Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«У Тайляндзе пэнсіянэрка памерла ад страху». Як дзяржаўныя СМІ (не)паведамлялі пра трагедыю падчас салюту

абноўлена

Пасьля салюту плястыкавымі і кардоннымі аскепкамі была ўсеяна ўся набярэжная Сьвіслачы побач са спарткомплексам «Дынама»
Пасьля салюту плястыкавымі і кардоннымі аскепкамі была ўсеяна ўся набярэжная Сьвіслачы побач са спарткомплексам «Дынама»

Дзяржаўныя СМІ не сьпяшаліся паведамляць пра трагічнае здарэньне падчас сьвяточнага салюту ў гонар афіцыйнага Дня Незалежнасьці 3 ліпеня. А Беларуская тэлевізія ўвогуле праігнаравала яго.

Паводле відавочцаў, некалькі снарадаў разарваліся занадта нізка. Ад раненьня аскепкамі загінула жанчына 1955 году нараджэньня. Яшчэ прынамсі тры чалавекі пацярпелі.

  • ​Салют пасьля параду распачаўся пасьля 22-й гадзіны.
  • У 22.27 у сацсетках зьявілася першае паведамленьне, што запускі салюту адбыліся падазрона нізка, што справакавала вельмі моцны шум. Але нібыта «нічога ня здарылася».

  • У 22.48 тэлеграм-канал блогера Nexta паведаміў, што адна з салютных ракетаў паляцела «не туды, куды трэба» і аскепак ад яе трапіў у жанчыну.
  • 23.05. Пра здарэньне паведамляе Tut.by, сьледам за ім іншыя незалежныя мэдыя.
  • 23.53. На месца здарэньня прыбыў карэспандэнт Свабоды. Там ужо працавалі сьледчыя. Але сьвяточны канцэрт ля стэлы «Менск — горад герой» усё яшчэ працягваўся.
  • Дзяржаўныя СМІ маўчаць. АНТ працягвае трансьляцыю канцэрту.
  • 0.30. На сайце газэты прэзыдэнцкай адміністрацыі «СБ. Беларусь сегодня» зьяўляецца вялікі сьвяточны фотарэпартаж з параду.
  • 0.54. Першае афіцыйнае пацьверджаньне здарэньня — Сьледчы камітэт паведаміў пра сьмерць жанчыны. Праз 2 хвіліны ўжо пра 4 пацярпелых паведамляе Мінабароны.
  • 0.55. Праз хвіліну пасьля афіцыйнага паведамленьня зьяўляецца першая інфармацыя ў дзяржаўных СМІ — ад інфармагенцтва БелТА. Яно цытуе заяву СК пра «здарэньні ў Менску» і сьмерць жанчыны, якая «назірала за салютам на беразе ракі Сьвіслач і была паранена». Ніякіх падрабязнасьцяў і ўдакладненьняў, што сьмерць — вынік салюту. Першапачатковы загаловак «В Минске во время фейерверка погибла женщина​» пазьней замянілі на «Следственно-оперативные группы работают на местах происшествий в Минске».
    Першапачатковы загаловак навіны БелТА у кэшы Google
    Першапачатковы загаловак навіны БелТА у кэшы Google

    У начной стужцы навінаў пра яго паведамляецца, але пад загалоўкам «Следственно-оперативные группы работают на местах происшествий в Минске» (пра загінулую і параненых згадваецца ў тэксьце, «Наша ніва» адзначае, што пачатковы загаловак навіны быў пра тое, што жанчына загінула). В Минске во время фейерверка погибла женщина
  • 1.52. Сайт тэлеканалу АНТ публікуе навіну «Пэнсіянэрка памерла ад страху падчас прагляду фільма жахаў у Тайляндзе». Ні слова пра здарэньне ў Менску.
  • 2.04 Больш як праз гадзіну навіна з афіцыйнай інфармацыяй СК зьяўляецца на сайце «СБ. Беларусь сегодня».
    Галоўная старонка сайту газэты «СБ. Беларусь сегодня».Па стане на 9:50 4 ліпеня паведамленьня пра здарэньне падчас салюту няма сярод галоўных навін
    Галоўная старонка сайту газэты «СБ. Беларусь сегодня».Па стане на 9:50 4 ліпеня паведамленьня пра здарэньне падчас салюту няма сярод галоўных навін
  • 7.00. У ранішнім выпуску навінаў на тэлеканале «Беларусь 1» выйшаў 7-хвілінны сюжэт пра парад і сьвяткаваньні ў Менску. Але ні слова пра трагічнае здарэньне.
  • На 8.10 на сайце БелТА здарэньне — ня ў ліку важных навінаў. У беларускай, ангельскай, гішпанскай і кітайскай вэрсіях сайту гэтай навіны няма. У артыкуле «Картина дня» здарэньне ня згадваецца.

