Калі 26 красавіка 1986-га ўзарваўся рэактар, Васіль Несьцярэнка быў дырэктарам Інстытуту ядзернай энэргетыкі АН БССР у пасёлку «Сосны». Зь першых дзён аварыі дабіваўся, каб партыйнае кіраўніцтва ратавала людзей.
Гэта каштавала яму кар’еры, працы, здароўя. «Супастаўнай яму фігуры па маштабе, ведах, аўтарытэце на той час не было ў Беларусі», — кажа сын Васіля Несьцярэнкі, дырэктар Інстытуту радыяцыйнай бясьпекі «Белрад» Аляксей Несьцярэнка.
Хто такі Васіль Несьцярэнка
Доктар тэхнічных навук, прафэсар, член-карэспандэнт АН БССР, заслужаны дзеяч навукі і тэхнікі БССР, ляўрэат дзяржаўнай прэміі БССР, генэральны канструктар мабільнай атамнай электрастанцыі «Памір», заснавальнік і дырэктар незалежнага інстытуту радыяцыйнай бясьпекі «Белрад».
Нарадзіўся ў 1934 годзе ва Ўкраіне. Памёр у 2008-м у Менску.
Як Несьцярэнка ратаваў Беларусь ад Чарнобылю
- 30.04.1986 Несьцярэнка падае Мікалаю Сьлюнькову (першы сакратар ЦК кампартыі Беларусі. — РС) дакладную запіску, у якой рэкамэндуе правесьці ёдную прафіляктыку насельніцтва, дэзактывацыю скуры і адзеньня людзей, жылых памяшканьняў, санітарна-асьветную працу сярод насельніцтва, санітарнае мыцьцё гарадоў, абмежаваць дастаўку і гандаль прадуктамі харчаваньня ў адкрытым выглядзе. Гэты ліст стаў сакрэтным.
- У першыя дні пасьля аварыі Несьцярэнка і ягоныя супрацоўнікі аб’ехалі патэнцыйна пашкоджаныя тэрыторыі, узялі пробы зямлі, малака, іншых прадуктаў харчаваньня.
- На працягу некалькіх тыдняў імі былі створаныя мапы забруджваньня, якія ўвесь час абнаўляліся.
- Несьцярэнка настойваў на адсяленьні людзей ня толькі з 30-кілямэтровай зоны вакол месца аварыі, а з усіх мясьцін, дзе выпала радыяцыя.
- Настойваў на праверках прадуктаў харчаваньня і арганізаваў адкрыцьцё 370 цэнтраў праверкі радыяцыйнага забруджваньня па ўсёй тэрыторыі рэспублікі.
- Не задаволены бязьдзейнасьцю беларускіх чыноўнікаў, зьвярнуўся да вышэйшага кіраўніцтва ў Маскву, пасьля чаго быў звольнены з пасады дырэктара Інстытуту ядзернай энэргетыкі. Перажыў некалькі замахаў на сваё жыцьцё.
- Лічыў, што радыяцыйнае забруджваньне аказвае катастрафічнае ўзьдзеяньне на здароўе беларусаў і выяўляецца ў росьце выпадкаў анкалягічных захворваньняў шчытападобнай залозы, лёгкіх, крыві.
- У складзе ўрадавай камісіі ў 1998-м дамогся 10-гадовага мараторыю на пабудову АЭС у Беларусі.
- Стварыў незалежны цэнтар радыямэтрычнага кантролю «Радыёмэтар», пазьней стаў дырэктарам інстытуту радыяцыйнай бясьпекі «Белрад».
«Калі вы сёньня нічога ня зробіце, беларусаў не застанецца»
— У першым эпізодзе сэрыялу HBO «Чарнобыль», дзе Ўльяна Хамюк прыходзіць да кіраўніка ЦК, я пазнала некаторыя дэталі з маналёгу вашага бацькі з кнігі Сьвятланы Алексіевіч «Чарнобыльская малітва». А як на ваш погляд, ці ёсьць такія падабенствы?
