«Нельга глядзець адзін на аднаго праз прыцэл». Аляксандар Лукашэнка «абсалютна падтрымлівае» прапанову Ўладзіміра Зяленскага правесьці перамовы з Пуціным у Менску.
У прэс-службе Аляксандра Лукашэнкі заявілі, што ўжо знаёмыя з заявай Уладзіміра Зяленскага наконт ідэі правесьці ў Менску перамовы з Уладзімірам Пуціным.
«Прэзыдэнт Беларусі абсалютна падтрымлівае прапановы Ўладзіміра Зяленскага. Гэтая пазыцыя нязьменная — яна ў тым, што нельга глядзець адзін на аднаго праз прыцэл зброі, трэба сядаць і вырашаць праблемы, якіх назьбіралася нямала», — гаворыцца ў камэнтары прэс-службы Лукашэнкі.
Што тычыцца агучаных прапаноў па ўдзельніках сустрэчы, то ў прэс-службе нагадваюць: прэзыдэнт Беларусі неаднаразова казаў, што «гэтую праблему павінны вырашыць мы — тры славянскія народы».
«Але калі вырашыць праблему ў такім фармаце не атрымліваецца, і адзін з бакоў канфлікту — у дадзеным выпадку Ўкраіна — настойвае і прапануе ўдзел і іншых гульцоў, мы такі фармат падтрымліваем таксама... Тым больш што і пра ўдзел ЗША ў вырашэньні дадзенага канфлікту Аляксандр Лукашэнка ўжо даўно казаў — без амэрыканцаў вырашыць гэтую праблему будзе складана, ужо занадта яны пагружаныя ў дадзеныя працэсы», — дадалі ў прэс-службе.
Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі прапанаваў Уладзіміру Пуціну правесьці перамовы па ўрэгуляваньні канфлікту на Данбасе і ў якасьці месца прапанаваў Менск. Перамовы Зяленскі прапануе весьці пры пасярэдніцтве лідэраў ЗША, Нямеччыны, Францыі і Вялікай Брытаніі.