Першы намесьнік старшыні прэзыдыюму Акадэміі навук Беларусі Сяргей Чыжык падпісаў афіцыйны ліст, у якім сьцьвярджаецца, што Тадэвуша Касьцюшку нельга лічыць нацыянальным героем Беларусі, бо Касцюшка ня вёў барацьбу за інтарэсы беларускага народу, а адстойваў інтарэсы Польшчы і ЗША.
Свабода сабрала 10 фактаў, чаму гістарычная слава Тадэвуша Касьцюшкі належыць Беларусі.
Хто такі Тадэвуш Касьцюшка
Тадэвуш Касьцюшка (1746–1817) — гістарычны дзяяч Беларусі, Польшчы, ЗША, ганаровы грамадзянін Францыі, кіраўнік вызвольнага паўстаньня 1794 году. Лічыцца адным з самых вядомых у сьвеце ўраджэнцаў Беларусі.
1. Нарадзіўся на тэрыторыі сучаснай Беларусі
Тадэвуш Касцюшка нарадзіўся ў маёнтку Мерачоўшчына каля мястэчка Косава. Дакладная дата нараджэньня невядомая; магчымымі лічацца 4 і 12 лютага. У Мерачоўшчыне прайшлі дзіцячыя гады Тадэвуша Касьцюшкі, сьцьвярджаюць дасьледчыкі. Аднак ёсьць і іншая вэрсія месца нараджэньня — Сяхновічы Кобрынскага павету (цяпер Жабінкаўскі раён).
Маці Касьцюшкі Тэкля паходзіла зь беларускага праваслаўна-ўніяцкага роду Ратамскіх, была родам з Аршанскага павету, бацька Людзьвіг — берасьцейскі мечнік.
2. «Нарадзіўся я літвінам... смуга будучыні яшчэ пакрывае лёс маёй роднай зямлі...»
Тадэвуш Касьцюшка быў ахрышчаны як Андрэй Тадэвуш Банавэнтура Касьцюшка ў косаўскім Траецкім касьцёле. Аднак гісторыкі выказваюць меркаваньне, што спачатку маці магла хрысьціць сына ў праваслаўе ці ўніяцтва (так зьявілася імя Андрэй), а ўжо потым бацька Людвіг, берасьцейскі мечнік, які выбіраўся ад шляхты ваяводзтва ў Літоўскі Трыбунал, перахрысьціў сына ў каталіцтва.
Адносна паходжаньня Касьцюшкі пытаньняў не ўзьнікае.
«Нарадзіўся я літвінам... смуга будучыні яшчэ пакрывае лёс маёй роднай зямлі...», — з гонарам напіша за два гады да сьмерці Тадэвуш Касьцюшка расейскаму імпэратару Аляксандру I.
3. Першую адукацыю атрымаў у калегіюме пад Пінскам
Да дзевяці гадоў Андрэй Тадэвуш выхоўваўся дома, як і ўсе дзеці незаможнай шляхты, безь якіх-небудзь спэцыяльных гувэрнэраў ці настаўнікаў. А ў 1754 годзе Касьцюшку аддалі вучыцца спачатку ў Берасьцейскі езуіцкі калегіюм, а потым у калегіюм манаскага ордэна піяраў у Любяшове за Пінскам. У калегіюме ён вывучаў лацінскую, польскую, францускую і нямецкую мовы, меў посьпехі ў матэматыцы, гісторыі. Пасьля заканчэньня калегіюму ён вярнуўся ў Сяхновічы і пяць гадоў дапамагаў маці па гаспадарцы.
4. Скараціў прыгон, пазбавіў ад яго жанчын і дзяцей
Калі ў 1784 годзе герой утворанай у Паўночнай Амэрыцы маладой дзяржавы Касьцюшка вярнуўся на радзіму, маёнтак у Сяхновічах быў у даўгах — брат дрэнна ім кіраваў. Месца ў войску Рэчы Паспалітай генэралу не знайшлося.
Касьцюшка скараціў прыгон да двух дзён на тыдзень, пазбавіў ад яго жанчын і дзяцей.
Застаўшыся бяз спраў, баявы генэрал на працягу пяці гадоў займаўся ў Сяхновічах сельскай гаспадаркай і вучыў дзяцей замежным мовам.
5. Быў патрыётам не Кароны Польскай, а Вялікага Княства Літоўскага
Паводле доктара гістарычных навук, прафэсара Алеся Краўцэвіча, Касьцюшка вельмі шкадаваў, што пасьля вяртаньня з ЗША не знайшоў вакансіі ў войску Вялікага Княства Літоўскага.