— Інфармацыя пра падвышэньне радыяцыі ў Беларусі пайшла з «Соснаў». У гэтым сэрыял супаў з рэальнасьцю. Тады ў «Соснах» быў дасьледчы рэактар, дазымэтрычная служба і вёўся вялікі праект па стварэньні першай у сьвеце мабільнай атамнай электрастанцыі «Памір». У нашай рэспубліцы на той момант лепшых спэцыялістаў, лепшай прыборнай базы, чым там, проста не было. Пасьля ўжо бацька і ягоныя калегі стваралі першыя мапы забруджваньня.
Калі браць рэальную размову са Сьлюньковым (першы сакратар ЦК кампартыі Беларусі ў 1983–1987, пазьней сакратар ЦК КПСС у 1987–1990. — РС), то Васіль Барысавіч цудоўна разумеў ягонае становішча: той не хацеў рызыкаваць, бо яму сьвяціла прызначэньне ў Маскву. Бацька прапаноўваў, што ўсё можна зрабіць так, што ніхто пра гэта не даведаецца. Казаў: запусьціце ёд у сыстэму водазабесьпячэньня. Гэтаксама можна зрабіць зь пітной вадой, малаком.
Фраза, якая ўвайшла ў кнігу, была даслоўная: «Калі вы сёньня нічога ня зробіце, то ані беларусаў, ані культуры не застанецца».
Бацька сам аб’езьдзіў адразу пасьля аварыі ўсе пацярпелыя раёны. Быў у Чарнобылі. Зь Лягасавым (Валер Лягасаў — сябар урадавай камісіі па расьсьледаваньні прычын аварыі на ЧАЭС. — РС) лятаў на верталёце над рэактарам. Гэта быў пачатак траўня. Ён хацеў больш разоў лятаць, але Лягасаў яму сказаў: «У цябе сын, вылазь».
— Гэта адбілася на ягоным здароўі?
Ён адным зь першых у Беларусі меў афіцыйную інваліднасьць, зьвязаную з наступствамі аварыі. Пэнсію атрымліваў, нейкія зьніжкі на лекі меў. Праблем са здароўем было шмат. Ён трымаўся, бо ўвесь час працаваў, быў такі вечны рухавік.
— Яго вельмі хутка пасьля аварыі (у 1987-м) звольнілі з пасады дырэктара інстытуту, які ён узначальваў 10 гадоў. Была нейкая ўцямная прычына, за што? Як ён гэта перажываў?
— Першапрычына зразумелая — надта шмат гаварыў і пісаў. Увогуле ён быў вельмі нязручным чалавекам для любога кіраўніцтва.
Разумееце, у яго быў досыць хуткі ўзьлёт. Ён вёў вялізны праект, быў галоўным канструктарам гэтай мабільнай электрастанцыі. Узначальваў паважаны ў шырокіх колах інстытут, быў аўтарам вялізнай колькасьці навуковых прац. Меў вельмі шмат аўтарскіх пасьведчаньняў. Быў практыкуючы інжынэр. Цяжка было пабачыць, каб ён адпачываў.
І вось, як толькі тэму з «Памірам» закрылі, яго зьнялі з дырэктарства.
У цяжкім стане ён быў і маральным, і фізычным. Уявіце, як гэта — аказацца загадчыкам лябараторыі ў сваім жа інстытуце. Стаяла пытаньне аб выключэньні з партыі па сфабрыкаванай справе.
Гэта была вялікая асабістая трагедыя, бо калі ён перастаў быць дырэктарам, вялізарная колькасьць людзей зьнікла. Былі «самыя лепшыя», «самыя верныя», а пасьля на ўсіх сходах яны яго кляймілі і палівалі.
— Мне даводзілася чуць, што Несьцярэнку ня проста звольнілі, але і «аддалі на расправу КДБ». Ён і сам распавядаў пра замах на ягонае жыцьцё.
— Спэцслужбам было вядома, што недзе захоўваюцца копіі лістоў, якія ён накіроўваў Сьлюнькову, Гарбачову, Ільіну. У нас на дачы быў вобшук у нашую адсутнасьць. І званкі былі з пагрозамі. Бацька перажыў некалькі замахаў на сваё жыцьцё.
Ён пад’ехаў да скрыжаваньня Ўральскай і Даўгабродзкай, спыніўся на чырвонае сьвятло, а ззаду на яго на поўнай хуткасьці ляцела «Волга»-ўнівэрсал — машына хуткай дапамогі. Бацька пабачыў у люстэрка задняга віду гэтую машыну і паехаў на чырвонае. Ён сабе так жыцьцё ўратаваў, бо разьлік быў на тое, што ўдар у стаячую машыну, пералом шыйнага пазванка — і ўсё.
Калі сталі афармляць ДТП, выявілася, што кіроўца быў прыняты на працу ў гэты ж дзень, а пасьля аварыі быў звольнены.
А яшчэ раней, у 1987 годзе, яму на паркоўцы каля інстытуту перарэзалі ўсе чатыры тармазныя шлянгі ў машыне.
«Ён цудоўна разумеў, што яго могуць проста забіць»
— Я спрабую зразумець, што гэта быў за чалавек. Вось ён усё разумее пра сыстэму, ведае яе знутры, разумее, што яго могуць проста забіць. І ўсё адно не спыняецца, калі ўсе вакол ужо сьцішыліся. Як так?
— Ён распавядаў такі выпадак, які зьмяніў ягонае стаўленьне і да Чарнобылю і да атамнай энэргетыкі. Ён быў пры эвакуацыі ў Брагіне, гэта недзе сярэдзіна траўня 1986 году. Тады дзяцей адрывалі ад маці, саджалі ў аўтобусы і везьлі на станцыю, там саджалі ў цягнікі.
Для яго гэта было, як на вайне. Ён вайну перажыў пад акупацыяй нямецкай, у дзяцінстве нацярпеўся. Шмат пра гэта таксама распавядаў.
Дык вось, у Брагіне гэта не плач, а лямант стаяў. Маці і дзеці па розныя бакі стаяць, і невядома ж было, куды звозяць, на колькі. Вось страх гэты, разрыў самай галоўнай сувязі ў сьвеце — маці і дзіцяці. Бацька казаў, што гэта зьмяніла ягонае стаўленьне да атамнай энэргетыкі агулам. І пасьля ён выказаў сур’ёзную думку, датычна сэрыялу яна важная. Ён лічыў, што чалавецтва не дарасло да атамнай энэргетыкі. Найперш маральна. Бо ўсе здабыткі выкарыстоўвалі зусім ня так, як плянавалася. І Фукусіма ўсё гэта пацьвердзіла.
Ён цудоўна разумеў, што яго могуць проста забіць. Але ўпартасьць была ў яго на максымальным узроўні, ён называў сябе ўкраінцам. І грамадзянскае сумленьне такое, што ён ня мог гэтых людзей кінуць.
Ён яшчэ заўжды казаў, што прыйдзе дзень, калі ўсе спытаюць: «Дзе былі вучоныя? І вось мае лісты, што мы не былі ўбаку». А словы аказаліся прарочыя, бо калі прачытаць апошнія інтэрвію Сьлюнькова, Гарбачова — у іх ва ўсіх вучоныя вінаватыя, а яны нічога ня ведалі, ня ведалі сапраўдных маштабаў, былі няправільна інфармаваныя.
— У інтэрвію, якое Сьвятлана Алексіевіч запісвала з Васілём Барысавічам для «Чарнобыльскай малітвы», ён кажа, што «прыйдзе час, і за гэтае маўчаньне і бязьдзеяньне будуць судзіць, як за 1937 год». Вам такая ідэя падаецца рэалістычнай?
— Ёсьць такая арганізацыя міжнародная, якая патрабуе «чарнобыльскага трыбуналу». Там немалы сьпіс атрымліваецца, і ў ім ня толькі нашыя суайчыньнікі, але і асобы плянэтарнага маштабу. На жаль, нічога не памянялася.
Хоць, можа, гэта і магло б паўплываць на будучае прыняцьце рашэньняў. Бо досьвед Фукусімы вельмі падобны да Чарнобылю. У маштабах хаваньня інфармацыі і абдурваньня насельніцтва яны дакладна «нумар адзін».
У прынцыпе, атамная энэргетыка — вельмі спэцыфічная сыстэма. Яна стваралася як тэхналёгія падвойнага прызначэньня. Адсюль поўная закрытасьць, каставасьць, дакладная дысцыпліна, мінімум інфармацыйных працёкаў.
— Як Васіль Несьцярэнка ставіўся да праекту пабудовы беларускай АЭС?
— Ён быў супраць. Васіль Барысавіч уваходзіў яшчэ ў першую камісію па ацэнцы мэтазгоднасьці разьвіцьця атамнай энэргетыкі ў Беларусі. Камісія была прадстаўнічая. Прыкладна 50 на 50 было адмыслоўцаў за і супраць будаўніцтва. Несьцярэнка і Іван Смоляр, тагачасны старшыня камісіі пры Вярхоўным Савеце па чарнобыльскіх пытаньнях, дамагліся мараторыю на 10 гадоў, які адкладаў будаўніцтва АЭС.
Бацька заўжды казаў, што раз нам так патрэбная АЭС, то прасьцей у расейцаў арандаваць адзін блёк Смаленскай.
«Маму шакаваў момант з гарэлкай»
— Якое вашае ўражаньне ад сэрыялу? Ці вы нешта з бацькавай біяграфіі пазнаяце ў вобразе Ўльяны Хамюк?
— Я сам толькі паўтара эпізода паглядзеў. Але з таго, што бачыў, ён вельмі моцны па акторскай гульні, дэталях. Ульяна Хамюк — гэта вобраз сумленнага навукоўца. Яны былі, безумоўна, на розных этапах і ў розных сфэрах.
Мая мама Ільза Эрвінаўна Несьцярэнка працавала ў Інстытуце ядзернай энэргетыкі разам з бацькам. Яна сэрыял глядзіць. Яе абурыла, калі гераіня прыходзіць у бібліятэку і ёй нібыта не даюць нейкі матэрыял, спасылаючыся на высокі ўзровень сакрэтнасьці. Яе шакавала, бо формы сакрэтнасьці былі розныя, і ў майго бацькі была найвышэйшая. Яму былі даступныя любыя тайны. Такога не было, каб пры ягонай пасадзе яму маглі штосьці ня даць, гэта проста немагчыма. Ну, і другі момант — такія дакумэнты (апісаньне і аналіз дэталяў канструкцыі АЭС. — РС) не маглі быць ва ўнівэрсытэцкай бібліятэцы.
Маму шакаваў момант з гарэлкай. У нас добры знаёмы верталётчык, які ў Чарнобылі, дастаўляў будаўнічыя матэрыялы. Трапіў туды на другі дзень выпуску зь лётнай вучэльні, пабыў там месяц-два, атрымаў месяц адпачынку — і празь месяц паляцеў у Аўганістан. Ён казаў, што ў іх быў жорсткі сухі закон. Думаю, што гэта залежала ад структурных падразьдзяленьняў, але ж тады і агулам быў сухі закон з 1985 году.
— Для нас Чарнобыль — такая зьбітая тэма. Здаецца, мы ўжо ўсё ведаем, сёлета нават ня сталі праводзіць Чарнобыльскі шлях, бо нібыта ён ужо неактуальны. І вось выходзіць сэрыял, у якім для нас «нічога новага», а гэта «найлепшы сэрыял у гісторыі» і людзі так моцна ўражаныя. Чаму так?
— Я калісьці выступаў у Нямеччыне ў пажарнай частцы пры буйным мэталюргічным заводзе. Яны ўважліва слухалі, задавалі пытаньні пра ліквідатараў, пажарных. І кажуць: «А мы ня ведаем, хто б з нас добраахвотна пайшоў». Я лічу так, што для заходняга гледача тое, што паказана ў сэрыяле, беспрэцэдэнтна, бо пераварочвае ўстаноўку пра каштоўнасьць чалавечага жыцьця. Яны ня могуць зразумець, як можна было так рабіць.
У постсавецкіх людзей дзьве рэакцыі бачу. Альбо жорсткі нэгатыў, бо нешта ня так і сыстэма ня так паказаная. Гэта, напэўна, тыя людзі, якія цяпер Сталіна пачынаюць апраўдваць. А сучаснаму пакаленьню ўжо не зразумелая такая самаахвярнасьць.
Ну, і страшна. Прыгожы эфэктны відэашэраг, глядзіцца як фільм жахаў нават. Гэтым і чапляе.
І я не пагаджуся з вамі, што пра Чарнобыль шмат кажуць. Хутчэй не.
