Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што дасьць Беларусі закон аб абароне пэрсанальных зьвестак. Разьбіраемся з экспэртам


Палата прадстаўнікоў прыняла ў першым чытаньні законапраект аб абароне пэрсанальных зьвестак. Свабода паглядзела, што ў ім карыснага і каму ён нашкодзіць.

Што за законапраект

Калі законапраект стане законам і яго прымуць, ён будзе гарантаваць бясьпеку пэрсанальных зьвестак, у тым ліку карыстальнікаў інтэрнэту. Зьбіраць пэрсанальныя дадзеныя можна будзе толькі са згоды чалавека. Да другога чытаньня законапраект абяцаюць дапрацаваць, а дзейнічаць ён пачне праз год пасьля афіцыйнага апублікаваньня.

Падобныя законы існуюць шмат у якіх краінах. У некаторых эўрапейскіх краінах падобны закон прынялі яшчэ ў 1990-х гадах, а 25 траўня ва ўсім Эўразьвязе пачаў дзейнічаць Агульны рэглямэнт абароны пэрсанальных зьвестак (GDPR).

Людзям добра, некаторым кампаніям — дрэнна

Па такім законе ніякія кампаніі больш ня змогуць зьбіраць дадзеныя людзей бязь іх дазволу. Напрыклад, вы набываеце кампутар у інтэрнэт-краме па кошце вышэй за сярэдні. Цяпер кампанія, прааналізаваўшы вашыя дадзеныя, прапанавала б вам набыць яшчэ і дарагі тэлефон. Паводле новага закону (калі яго прымуць), аналізаваць вашыя дадзеныя змогуць, толькі атрымаўшы ў вас дазвол.

Дзеля гэтага некаторыя эўрапейскія сайты выкарыстоўваюць адмысловую форму запыту: вы заходзіце на сайт і ў вас пра гэта пытаюцца.

Некаторыя кампаніі, якія спэцыялізуюцца на зборы пэрсанальных зьвестак, могуць пацярпець. Пра гэта кажа юрыст і сузаснавальнік праваабарончай арганізацыі Human Constanta Аляксей Казьлюк.

«Гэта закране пэўныя ценевыя кампаніі, якія займаюцца зборам зьвестак пра грамадзян. Напрыклад, ёсьць кампаніі, якія навязьліва прапануюць усталёўваньне вокнаў. Яны ж бяруць аднекуль інфармацыю пра людзей, тэлефануюць і прапаноўваюць свае паслугі. Закон забароніць распаўсюджваньне зьвестак з нумарамі тэлефонаў і адрасамі», — кажа Аляксей Казьлюк.

Закон, калі яго прымуць, распаўсюдзіцца таксама і на дзяржаўныя ўстановы, якія ня змогуць дзяліцца вашымі пэрсанальнымі зьвесткамі. Напрыклад, фэйкава запісваць у БРСМ, не пытаючыся дазволу, будзе парушэньнем закону. Хоць адказнасьць у новым законапраекце пакуль не прапісаная.

Новы закон можа абмежаваць працу СМІ

Новы закон таксама можа паўплываць на працу СМІ. Распрацоўшчыкі ўжо паведамілі, што па ім нельга будзе, напрыклад, сфатаграфаваць дом чыноўніка і падпісаць у публікацыі, чый ён, без дазволу гэтага чалавека. Такімі публікацыямі абуралася старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына. Аляксей Казьлюк называе гэта перагібам, бо такая інфармацыя мае грамадзкую важнасьць.

«Закон у нас могуць павярнуць так, што ён стане абмяжоўваць права на доступ да інфармацыі і яе распаўсюд. Каб такога не было, існуе паняцьце „грамадзка важная інфармацыя“, калі запыт на дазвол ад канкрэтнага чалавека не патрабуецца», — кажа Аляксей Казьлюк.

Таму прымяненьне закону залежыць ужо ад дзяржавы — каб ён сапраўды абараняў правы спажыўцоў, а не інтарэсы чыноўнікаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG