Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амбасадар Сямашка патлумачыў, чаму Беларусь «ня зможа перажыць» падатковы манэўр Расеі


Уладзімер Сямашка
Уладзімер Сямашка

Выдаткі ад другога этапу расейскага «падатковага манэўру», які працягнецца да 2024 году, «непад’ёмныя» для Беларусі, сказаў у інтэрвію тэлеканалу «Расея 24» амбасадар Беларусі ў Расеі Ўладзімер Сямашка.

«Расейскія нафтаперапрацоўчыя заводы будуць купляць нафту недзе за 83-84% ад сусьветнай цаны. Мы ж будзем купляць па сусьветнай цане. А што такое гэтая льгота? Для таго, каб НПЗ нармальна працаваў, браў крэдыты, абслугоўваў іх, мадэрнізаваўся, дастаткова 4-5%. А тут — 16-17%. А ў нас гэтага ня будзе. Таму мы ня зможам перажыць падатковы манэўр», — заявіў Сямашка.

У інтэрвію выданьню «Комсомольская правда», якое перадрукавала МЗС Беларусі, камэнтуючы пытаньне пра расейскі падатковы манэўр, Сямашка таксама адзначыў, што ў ЭАЭС павінна быць забясьпечана «ўзаемавыгаднае супрацоўніцтва, раўнапраўе і ўлік нацыянальных інтарэсаў бакоў».

«Мы чатыры гады таму куплялі нафту па той жа цане, як і расейскія нафтаперапрацоўчыя заводы. А цяпер нас выводзяць на сусьветныя. Жыцьцёвы прыклад. Я павінен купіць нафту па сусьветнай цане, перапрацаваць яе, заправіць трактар, аўтамабіль, камбайн, пасеяць, сабраць ураджай, выпусьціць прадукт, а потым бязмытна паставіць яго па нізкай цане на рынак Расеі і Эўразійскага саюзу. Гэта значыць, сабе ва ўрон», — сказаў Сямашка.

Амбасадар адзначыў, што расейскі бюджэт, які шмат у чым фармуецца за кошт продажу нафты і прадуктаў яе перапрацоўкі, можа дазволіць сабе падатковы манэўр і нават выйграць ад гэтага.

«І расейскія нафтаперапрацоўчыя прадпрыемствы не прайграюць — атрымліваюць кампэнсацыю. У нас нафты няма. У Беларусі «манэўр» наносіць двайны ўдар — і па нафтаперапрацоўчай галіне, і па бюджэце. Мы ўжо страцілі 3,6 мільярда даляраў і можам страціць яшчэ каля 10 мільярдаў. Ва ўраду Расеі разуменьне праблем Беларусі ў сувязі з «манэўрам» ёсьць, ужо абмяркоўваюцца кампэнсацыйныя мэханізмы», — дадаў ён.

Кажучы пра пэрспэктывы ўвядзеньня адзінай валюты ў межах «саюзнай дзяржавы», амбасадар заявіў, што пакуль Расея і Беларусь не выраўнавалі эканамічныя ўмовы, казаць пра тое, што «мы неадкладна вырашым праблему адзінага мытнага, падатковага заканадаўства, адзінай валюты, адзінага эмісійнага цэнтру, — заўчасна».

Сямашка заявіў, што цяпер бакі вядуць перамовы аб праграме рэалізацыі дамовы аб «саюзнай дзяржаве», але аб пераглядзе дакумэнту гаворка не ідзе.

Што важна ведаць пра расейскі падатковы манэўр

Нафтавы падатковы манэўр у Расеі — паступовая замена спагнаньня экспартнага мыта падаткам на здабычу карысных выкапняў (ПЗКВ). Экспартнае мыта будзе зьмяншацца адначасова з павелічэньнем ПЗКВ.

  • Расея пачала рэалізацыю падатковага манэўра зь 2019 году.
  • Да канца 2018 году экспарт сырой нафты ў Расеі абкладаўся экспартным мытам у памеры 30% ад цаны. Мыта не спаганялася з паставак на ўнутрырасейскі рынак і ў межах квоты ў Беларусь.
  • У 2017-2018 гадах квота на пастаўкі бязмытнай расейскай нафты для Беларусі складала 24 млн тон (18 млн тон перапрацоўвалі беларускаія НПЗ, 6 млн тон ішлі на рээкспарт).
  • Беларусь мела права абкладаць экспартным мытам свае нафтапрадукты, вырабленыя з расейскай бязмытнай нафты, якія прадавала ў трэція краіны. Беларускае мыта ішло ў беларускі бюджэт.

Страты і кампэнсацыя

  • У сьнежні 2018 г. у адміністрацыі Лукашэнкі сьцьвярджалі, што за 3 апошнія гады Беларусь недаатрымала $3,6 млрд, а за наступныя 4 гады недаатрымае $11 млрд пры найгоршым разьвіцьці падзей.
  • Паводле падлікаў рэйтынгавага агенцтва Fitch, наўпроставыя страты беларускай эканомікі складуць $10,6 млрд цягам 2019–2024 гг.
  • Дырэктар дасьледніцкага цэнтру ІПМ Аляксандар Чубрык падлічыў, што страты для бюджэту Беларусі ў 2019 годзе склалі $272,3 млн. ​
  • У кастрычніку 2018 Расея абяцала пералічыць у бюджэт Беларусі каля $405 млн у якасьці аплаты экспартнага мыта за нафту. Пазьней у кампэнсацыі адмовілі.
  • 18 сьнежня 2019 расейскі партал РБК паведаміў са спасылкай на свае крыніцы, што Расея кампэнсуе Беларусі страты ад манэўра праз зваротны акцыз для беларускіх НПЗ. Суму субсыдыяў ацанілі ў $1,5 млрд. Афіцыйнага пацьвярджэньня гэтай інфармацыі не было.

Кароткая гісторыя нафтагазавых канфліктаў Беларусі і Расеі

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG