў і робяць на іх ціск. У Расеі гэтага рабіць абсалютна ня трэба, бо ў Расеі суд ператварыўся ў канцылярскі прыдатак сьледчага камітэту і пракуратуры. Ціск на суды ў Расеі ня робяць з прычыны поўнага зьнішчэньня гэтага інстытуту.

І тое, што ў Беларусі яшчэ ёсьць судзьдзі, на якіх трэба ціснуць — гэта брава! Вы на крок ці на два наперадзе.

Такая прамова ў Расеі абсалютна немагчымая.

Зь іншага боку, я часта размаўляю з былымі беларускімі палітвязьнямі — Натальляй Радзінай, Ірынай Халіп, Андрэем Саньнікавым, і я ведаю, што допуск адваката ў беларускія СІЗА — справа неабавязковая. Гэта тое, што ў Расеі яшчэ застаецца. Іх з цяжкасьцямі, але пускаюць у СІЗА.

Аднак тое, што ў Беларусі 35 чалавек летась, і 27 сёлета здолелі зь СІЗА адбіцца ад абвінавачваньняў — мяне гэта зьдзіўляе. Ізноў жа брава.
Тое, што гэта ў прынцыпе магчыма — гэта дзіўна.

Мэтады працы ў беларускіх і расейскіх «праваахоўнікаў» вельмі падобныя, я б сказала, што яны аднолькавыя. Але ў Расеі адбіцца не атрымліваецца нікому, Іван Галуноў — гэта адно з нешматлікіх выключэньняў.

У мяне ёсьць адчуваньне, што беларускія сілавікі крыху больш расслабленыя і больш наіўныя, чым іх расейскія калегі.

Калі мы чуем пра карупцыю ў сувязі з расейскімі сілавікамі, мы маем на ўвазе іх уласную карупцыю. Калі Лукашэнка гаворыць пра карупцыю, ён кажа, што сілавікі на пустым месцы ствараюць справы аб карупцыі. Дзіўная краіна.

— У Беларусі ў многіх, хто слухаў гэтую прамову, узьнікла думка — а хто гэтую сыстэму ствараў і ўмацоўваў 25 гадоў? Гэты ж яе выкрывальнік і ствараў. Адносна Расеі — тыя практыкі, пра якія вы гаворыце, якія прыкладна такія ж, як у Беларусі, а можа яшчэ больш змрочныя — гэта Пуцін яе стварыў? Ці яна і пры Ельцыне была прыкладна такой жа? Можа, гэта такі расейскі кантэкст, а не сьвядомая воля Крамля? Ці ўсё ж справа ў Крамлі?

— Тут няма адназначнага адказу. У нас агульнае мінулае і мы ведаем, якім было гэтае мінулае, што такое НКВД, Гулаг, «тройкі», што такое была савецкая міліцыя. І зразумела карані — там. Далей мы разьвіваліся рознымі шляхамі і пайшлі ў розных накірунках. Але агульныя хваробы застаюцца ад нашага мінулага.

Аднак да таго ж зь імі ніхто не спрабуе змагацца. Пэнітэнцыярная сыстэма — што беларуская, што расейская — яна ж жахлівая. Навошта нашым дзяржавам патрэбная жахлівая пэнітэнцыярная сыстэма? Увесь цывілізаваны сьвет рушыць паводле скандынаўскай мадэлі. Але і Лукашэнку, і Пуціну патрэбныя жахлівыя турмы, яны павінныя палохаць, а не перавыхоўваць людзей, якія туды трапляюць.

І тое ж тычыцца праваахоўных органаў. Яны таксама павінныя палохаць.

— Вы ўжо сказалі, што ў Расеі прамова, падобная да гэтай прамовы Лукашэнкі, немагчымая. А чаму? Гэта ж такі прыгожы вобраз — «царь-батюшка», цар — народны заступнік, які можа і акараціць сваіх апрычнікаў. Такі патас выступу Лукашэнкі. А Пуцін так ня можа? Сытуацыя з Галуновым паказала, што прынамсі адносна аднаго чалавека і ў Расеі так можна.

— Вобраз «царя-батюшки» выдатна выкарыстоўваюць і Лукашэнка, і Пуцін, але па-рознаму. У Лукашэнкі іншы жанр. Ён хутчэй старшыня калгасу, а ня цар. І ён на калгасным сходзе з народам, такім жа, як ён сам, размаўляе папросту, па-народнаму. А для цара-Пуціна гэта дробныя матэрыі.

— Вось зладзіў Лукашэнка такі разнос. Многім спадабалася. «Мянтоў» ня надта любяць ні ў Расеі (дзе іх пераіменавалі), ні ў Беларусі. На ваш погляд, гэта можа мець нейкі практычны вынік? Пры тым, што сыстэма ў цэлым не мяняецца. Ці гэта будзе мець пераважна піяр-эфэкт?

— Зразумела, гэта клясычны піяр. Але міліцыянты, зразумела, прадэманструюць рэакцыю «баюся-баюся». Такая рэакцыя — таксама частка правілаў гульні. Ну а праз пару месяцаў усё ўвойдзе «у норму».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG