Бізнэсовец Юры Зісер выказаўся ў блогу на партале Tut.by на тэму абмежаваньня адтэрміновак ад службы ў войску. Зісер выказаў сумнеў, што Беларусі варта «закідваць дэмаграфічную яму маладымі мазгамі» і прапанаваў пераходзіць да прафэсійнага войска.
«Народ, які не жадае карміць сваю армію, будзе карміць чужую», — цытуе Зісер выказваньне, якое прыпісваюць Напалеону Банапарту, і пагаджаецца зь ёй. Але пытае, што важнейшае: колькасьць ці баяздольнасьць?
На думку Зісера, калі Беларусь трапіць пад вонкавую агрэсію, то наўрад ці акупацыя Беларусі зойме больш часу, чым акупацыя Кувэйту Садамам Хусэйнам у 1990 годзе — тая заняла два дні. Праціўнікі ня будуць прызываць рэзэрвістаў, выступаць з пагрозамі ў СМІ, абвяшчаць вайну, а мо і нават ня будуць страляць. «Проста ў адзін цудоўны дзень усе мы прачнёмся ў іншай краіне», — мяркуе ён.
У такім выпадку, піша Зісер, «многія салдацкія навыкі мінулых стагодзьдзяў некарысныя і бессэнсоўныя». А цяперашнія захады Міністэрства абароны ў абмежаваньні адтэрміновак не дапамогуць, а толькі нанясуць шкоду інтэлектуальнаму патэнцыялу краіны. Маладыя людзі зьедуць з краіны, каб не служыць у войску, у якім, як піша Зісер, «за ўвесь час службы даюць магчымасьць зрабіць дзевяць стрэлаў» і «прымушаюць слухаць найсумнейшыя лекцыі», вучаць «запраўляць анучы і капаць траншэі» «ва ўмовах, набліжаных да зоны крымінальнікаў».
Што прапануе Зісер:
- істотна павялічыць колькасьць вайскоўцаў у прафэсійнай арміі;
- скараціць прызыў на тэрміновую службу;
- прызываць на яе не на доўгія тэрміны, а пэрыядычна на 2-3 месяцы на зборах;
- падумаць пра такія зборы для тых, хто ўжо адслужыў;
- праводзіць падрыхтоўку ня толькі ў казармах, але і па месцы жыхарства ўдзень, а то і па вечарах або на выходных;
- навучэнцаў накіроўваць на зборы падчас вакацыяў, без адрыву ад вучобы;
- зьнізіць патрабаваньні да здароўя прызыўнікоў, бо асаблівая фізычная падрыхтоўка не патрэбна «для будаўнічых работ, кіраваньня аўтамабілем і націсканьня кнопак».