Шматразовая алімпійская прызэрка ў плаваньні Аляксандра Герасіменя сябравала з паэтам Генадзем Бураўкіным, вучылася ад яго беларускай мове і гісторыі.
Пасьля ягонай сьмерці яна выступіла з ініцыятывай павесіць мэмарыяльную шыльду на доме, дзе ён жыў, далучыла да сваёй прапановы творчыя саюзы. Але справу на год затармазілі ў Менскім гарвыканкаме.
Аляксандра Герасіменя, якая 7 жніўня заявіла пра завяршэньне спартовай кар’еры, расказала пра рэалізацыю сваёй ініцыятывы ўшанаваць памяць Генадзя Бураўкіна. Дзяржаўны і грамадзкі дзяяч памёр у 2014 годзе.
Незабыўныя сустрэчы з паэтам
Знаёмству зь Генадзем Мікалаевічам і Юліяй Якаўлеўнай Бураўкінымі паспрыяў журналіст газэты «Прессбол» Сяргей Шчурко. Свае сустрэчы яна параўноўвае з іспытамі па беларускіх мове і гісторыі.
Спачатку нялёгка было перастроіцца, кажа Аляксандра Герасіменя, але паступова ўцягнулася і атрымала ня толькі добрую моўную практыку, але і палепшыла свае веды гісторыі Беларусі.
Прызнаецца, што ў такіх размовах ня раз лавіла сябе на думцы, як на самой справе мала ведаюць беларусы пра свае карані.
«У стылі аповедаў, неверагодных гісторый, якія Генадзь Мікалаевіч расказваў, адразу адчуваўся талент пісьменьніцкага слова. Таму ад сустрэч з такімі асобамі пранізваесься любоўю да гісторыі роднай зямлі, да людзей, якія тут жылі і здабывалі ёй славу», — гаворыць спартоўка.
Гэтаксама дзякуючы Генадзю Бураўкіну больш даведалася пра літаратурнага клясыка Васіля Быкава, працягвае спартоўка.
«Прычым ня толькі пра ягоную творчасьць, але і пра чалавека, грамадзяніна, — кажа яна. — Наогул прыемна ўсьведамляць, што яны былі добрымі сябрамі. У тым ліку ад гэтага ў мяне ўзьнікла жаданьне бліжэй пазнаёміцца з кнігамі Васіля Ўладзімеравіча — апроч праграмных твораў, якія некалі вывучала ў школе».
Ініцыятыва алімпійскай прызэркі
Аляксандра Герасіменя высока цэніць свае сяброўскія сувязі зь сям’ёй Бураўкіных. Лічыць, што варта ў Менску зьмясьціць мэмарыяльную дошку на доме, дзе ў 1990-я гады жыў паэт, на скрыжаваньні вуліцы Захарава і Бранявога завулку. Менавіта тут прайшлі найбольш плённыя гады яго як літаратара і дзяржаўнага дзеяча – якраз у той час Генадзь Мікалаевіч узначальваў Дзяржтэлерадыё БССР і быў кіраўніком беларускай місіі ў ААН.
На яе просьбу была арганізаваная сустрэча са старшынём Беларускага саюзу мастакоў Рыгорам Сітніцам, які ўжо меў досьвед «прабіваньня» падобных шыльдаў у Менскім гарвыканкаме.
«Старшыні творчых саюзаў напісалі калектыўны ліст у Менгарвыканкам, у якім прасілі нарэшце вырашыць пытаньні з дошкамі Васілю Быкаву, Генадзю Бураўкіну ды некаторым іншым творцам, — расказаў Рыгор Сітніца. — Падпісаліся ўсе – і мастакі, і літаратары, і тэатралы, і кінадзеячы, агулам 13 кіраўнікоў суполак. Аднак праблема ў тым, што ў Менгарвыканкаме памянялася ўся каманда, якая за гэта адказвае. І калі раней было досыць проста вырашаць некаторыя моманты, цяпер такой сувязі я не знаходжу».
