Беларускі вытворца прэзэрватываў Indigo перадаў арганізатарам II Эўрапейскіх гульняў 100 тысячаў прэзэрватываў для ўдзельнікаў і яшчэ 20 тысячаў — для фанатаў, піша Tribuna.
У гульнях, якія цягнуцца 10 дзён, анансаваны ўдзел 3844 спартоўцаў — гэта значыць, на чалавека прыходзіцца каля 2,6 прэзэрватыва на дзень.
Indigo — афіцыйны партнэр Эўрапейскіх гульняў у Менску. Раней кампанія апублікавала адмысловы «спартовы» рэклямны ролік, таксама рэклямуе спорт у сацсетках.
100 000 гэта многа ці мала?
Тое, што ўдзельнікам гулньяў раздаюць бясплатныя прэзэрватывы, заўважалі і раней, ды не публікавалася іх колькасьць. Раздача бясплатных прэзэрватываў — ужо традыцыя на буйных спартовых спаборніцтвах. На алімпіядах так робяць з 1988 году дзеля прафіляктыкі вірусу імунадэфіцыту чалавека (ВІЧ).
Так, у час Алімпійскіх гульняў у Рыё-дэ-Жанэйра ў 2016 годзе на 11,2 тысячы атлетаў раздалі 450 тысячаў прэзэрватываў (зь якіх 100 тысячаў адмысловыя жаночыя) і 175 тысячаў пакункаў любрыканту. Выйшла каля 2,5 прэзэрватыва на чалавека на дзень.
На зімовай алімпіядзе 2018 году ў Пхёнчхане на 2925 атлетаў раздалі каля 110 тысячаў прэзэрватываў. Выйшла крыху меней на дзень на чалавека — усяго 2,35 прэзэрватыва.
У час гульняў спартоўцы публічна не наракалі на брак кантрацэпцыі.
Эўрапейскія гульні — 2019. Што важна ведаць
Другія Эўрапейскія гульні прайшлі у Менску з 21 па 30 чэрвеня 2019 году.
- На падрыхтоўку і правядзеньне II Эўрапейскіх гульняў Беларусь выдаткавала ня менш за 840 мільёнаў рублёў (каля 400–430 млн даляраў).
- За два гады да гульняў Аляксандар Лукашэнка заяўляў, што Беларусі трэба будзе затраціць ня болей за 50 млн даляраў плюс дапамогуць эўрапейскія структуры. У кастрычніку 2018 году агучвалі ўдвая большую суму, у чэрвені 2019-га — у пяць з паловай раза большую. Выніковую суму абяцаюць назваць у студзені 2020 году.
- З квітком на гульні можна было бязь візы трапіць у Беларусь празь любы памежны пункт.
- Паводле папярэдніх падлікаў, Беларусь за час Эўрапейскіх гульняў наведалі 37 450 турыстаў, зь іх каля 7 тысяч чалавек былі акрэдытаваныя на гульні. Для параўнаньня, на чэмпіянат сьвету па хакеі ў Менск у 2014 годзе прыехалі 80 тысяч замежных турыстаў.
- Падчас гульняў у Беларусі працавалі супрацоўнікі МУС Расеі.
- Адкрыцьцё гульняў прысьвяцілі гісторыі Беларусі, закрыцьцё — сучаснасьці.