«Ён хацеў служыць менавіта ў вялікакняскім войску, а не каронным. А вакансія знайшлася ў каронным, і ён з гэтага перажываў», — кажа Краўцэвіч.
6. Быў «начальнікам збройных сіл і кіраўніком паўстаньня»
24 сакавіка 1794 году антырасейскае вызвольнае паўстаньне пад лёзунгам «Вольнасьць, цэласьць, незалежнасьць!» выбухнула ў Польшчы, у красавіку — на тэрыторыі сучаснай Беларусі.
Кракаўскі акт паўстаньня сьцьвярджаў: «Мы выбіраем і прызнаём гэтым актам Тадэвуша Касьцюшку вышэйшым і адзіным Начальнікам нашых збройных сіл і кіраўніком нашага паўстаньня».
7. У легендах, паданьнях, песьнях беларусы захоўвалі ўспамін пра свайго земляка-заступніка
«Касьцюшка зваяваў бы сьвет цэлы, каб паны яго слухаць хацелі, але паны як паны: гулялі, банкетавалі, Касьцюшкі ня слухалі, затым і Польшча прапала».
«Кажуць, што ў Касьцюшкі то быў такі плашч, што кулі яго не прабівалі: аднаго разу маскалі на яго зьнячэўку напалі, так ён не пасьпеў таго плашча злажыць, так яго чыста пасеклі і забралі».
Прызнаньнем Касьцюшкі за свайго абаронцу гучыць і беларуская народная песьня, якую сьпявалі і праз сто гадоў пасьля паўстаньня:
«Наш Касьцюшка слаўны быў,
Маскалёў ён добра біў...»
(З навуковай працы гісторыка Анатоля Трафімчыка «Вобраз Тадэвуша Касьцюшкі ў беларускім мастацкім слове»)
8. Сувязь з радзімай, Літвой-Беларусяй, яе людзьмі і яе лёсам ніколі не слабела
У чэрвені 1794 году ў адным з сваіх зваротаў Тадэвуш Касьцюшка пісаў: «Літва! Землякі і суайчыньнікі мае! На вашай нарадзіўся зямлі і ў запале праведным для маёй Бацькаўшчыны адгукаецца ўва мне найасаблівейшая прывязанасьць да тых, спаміж каго распачаў я жыцьцё».
Гарачым жаданьнем Касьцюшкі было разам са сваімі землякамі-літвінамі змагацца за волю роднага краю, які, як ён лічыў, «доўга нешчасьлівы праз здрады ўласных сыноў». У Амэрыцы, Францыі і Швайцарыі перш за ўсё яго турбаваў лёс Радзімы.
Язэп Юхо, Уладзімір Емяльянчык «Нарадзіўся я ліцьвінам...» (Тадэвуш Касцюшка, 1745–1817)
9. Расчуліў імпэратара Паўла І вернасьцю роднай зямлі
Калі расейскі імпэратар Павел І умоваю вызваленьня Тадэвуша Касьцюшкі паставіў прынясеньне прысягі яму на вернасьць, Касьцюшка, папрасіўшы часу падумаць, зьвярнуўся да сяброў на волі, каб прывезьлі яму зямлі з Радзімы, якую ён таемна ўсыпаў у свае боты, надзеў іх і, прыклаўшы руку да сэрца, сказаў: «Клянуся быць да сьмерці верным той зямлі, на якой стаю».
Павел І так расчуліўся, што ня толькі вызваліў Касьцюшку зь няволі, але вярнуў ягоную баявую шаблю, падарыў паліто са свайго пляча і дазволіў выехаць з Расеі, а таксама вызваліў і вярнуў з высылкі ў Сыбір шмат ягоных сяброў.
10. Змагаўся «за нашу і вашу волю» — за волю польскага і беларускага народаў
Паводле доктара гістарычных навук Алеся Краўцэвіча, Касьцюшка сапраўды змагаўся за аднаўленьне Рэчы Паспалітай, ён быў дэмакратам і лібэралам — невыпадкова ён ваяваў у Злучаных Штатах Амэрыкі і Францыі за ідэалы свабоды.
«Па-другое, Касьцюшка змагаўся „за нашу і вашу волю“ — за волю польскага і беларускага народаў. Натуральна, ён нацыянальны герой Беларусі», — перакананы гісторык Краўцэвіч.