Пасьля ўдалага досьведу з усталяваньнем дошкі народнаму паэту Рыгору Барадуліну, гэтым разам Рыгору Сітніцу ў гарвыканкаме адказалі, што Генадзь Бураўкін — сябра іншай творчай суполкі, маўляў, хай ягоныя калегі і клапоцяцца. Гэта пры тым, што шыльды ў любым выпадку вырабляе хтосьці з мастакоўскага саюзу.
Далучыўся саюз пісьменьнікаў
Да ініцыятывы далучыўся старшыня Саюзу беларускіх пісьменьнікаў Барыс Пятровіч. Выканкамаўскія чыноўнікі запатрабавалі абгрунтаваньня – ці сапраўды заслужыў мэмарыялізацыю прапанаваны імі кандыдат.
«Папрасілі тлумачэньня, якая ёсьць падстава, каб павесіць шыльду менавіта Бураўкіну, — кажа Барыс Пятровіч. – Мы зьвярнуліся ў Інстытут мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук, каб яны пацьвердзілі, што Генадзь Мікалаевіч таго варты, што ён вялікі беларускі паэт. Такое абгрунтаваньне мы атрымалі, але пра далейшыя захады чыноўнікаў не абазнаны, пакуль маўчаньне».
Нягледзячы на тое, што адказ з навуковай установы прыйшоў станоўчы, з канчатковым рашэньнем гарадзкія ўлады марудзяць. Дакладна гэтак жа, як з вырабленай на народныя сродкі дошкай да 100-годзьдзя абвяшчэньня незалежнасьці БНР або наданьнем менскай вуліцы імя Васіля Быкава.
«Колькі разоў займаліся гэтай справай, заўсёды ўзьнікалі нейкія праблемы, — кажа Барыс Пятровіч. — Скажам, была ідэя ўстанавіць шыльду нашаму калегу Генадзю Кісялёву. Атрымалі адказ зь Менгарвыканкаму, што няма сродкаў. Тады ягоныя родныя самі сабралі грошы, мы накіравалі паўторны ліст. І што? Нам патлумачылі, што ад прыватных асобаў браць фінансавую дапамогу яны ня могуць. Нейкае замкнёнае кола».
Аляксандра Герасіменя не адмаўляецца ад сваёй ідэі, хоць і засмучаная, што ня ў стане ўплываць на тых, хто прымае падобныя рашэньні. А ў тым, што Генадзь Бураўкін заслужыў годнага ўшанаваньня, яна не сумняваецца.
Удава Бураўкіна ўсьцешаная і засмучаная
Юлія Якаўлеўна Бураўкіна, удава Генадзя Мікалаевіча, усьцешаная, што дзяўчына-спартоўка так прывязалася да іхнай сям’і і ўрэшце прыйшла да яе з ідэяй памятнай шыльды.
«Вядома, гэта радуе, — ня ўтойвае эмоцый жанчына. – Саша была ў нас некалькі разоў, яны падоўгу гаварылі з Генам і пра літаратуру, і пра культуру, і пра гісторыю. Менавіта ён даў гэткі беларускі штуршок, бо яна вельмі прыязна ставілася да ўсяго, што ёй казалі. Ну і мы былі ўсьцешаныя, што алімпійская прызэрка, прыемная дзяўчына хіліцца да беларушчыны. І калі яны зь Сяргеем Шчурко прыйшлі з ідэяй шыльды, я была расчуленая да сьлёз. Падзякавала, хоць і засумнявалася, што ўдасца нешта зрушыць зь месца. Выглядае, што так і адбываецца…»
Атрымаць уцямны адказ у Менгарвыканкаме пакуль не ўдалося – пачуўшы пытаньне, карэспандэнта Свабоды перакідвалі ад аднаго спэцыяліста да другога, ніхто нічога сказаць ня змог. Толькі ва ўпраўленьні культуры ўдакладнілі, што тэрмін разгляду кожнай прапановы залежыць ад службаў, якія бяруць на балянс інфармацыйныя знакі ці памятныя знакі на будынках, што ім належаць.
Пра лёс шыльды ў гонар Генадзя Бураўкіна ў згаданым упраўленьні нічога ня ведаюць.