Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп прапанаваў правесьці сустрэчу зь лідэрам КНДР Кім Чэн Ынам у дэмілітарызаванай зоне паміж Паўночнай і Паўднёвай Карэямі адразу пасьля заканчэньня саміту краін-сябраў «Вялікай дваццаткі» (G-20).
Пра гэта Трамп напісаў у твітэры раніцай 29 чэрвеня. Прэзыдэнт паведамляе, што пасьля завяршэньня сустрэч на саміце «Вялікай дваццаткі» ён адправіцца ў Паўднёвую Карэю і «калі старшыня Кім захоча, я б сустрэўся зь ім у дэмілітарызаванай зоне, каб проста паціснуць яму руку і сказаць прывітаньне».
У МЗС КНДР станоўча ацанілі прапанову Трампа аб магчымай сустрэчы з Кім Чэн Ынам на мяжы з Паўднёвай Карэяй, аднак дадалі, што пакуль не атрымалі афіцыйнага запыту на гэты конт ад амэрыканскага боку.
Да гэтага часу не было ніякай папярэдняй інфармацыі пра магчымую сустрэчу Дональда Трампа і Кім Чэн Ына. Паводле дадзеных газэты New York Times, гэтая ініцыятыва аказалася поўнай нечаканасьцю ня толькі для дыпляматаў, прысутных на саміце «Групы дваццаці», але і для дарадчыкаў Дональда Трампа.
Апошняя сустрэча Трампа і Кіма ў лютым 2019 году завяршылася фіяска. Трамп адмовіўся працягваць перамовы, калі высьветлілася, што паўночнакарэйскі лідэр не гатовы да крокаў па дэнуклеарызацыі КНДР.