Арганізатары мітынгу ў Маскве на праспэкце Сахарава 10 жніўня падалі заяўку на правядзеньне шэсьця па бульварах сталіцы 17 жніўня, паведамляе «Коммерсантъ», спасылаючыся на муніцыпальнага дэпутата Алену Філіну.
Заяўленая колькасьць удзельнікаў шэсьця — 30 тысяч чалавек.
Акцыі пратэсту ў Маскве праходзяць з 14 ліпеня, іх удзельнікі патрабуюць дапусьціць да выбараў у Маскоўскую гарадзскую думу незалежных кандыдатаў, сабраныя якімі подпісы выбаркам палічыў несапраўднымі.
На акцыях 27 ліпеня, 3 і 10 жніўня пратэстоўцаў зьбівалі і затрымлівалі супрацоўнікі Расгвардыі і АМАПу.
10 жніўня на акцыях, якія праходзілі ў Маскве, Санкт-Пецярбургу, Растове-на-Доне і Бранску, затрымана агулам 325 чалавек. Падчас папярэдняй акцыі затрымалі больш за тысячу чалавек.
Сьледчы камітэт Расеі завёў крымінальную справу аб масавых беспарадках 27 ліпеня, у межах якой прад’явіў абвінавачаньне 14 фігурантам.