Зранку 19 жніўня невядомы паведаміў пра «мінаваньні» менскіх гатэляў, аэрапорту і чыгуначнага вакзалу, удзень пачаліся эвакуацыі гандлёвых цэнтраў: «Сталіца» пад плошчай Незалежнасьці, Galleria Minsk на праспэкце Пераможцаў, Galileo ля чыгуначнага вакзалу і Dana Mall ля мэтро «Ўсход».
Абноўлена: Каля 16:30 пачалася таксама эвакуацыя гандлёвага цнтру «Скала», паведамляюць і пра эвакуацыю гандлёвага цэнтру «Карона-Сіці».
Пра эвакуацыі гандлёвых цэнтраў паведамляе шэраг каналаў у Telegram, афіцыйных паведамленьняў пра «мінаваньне» або іншыя прычыны эвакуацыяў няма.
Onliner.by сьцьвярджае, што атрымаў ліст аб мінаваньні іхнага офісу ў Rubin Plaza ад імя групоўкі Orwell.
Ранішнія паведамленьні пра бомбы не пацьвердзіліся, але за фальшывае паведамленьне пра бомбу аўтара такіх зьвестак чакае крымінальная адказнасьць. Ад пачатку гэтага году праваахоўныя органы атрымалі больш за тры дзясяткі паведамленьняў аб замінаваных аб’ектах, аднак ніводзін такі факт не пацьвердзіўся.
Што важна ведаць пра «мінаваньне» будынкаў у Беларусі
Ад пачатку 2019 году за ілжывае мінаваньне будынкаў па ўсёй Беларусі завялі 35 крымінальных спраў. У ходзе іх расьсьледаваньня ўсталявалі 14 чалавек, датычных да падобных паведамленьняў, па шасьці крымінальных справах ужо прайшлі суды і вынесеныя прысуды. Расьсьледаваньні працягваюцца.
- 31 сакавіка невядомы паведаміў, нібыта замінаваны чыгуначны вакзал, а таксама гандлёвыя цэнтры Galileo і «Замак».
- 6 красавіка праз тэлефон сказалі, што ў гандлёвым цэнтры «Галерэя» закладзена выбухоўка.
- 27 красавіка абмежавалі рух менскага мэтро з прычыны «замінаваньня» станцыі «Ўручча». Пазьней увечары затрымалі чалавека, які меркавана зрабіў ілжывы званок.
- 29 красавіка паведамлялася пра «мінаваньне» аэрапорту, вакзалу і гатэля ў Менску.
У 2018 годзе ў Беларусі міліцыя зафіксавала 23 ілжывых «паведамленьня аб небясьпецы», піша МУС Беларусі.
Паводле арт. 340 Крымінальнага кодэксу заведама ілжывае паведамленьне аб небясьпецы можа карацца:
- штрафам ці арыштам;
- да 5 гадоў абмежаваньня волі;
- ад 3 да 7 гадоў пазбаўленьня волі.