Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фэйсбук запускае сваю крыптавалюту. Што мне з таго? Тлумачым па пунктах 


Кампанія Facebook афіцыйна абвясьціла пра стварэньне ўласнай крыптавалюты Libra. Яна мае зьявіцца ўжо ў наступным годзе.

The Wall Street Journal паведамляе, што ў стварэньні будуць удзельнічаць апэратары плацёжных сыстэм Visa, Mastercard, PayPal, Uber Technologies, а таксама шэраг іншых кампаній, якія інвэстуюць у праект прыблізна па 10 мільёнаў даляраў.

Як будзе працаваць Libra і што варта ведаць пра новую крыптавалюту, тлумачаць аналітыкі брытанскага выданьня The Guardian.

Што такое Libra?

Facebook называе Libra «глябальнай валютай і фінансавай інфраструктурай». Гэта будзе лічбавая валюта на падмурку тэхналёгіі блокчэйн, якая выкарыстоўваецца іншымі крыптавалютамі, такімі як біткойн.

Чаму яна так называецца?

Назва паходзіць ад рымскай меры вагі. Ад яе пазьней пайшоў брытанскі фунт як мера вагі і грашовая адзінка. Знак брытанскіх грошай — £ — паходзіць ад аздобленай лацінскай літары L.

Як Facebook тлумачыць патрэбу ў новай валюце і наколькі гэта законна?

Прадстаўнікі Facebook кажуць, што хочуць далучыць да фінансавай сыстэмы 1.7 мільярдаў чалавек ва ўсім сьвеце, якія ня маюць рахункаў у банках.

Верагодна, што кампанія сутыкнецца з заканадаўчымі абмежаваньнямі, асабліва калі ўлічыць, што ў ЗША антыманапольныя ўлады выказваюць засьцярогі наконт Facebook. У траўні некаторыя амэрыканскія сэнатары зьвярнуліся да кіраўніка кампаніі Марка Цукербэрга з запытамі наконт аховы асабістых дадзеных.

Марк Цукербэрг на слуханьнях у Кангрэсе ЗША ў красавіку 2018 году
Марк Цукербэрг на слуханьнях у Кангрэсе ЗША ў красавіку 2018 году

Хто будзе кантраляваць Libra?

Новую крыптавалюту будуць абслугоўваць некалькі кампаніяў, аб’яднаныя ў «Асацыяцыю Libra». Facebook тлумачыць, што гэта будзе незалежная арганізацыя, базаваная ў Швайцарыі і не скіраваная на атрыманьне прыбытку. Яна будзе выконваць дзьве асноўныя функцыі: зацьвярджаць трансакцыі на блокчэйн-плятформе Libra і кіраваць фінансавымі рэзэрвамі, да якіх будзе прывязаная новая крыптавалюта.

Кіраваць «Асацыяцыяй Libra» будзе адмысловая рада, куды ўвойдуць прадстаўнікі кампаній, якія зрабілі мінімальны ўнёсак 10 мільёнаў даляраў. Facebook сьцьвярджае, што ня будзе мець галоўнай ролі ў асацыяцыі, і што ўсе кампаніі будуць мець роўнае права голасу. Сярод заснавальнікаў «Асацыяцыі Libra» — кампаніі PayPal, Ebay, Spotify, Uber and Lyft, Andreessen Horowitz, Thrive Capital, Visa and Mastercard.

Як я змагу карыстацца Libra?

Калі новую крыптавалюту запусьцяць, карыстальнікі змогуць спампаваць «лічбавы гаманец» Calibra, які дазволіць ім рабіць плацяжы са смартфону. Будзе асобная аплікацыя для смартфону, але таксама можна будзе плаціць праз мэсэнджэр Facebook ці праз WhatsApp.

Пакуль невядома, у якіх краінах новая крыптавалюта зьявіцца на самым пачатку. Аднак прадтстаўнкі Facebook кажуць, што «амаль кожны» ў сьвеце, хто мае смартфон, зможа спампаваць патрэбную аплікацыю.

Што можна будзе купіць за Libra?

Празь «лічбавы гаманец» Calibra людзі змогуць перасылаць грошы адно аднаму. Кампаніі Uber і Lyft зрабіліся інвэстарамі праекту, і з гэтага можа вынікаць, што можна будзе плаціць з дапамогай Libra за паслугі таксі, якія працуюць празь іх мабільныя аплікацыі. Аднак прадстаўнікі абедзьвюх кампаній пакуль што не адказалі на просьбы пра камэнтар.

Наколькі гэта бясьпечна?

Існуе шэраг засьцярогаў наконт таго, наколькі будзе абаронена асабістая інфармацыі карыстальнікаў новай фінансавай мабільнай аплікацыі, створанай Facebook. Кампанія сьцьвярджае, што скарыстаецца тэхналёгіямі, якія дазволяць прадухіліць махлярства і адмываньне «брудных» грошай.

«Мы будзем выкарыстоўваць тыя ж працэсы вэрыфікацыі і супрацьдзеяньня махлярству, якімі карыстаюцца банкі і крэдытныя карткі, і ў нас будуць аўтаматызаваныя сыстэмы, якія будуць актыўна адсочваць апэрацыі, каб абараніць [карыстальнікаў] і прадухіліць махлярскія паводзіны», — гаворыцца ў заяве Facebook.

Кампанія таксама абяцае «ў рэжыме рэальнага часу» падтрымку карыстальнікаў, якія згубяць доступ да сваіх рахункаў, а таксама кампэнсацыі тым, хто зробіцца ахвярай махлярства.

Блокчэйн-тэхналёгія, выкарыстаная ў Libra будзе грунтавацца на адкрытым кодзе, які дазваляе распрацоўнікам і шырэйшай супольнасьці адсочваць магчымыя хібы ў дызайне і бясьпецы. Кампанія таксама запусьціць праграму, якая заахвоціць экспэртаў па бясьпецы за ўзнагароду знаходзіць слабыя, уразьлівыя элемэнты ў плятформе.

Як на гэтым будзе зарабляць Facebook?

Facebook паведамляе, што Libra мае фінансавацца праз дробныя выплаты за кожную трансакцыю, зробленую праз гэтую плятформу. Шмат з гэтых выплат будуць ускладзеныя на гандлёвыя кампаніі, якія будуць карыстацца Libra. Тыя, у сваю чаргу, могуць уключыць гэтыя выдаткі ў цану, пераклаўшы іх на пакупнікоў.

Ці прадасьць Facebook мае фінансавыя дадзеныя рэклямадаўцам?

Facebook абяцае трымаць фінансавую інфармацыю на Libra асобна ад іншай інфармацыі з профіляў сваіх крыстальнікаў. Паводле кампаніі, блокчэйн будзе «псэўданімным», як і шмат іншых плятформаў для крыптавалют. Карыстальнікі змогуць там мець адзін альбо больш адрасоў, не прывязаных да іх сапраўднай ідэнтыфікацыі.

«Інфармацыя з рахункаў карыстальнікаў Calibra і фінансавыя дадзеныя ня будуць выкарыстоўвацца, каб палепшыць скіраванасьць рэклямы ў сэрыі прадуктаў Facebook, Inc», — гаворыцца ў заяве кампаніі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG