На падрыхтоўку II Эўрапейскіх гульняў Беларусь патраціла 540 мільёнаў рублёў (каля 265 мільёнаў даляраў), у тым ліку зь бюжэту — 266 млн рублёў, распавёў 26 чэрвеня ў Палаце прадстаўнікоў міністар фінансаў Беларусі Максім Ермаловіч, паведамляе БелаПАН.
Ермаловіч адзначыў, што 266 млн рублёў з гэтай сумы — бюджэтныя грошы, астатнія 274 млн — спонсарская дапамога, сродкі ад рэалізацыі квіткоў, а таксама прыцягненьне крэдытаў камэрцыйнымі арганізацыямі і Банкам разьвіцьця. Паводле міністра, пакуль зарана казаць пра тое, колькі Менск зарабіў на Эўрагульнях.
Аляксандар Лукашэнка першапачаткова заяўляў, што Беларусі трэба будзе затраціць ня болей за 50 мільёнаў даляраў плюс дапамогуць эўрапейскія структуры. Аднак у бюджэце на 2019 год на правядзеньне гульняў ужо закладалася больш за 70 мільёнаў даляраў. А ўжо ў базе дзяржаўных закупак для патрэб імпрэзы фігуравалі тэндэры на суму ня меней за 100 мільёнаў даляраў.
Толькі адкрыцьцё і закрыцьцё Эўрагульняў абышлося ў 12 мільёнаў даляраў. Вядома, што зь бюджэту на арганізацыю гульняў пайшло 72 мільёны даляраў, яшчэ 36 мільёнаў выдзеліў са свайго асабістага фонду Аляксандар Лукашэнка.
Асобным радком значыліся чатыры перасоўныя станцыі для Белтэлерадыёкампаніі — на 34 мільёны даляраў. Мільёнамі вымяраюцца затраты на абсталяваньне для заляў, адзеньне для спартоўцаў, дырэкцыі і валянтэраў (плюс навучаньне апошніх). Тут жа выдаткі білетнага апэратара і кансультацыі замежных экспэртаў. Агульная сума затрат на Эўрагульні дасюль не агучвалася.