Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадусар сэрыялу «Чарнобыль»: «Зьвяртаўся да твору Алексіевіч, каб знайсьці прыгажосьць і смутак»


Сьвятлана Алексіевіч
Сьвятлана Алексіевіч

Прадусар сэрыялу «Чарнобыль» пісьменьнік Крэйг Мэйзін даў высокую ацэнку «Чарнобыльскай малітве» Сьвятланы Алексіевіч, на якую ён абапіраўся ў працы над фільмам.

13 чэрвеня Крэйг Мэйзін напісаў у сваім твітэры: «Я браў гістарычныя факты і навуковую інфармацыю з многіх крыніц, але да Галасоў з Чарнобылю спадарыні Алексіевіч я заўсёды зьвяртаўся, каб знайсьці прыгажосьць і смутак».

12 чэрвеня ў інтэрвію Свабодзе нобэлеўская ляўрэатка заявіла, што лічыць міні-сэрыял «Чарнобыль» найлепшым сярод мноства экранізацый і пастановак «Чарнобыльскай малітвы»: «Там ёсьць доля страху, развагі, прыгажосьць — тое, што мяне заўсёды хвалявала ў зьле».

Аўтары сэрыялу патлумачылі Сьвятлане Алексіевіч, што адсутнасьць яе імя ў тытрах была тэхнічнай памылкай, якая мае быць выпраўленая. Сьвятлана Алексіевіч дала згоду на выкарыстаньне яе твору «Чарнобыльская малітва» для стварэньня сэрыялу HBO «Чарнобыль», быў заключаны адпаведны кантракт.

Амэрыканска-брытанскі міні-сэрыял «Чарнобыль» распавядае пра самую буйную тэхнагенную катастрофу XX стагодзьдзя — выбух на Чарнобыльскай АЭС.

«Чарнобыльская малітва. Хроніка прышласьці» — кніга нобэлеўскай ляўрэаткі, беларускай журналісткі і пісьменьніцы Сьвятланы Алексіевіч, прысьвечаная аварыі на Чарнобыльскай АЭС у 1986 годзе. Алексіевіч у наступныя пяць гадоў пасьля аварыі гутарыла зь пяцьцюстамі сьведкамі аварыі, у тым ліку пажарнымі, ліквідатарамі, палітыкамі, лекарамі, фізыкамі і звычайнымі грамадзянамі. Кніга апісвае псыхалягічную і асабістую трагедыю, якой стала чарнобыльская аварыя, і дасьледуе ўражаньні людзей, і тое, як аварыя паўплывала на іх жыцьці.

Што важна ведаць пра аварыю на Чарнобыльскай АЭС

Аварыя на Чарнобыльскай АЭС 26 красавіка 1986 году лічыцца самай вялікай тэхнагеннай катастрофай XX стагодзьдзя.

  • У атмасфэру было выкінута радыеактыўных рэчываў у 300 разоў больш, чым пасьля атамнага бамбаваньня Хірасімы ў 1945 годзе.
  • З усіх краін ад наступстваў чарнобыльскай катастрофы Беларусь пацярпела найбольш — на тэрыторыі Беларусі асела звыш 70% радыенуклідаў, найбольш забрудзіўся 21 раён.

  • З 2,2 мільёна чалавек, якія жылі на забруджаных землях, эвакуавалі і адсялілі 138 тысяч, яшчэ каля 200 тысяч самі зьехалі з пацярпелых тэрыторый.
  • У 1986 годзе падчас аварыі на ЧАЭС з разбуранага рэактара было выкінута 1850 пэтабэкерэляў радыенуклідаў, пры гэтым на долю радыеактыўнага цэзію прыпала 270 пэтабэкерэляў. Пэрыяд паўраспаду цэзію-137 — 30 гадоў. Гэта значыць, што на 2016 год яго колькасьць на тэрыторыі Беларусі зьменшылася ўдвая.

Чарнобыль: Поўная храналёгія падзеяў

Яшчэ на гэтую тэму

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG