Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Маскве разагналі акцыю за сумленныя выбары


Затрыманьні ўдзельнікаў акцыі ў Маскве. 14 ліпеня 2019
Затрыманьні ўдзельнікаў акцыі ў Маскве. 14 ліпеня 2019

Паліцыя ў Маскве затрымала Ільлю Яшына каля будынка Маскоўскай гарадзкой выбарчай камісіі, дзе праходзіць акцыя за допуск незалежных кандыдатаў на выбары ў Маскоўскую гарадзкую думу. Пра гэта паведаміў сам Яшын.

Затрыманая таксама Любоў Собаль, Юлія Галяміна і Іван Жданаў. Усе яны — кандыдаты ў дэпутаты Масгардумы, якім пагражае зьняцьцё з выбараў. Затрыманы і карэспандэнт тэлеканалу «Дождж».

Паліцыя жорстка выцесьніла пратэстоўцаў з тэрыторыі каля будынку выбаркаму. Паводле карэспандэнта «Дажджу», зь ім у аўтазаку было яшчэ 22 чалавекі. Паводле дадзеных ОВД-Инфо, затрыманыя ўжо 38 чалавек.

Затрыманьні пачаліся пасьля 20:00 паводле маскоўскага часу. Паліцыя пачала абвячшаць, што акцыя ня ўзгодненая, і папрасіла разысьціся.

Раней паведамлялася, што сёньня ў Маскве праходзіць акцыя з патрабаваньнем дапусьціць да выбараў незалежных кандыдатаў. Ініцыятарам выступіў апазыцыянэр Аляксей Навальны.

Радыё Свабода вяло жывую трансьляцыю зь месца падзеяў.

Каля тысячы ўдзельнікаў акцыі сабраліся на Пушкінскай плошчы. Затым яны накіраваліся да будынку мэрыі Масквы. Калёну ўзначалілі апазыцыянэры Любоў Собаль і Ільля Яшын.

Собаль заклікала прысутных пайсьці да будынку Масгарвыбаркаму і патрабаваць сустрэчы з кіраўніком камісіі Валянцінам Гарбуновым.

Каля будынку Масгарвыбаркаму Собаль і яе прыхільнікі заклікалі ўсіх прысутных не разыходзіцца. Удзельнікі выкрыквалі лёзунгі: «Мы ня пойдзем», «За Любоў!», «Даеш сумленныя выбары».

Напярэдадні Маскоўскі гарадзкі выбаркам адмовіў у рэгістрацыі ўсім кандыдатам-самавылучэнцам па 43-й выбарчай акрузе. Юрыст Фонду барацьбы з карупцыяй Любоў Собаль паведаміла, што выбаркам прызнаў несапраўднымі амаль 15 працэнтаў подпісаў у яе падтрымку пры дапушчальным браку 10 працэнтаў. У сваю чаргу старшыня Масгарвыбаркаму Валянцін Гарбуноў абвінаваціў Любоў Собаль ў ціску на выбарчыя камісіі.

Сярод кандыдатаў у дэпутаты па 43-ай акрузе, акрамя Собаль, вылучаліся член паліткамітэту «Яблока» Сяргей Мітрохін, актор Андрэй Салаўёў, былы форвард зборнай Расеі па футболе Дзьмітры Булыкін і лідэр рок-гурту «Коррозия металла» Сяргей «Павук» Троіцкі. У сярэдзіне чэрвеня сваю кандыдатуру там адклікала заснавальніца Фонду дапамогі хоспісам Ганна Фэдэрмэсэр.

У выніку да выбараў у 43-й акрузе Масквы дапусьцілі толькі трох кандыдатаў — прадстаўнікоў парлямэнцкіх партый КПРФ, ЛДПР і «Справедливая Россия». Паводле закону ад іх не патрабуецца зьбіраць подпісы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG