Кірыл Жываловіч, які валодае 75% акцыяў незалежнага беларускага выданьня «БелГазета», правёў 23 студзеня ў менскім бары «БірШоў» прэс-канфэрэнцыю адносна ранейшага прызначэньня дырэктарам газэты праваабаронцы Андрэя Бандарэнкі.
Па-ранейшаму Кірыл Жываловіч лічыць неправамерным прызначэньне Андрэя Бандарэнкі на пасаду дырэктара, якую раней займаў ён сам. Раней Жываловіч называў гэта «рэйдэрскім захопам» выданьня.
Уладальнік бальшыні акцыяў вырашыў прызначыць новым дырэктарам «БелГазеты» 37-гадовага Юрыя Карэтнікава, лідэра колішняга руху «Правы альянс».
Жываловіч сьцьвярджае, што сход акцыянэраў 2 студзеня, на якім дырэктарам выбралі Бандарэнку, «ня мае прававой асновы»: кажа, патрэбен быў кворум у 30%, а гэтага не дасягнуць без уладальніка 75% акцыяў. Жываловіч заяўляе, што пра сход яму не паведамілі належным чынам (Бандарэнка заяўляў адваротнае), а таксама што сход «праводзіўся ня ў тыя тэрміны, у якія можа праводзіцца».
Таксама Жываловіч заявіў, што гатовы да перамоваў з астатнімі працаўнікамі і ўладальнікамі акцыяў газэты. «Сілавой барацьбы» ня будзе, паабяцаў ён, але кандыдатуру Бандарэнкі ў якасьці дырэктара адмовіўся разглядаць, спаслаўшыся на ягоныя «сумнеўныя рэпутацыю, паводзіны і маральныя прынцыпы».
Ён таксама заявіў, што газэта «паступова ўвайшла ў перадпэнсійны ўзрост»: вымагала замены галоўнага рэдактара, які за 20 гадоў толькі двойчы адпачываў у нядзелю (перад выхадам газэты). Галоўнаму рэдактару, кажа Жываловіч, гэта не падабалася. Фінансавыя праблемы былі, дадае ён, але калі на канец 2015 году запазычанасьць газэты складала прыблізна 1 млрд недэнамінаваных рублёў, то цяпер зьменшылася ўдвая ў эквіваленце. Акрамя таго, Жываловіч заявіў, што і ў апошні год быў на сувязі з рэдакцыяй (Бандарэнка заяўляў адваротнае), і абверг заявы пра тое, што кантракт зь ім быў разарваны ў жніўні.
Карэтнікаў заявіў, што прыйшоў у выданьне як антыкрызісны мэнэджэр, каб газэта «ня стала рупарам Крамля».
Як Бандарэнку прызначылі дырэктарам «БелГазеты»
- Як стала вядома 21 студзеня, незалежнае выданьне «БелГазета» ўзначаліў праваабаронца Андрэй Бандарэнка. Ён запэўніў, што за рэдакцыйную палітыку па-ранейшаму будзе адказваць рэдакцыя, умешвацца ў яе праваабаронца ня будзе, а будзе займацца толькі камэрцыйнымі пытаньнямі, «паставіць газэту на нармальныя эканамічныя рэйкі».
- У той жа дзень былы дырэктар і асноўны (75%) уладальнік выданьня Кірыл Жываловіч напісаў у камэнтарах да гэтай навіны на фэйсбуку журналіста Паўлюка Быкоўскага: «Гэта рэйдэрскі захоп рэдакцыі, адным з выканаўцаў якога ёсьць Бандарэнка. Цяпер працуюць юрысты. Усе падрабязнасьці будуць у сераду».
- Бандарэнка адказаў у камэнтары «Эўрарадыё» на камэнтар Жываловіча: «Ніхто нічога не захопліваў». Паводле Бандарэнкі, Жываловіч «год не зьяўляўся на працы», а «ў сьнежні паўстала пытаньне, што газэта больш ня будзе выходзіць». Зьмена дырэктара была законнай, а «захопліваць прадпрыемства зь вялікімі стратамі — як мінімум бязглузда».
- Сузаснавальнік і ўладальнік чвэрці акцыяў Ігар Высоцкі адмовіўся камэнтаваць Свабодзе сытуацыю вакол газэты — параіў зьвяртацца да Бандарэнкі. «Мне зусім фіялетава, — сказаў Высоцкі. — А пэрсанаж Жываловіч нецікавы зусім. Ні зь якіх пазыцыяў. Яго няма, ён нуль! Тэлефануйце Бандарэнку».
- У эфіры «Эўрарадыё» 22 студзеня Бандарэнка сказаў, што яго выбралі дырэктарам на сходзе акцыянэраў. На сходзе не было Жываловіча, які валодае 75% акцыяў — Бандарэнка кажа, гэта законна. Ён сьцьвярджае, што сход ладзіў Высоцкі, які і вынес на абмеркаваньне пытаньне зьмены дырэктара. Жываловіча, сьцьвярджае ён, запрашалі на сход, «паведамленьне зарэгістравалі ў кнізе зыходных паведамленьняў», але ён не прыйшоў. Паводле Бандарэнкі, у газэты вялікія страты, цягам году складалася цяжкая эканамічная сытуацыя, «дзясяткі тысячаў запазычанасьці», выданьне было блізкае да банкруцтва і «было бы рада, каб яго нехта захапіў». Але, кажа Бандарэнка, няма сэнсу захопліваць выданьне ў такім стане. Ён таксама заявіў, што акцыянэры накіравалі ў суд заяву аб спагнаньні з Жываловіча кампэнсацыі за нанесеную шкоду — сьцьвярджае, што былі выяўленыя «ўгоды, якіх не павінна было быць».
- «БелГазета» была заснаваная ў 1995 годзе пасьля расколу «Белорусской деловой газеты» як «Белорусская газета» (зьмяніла назву ў 2005-м). Выходзіць штотыдзень на паперы на расейскай мове, наклад на момант публікацыі — 7010 асобнікаў. Таксама вядзе сайт Belgazeta.by.
- Былы палітвязень Бандарэнка вядомы як заснавальнік праваабарончай арганізацыі «Плятформа» (іншых праваабаронцаў, «Вясну» ён крытыкаваў за «манапалізацыю»). Раней Бандарэнка не займаўся СМІ і выдавецкай справай.
- За два тыдні да прызначэньня Бандарэнкі ў «БелГазету» ад ягонага імя па рэдакцыях СМІ рассылалася прапанова ўзяць расейскі грант на 101 тысячу даляраў «на правядзеньне ўзгодненай інфармацыйнай палітыкі» (ад расейскага «фонду „Открытая Белоруссия“» — раней пад такой назвай фігураваў латвійскі фонд, які згадваўся збольшага толькі на старонках выданьня Regnum). Бандарэнка заявіў «Нашай Ніве», што ня мае да гэтага дачыненьня, але «валодае інфармацыяй, якая ўказвае на чалавека, які займаецца гэтай лухтой».