    Адзіная навіна пра здарэньне на сайце БелТА па стане на 8:05 4 ліпеня
    Адзіная навіна пра здарэньне на сайце БелТА па стане на 8:05 4 ліпеня
  • 9.00. У навінах БТ і АНТ зусім ня згадваецца здарэньне. Асноўныя тэмы навінаў «Беларусь-1» — як прайшоў парад (пра здарэньне ня кажуць), як будынкі ў Дубаі і Тбілісі афарбавалі падсьвятленьнем у чырвоныя і зялёныя колеры, як выступае тэнісістка Вікторыя Азаранка. У навінах АНТ пасьля апісаньня параду ў Менску і рэгіёнах згадвалі засуху ў Літве.

Трагедыя падчас салюту 3 ліпеня. Што здарылася

  • Падчас салюту на афіцыйны Дзень Незалежнасьці 3 ліпеня ў Менску адбыліся 4 выбухі снарадаў для фаервэрку.
  • Ад раненьня аскепкамі загінула жанчына. Пацярпелі яшчэ 10 чалавек. Салютныя ўстаноўкі разбураныя.
  • Ад месца запуску салютаў у парку Перамогі да месца, дзе была сьмяротна параненая жанчына, было больш за 500 мэтраў. Шыбы ў дамах на вуліцы Чарвякова аскепкі разьбілі на адлегласьці больш як кілямэтар.
  • Збоі пры запусках салютаў адбыліся таксама на пляцоўках ў Чыжоўцы і ва Ўруччы. Паводле відавочцаў, снарады разарваліся нізка над зямлёй.
  • СК пачаў крымінальную справу за парушэньне правілаў абыходжаньня з рэчывамі і прадметамі, якія маюць павышаную небясьпеку для навакольных. Паводле ч. 2 арт. 463 Крымінальнага кодэксу пагражае да 5 гадоў турмы.
  • 4 ліпеня ў Менску затрымалі падазраваных у выбуху, гэта прадстаўнікі фірмы — пастаўшчыка фаервэркаў.

  • Напярэдадні трагедыі вайскоўцы паведамлялі, што падчас салюту 3 ліпеня будуць выкарыстоўваць новыя фаервэркі, аднак пасьля здарэньня Мінабароны паведаміла уначы, што «зарады гэтай партыі ўжо ўжываліся для салютаў».
  • Зарады, якія выкарыстоўвалі падчас салюту 3 ліпеня, зроблены ў Расеі. Мінабароны Беларусі выказала меркаваньне, што прычынай выбухаў сталі няякасныя зарады калібру 195 мм (аднаго з пяці ўжытых).
  • Дзяржаўныя СМІ не сьпяшаліся паведамляць пра трагічнае здарэньне падчас сьвяточнага салюту ў гонар афіцыйнага Дня Незалежнасьці 3 ліпеня. А Беларуская тэлевізія ўвогуле праігнаравала яго.
  • Гэта ня першая трагедыя падчас сьвяткаваньня афіцыйнага Дня Незалежнасьці 3 ліпеня. У 2008 годзе ў Менску падчас сьвяткаваньняў адбыўся выбух. Пацярпелі каля 50 чалавек. Выбухнула самаробная выбуховая прылада, начыненая мэталічнымі гайкамі і цьвікамі. Вінаватым у выбуху прызналі Дзьмітрыя Канавалава, у 2011 годзе яму прысудзілі сьмяротнае пакараньне падчас працэсу аб тэракце ў менскім мэтро.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG