457 ахвяраў хатняга гвалту, сярод якіх пераважаюць жанчыны і дзеці, зьвярнуліся ў 2018 годзе ў часовыя прытулкі, так званыя «крызісныя пакоі». З іх 274 жанчыны, 134 дзіцяці і 49 мужчын.
«Мы адзначаем рост колькасьці зваротаў у крызісныя пакоі», — сказаў намесьнік міністра працы і сацыяльнай абароны Валерый Кавалькоў на форуме ў Менску, які прысьвечаны гендэрнай палітыцы, перадае БЕЛТА.
З ахвярамі гвалту працуюць 146 тэрытарыяльных цэнтраў сацыяльнага абслугоўваньня насельніцтва, пры якіх створаны 132 «крызісныя пакоі». У іх ёсьць 380 месцаў, у тым ліку 143 для дзяцей.
Скарыстацца часовым прытулкам можна незалежна ад месца пражываньня або рэгістрацыі. У экстраных выпадках паслуга прадстаўляецца без прад’яўленьня дакумэнтаў. «Крызісныя пакоі» працуюць кругласуткава.
У Міністэрстве ўнутраных спраў распрацавалі законапраект «Аб супрацьдзеяньні хатняму гвалту» пры ўдзеле экспэртаў. Летась яго вынесьлі на грамадзкае абмеркаваньне. Але калі Аляксандар Лукашэнка яго скрытыкаваў, сілавікі адмовіліся ад такога закону.
Кіраўнік Беларусі заявіў, што гэта «дурасьць, узятая з Захаду», а там «мужык з мужыком жэніцца, дзяцей няма каму нараджаць». Ён таксама расказаў, што ад яго «часта атрымліваў» старэйшы сын Віктар — цяперашні ягоны памочнік па нацыянальнай бясьпецы.
Паводле МУС, у органы ўнутраных спраў Беларусі штогод паступаюць зьвесткі пра звыш 120 тысяч сямейна-бытавых канфліктаў. Да адміністрацыйнай адказнасьці прыцягваюцца больш за 50 тысяч, да крымінальнай — каля 2,5 тысяч вінаватых.