У беларускім сэгмэнце нядаўна быў камэнтар: «З чым Чарнобыль апошнім часам асацыяваўся? З Чарнобыльскім шляхам». Няхай на мяне не крыўдуюць, бо я далёкі ад палітыкі, але Чарнобыльскі шлях заўжды быў вельмі далёкі ад Чарнобылю. Калі не лічыць першыя гады, калі ўся плошча Леніна стаяла, адвярнуўшыся сьпінай да Дома ўраду. Гэта было магутна. А пасьля апазыцыя гэтаксама выкарыстоўвала Чарнобыль у чыста палітычных мэтах.
Да мяне часта зьвяртаюцца журналісты, але заўжды чамусьці па датах — 25 гадоў, 30 гадоў. «А чаму вы маўчыце? Нічога ня кажаце?» Я кажу: добра, а чаму вы пра гэта кажаце толькі па датах? Прыйдзеце да мяне ў верасьні, я вам дам інтэрвію. А ў верасьні ўжо нікому ня трэба.
«Сёньня ўжо нічога немагчыма схаваць»
— Што Чарнобыль зрабіў зь Беларусьсю?
— Беларусь адназначна найбольш пацярпела. Для нашага савецкага дзяцінства былі сакральныя словы, што кожны чацьвёрты беларус загінуў падчас Вялікай Айчыннай вайны. Такая ж колькасьць беларусаў так ці інакш аказалася пад узьдзеяньнем гэтай аварыі. Вялізная псыхалягічная траўма. Станцыя не на нашай тэрыторыі, а мы аказаліся, прычым па максымуме.
— Прэсавы сакратар МНС прыватна ў сваім фэйсбук-акаўнце не пагадзіўся зь меркаваньнем, што калі б падобнае здарылася сёньня, дзеяньні адказных людзей засталіся б такія самыя, як і 30 гадоў таму. У камэнтарах шмат хто яму пярэчыць. Вы думаеце, будзе інакш?
— Сёньня ніхто, ніводная краіна не гатовая да такой аварыі. Хто яшчэ зможа мабілізаваць мільён чалавек? Ёсьць, натуральна, плян дзеяньняў для ўсіх у падобнай сытуацыі. МНС, напэўна, найбольш прафэсійна падрыхтаванае, вайскоўцы.
Папярэднія кіраўнікі зрабілі ўсё, каб насельніцтва страціла давер да любой інфармацыі, нават калі яна была праўдзівая. Але што да празрыстасьці — у Беларусі створаная сыстэма аўтаматызаванага радыяцыйнага маніторынгу на межах — на поўначы з Ігналінскай, на ўсходзе ў Смаленску, на поўдні — Чарнобыль, Ровенская АЭС. Гэтая сыстэма празрыстая і падключаная да сайта Белгідрамету.
Схаваць ужо нічога сёньня немагчыма. Плямы радыяцыйнага забруджвання, як у некаторых рэгіёнах Гомельскай вобласьці, ёсьць на поўначы Нарвэгіі. Радыяцыя ж пойдзе не па мяжы, усё будзе залежаць ад ружы вятроў, ападкаў, ад кірунку паветраных мас. Можа быць што заўгодна.
Што крыўдна з сэрыялам: шмат якія людзі зразумелі гэта як чыста савецкую гісторыю. Вось сыстэма, вось гераічныя людзі, спачатку ствараем праблемы, а пасьля іх гераічна пераадольваем. А нейкі француз ці чэх можа падумаць, што ў іх гэта немагчыма. Але гэта і блізка ня так. Проста падумайце, што здарылася з адной з найбольш разьвітых краін у сьвеце — Японіяй.
— У тым жа інтэрвію Васіль Барысавіч прыводзіць фразу аднаго з тагачасных партыйных функцыянэраў Ільіна. Чарговы раз адмаўляючы яму ў тым, каб рабіць нейкія захады, ён кажа «Беларусь, Васіль Барысавіч, цябе ніколі не забудзе за тое, што ты для яе зрабіў». Не забыла?
— Думаю, што бацьку памятаюць. Яшчэ жывыя шмат людзей, якія яго памятаюць. У Соснах нават хацелі вуліцу ягоным імем назваць, але не атрымалася. Інстытут наш працуе. Памяць пра яго жывая.