Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Маці-328» лічаць зьмены ў наркатычны артыкул КК недастатковымі і працягваюць галадоўку


Архіўнае фота. Галадоўка «Маці-328» у 2018 годзе
Архіўнае фота. Галадоўка «Маці-328» у 2018 годзе

«Зьмены добрыя, але мінімальныя. Гэтага недастаткова», — сказала Свабодзе лідэрка руху «Маці 328» Ларыса Жыгар аб прыняцьці лібэральных зьменаў у артыкул 328 Крымінальнага кодэксу.

Палата прадстаўнікоў 13 чэрвеня прыняла ў другім чытаньні папраўкі ў артыкул 328 Крымінальнага кодэксу. Мінімальны тэрмін пазбаўленьня волі за незаконнае абарачэньне наркотыкаў зьменшылі на 2 гады.

Зьмены прадугледжваюць зьмяншэньне мінімальнага пакараньня ў:

  • 2-й частцы артыкулу — з 5 да 3 гадоў;
  • 3-й частцы артыкулу — з 8 да 6 гадоў.

Максымальныя пакараньні ў трох частках арт. 328 засталіся ранейшымі – 5, 8 і 15 гадоў турмы.

«Радасьці ўсё ж няшмат. Дай Бог, каб новыя нізкія межы пакараньня сапраўды ўжываліся: калі некаму пагражае 8 гадоў, дык каб яму сапраўды зьнізілі на 2 гады. Але ж на іншых гэта не распаўсюдзіцца, ім усё роўна трэба спадзявацца толькі на наглядныя скаргі. А гэтыя скаргі пакуль у большасьці выпадкаў не спрацоўваюць»,— сказала Свабодзе лідэрка руху «Маці 328» Ларыса Жыгар.

Лідэрка «Маці 328»: «Будзем біцца за непаўналетніх»

Ларыса Жыгар заявіла, што «Маці 328» будуць далей змагацца за зьніжэньне тэрмінаў паводле 4 часткі артыкулу 328.

Ларыса Жыгар
Ларыса Жыгар

«Будзем біцца за непаўналетніх, бо іх шмат ідзе па 4-й частцы, сямнаццацігадовых, якія нібыта арганізавалі злачынную групоўку. А яны ўсяго толькі праз інтэрнэт-краму купілі сабе нейкую дозу, якую потым падзялілі, каб пабалавацца, атрымаць кайф. Але іх запісалі ў арганізаваную групу і далі па 10 гадоў, прычым гэта мінімум. Вось за такіх непаўналетніх трэба біцца, бо такія тэрміны для іх драконаўскія», — мяркуе Ларыса Жыгар.

Таксама Ларыса Жыгар спадзяецца, што цяпер празь зьніжэньне ніжняй мяжы пакараньня паводле 2 і 3 частак артыкулу 328 пачнуць вызваляць вязьняў, якія мелі мінімальныя пакараньні і ўжо адбылі іх з улікам новых мінімальных тэрмінаў. Паводле Ларысы Жыгар, такімі справамі маюць заняцца Генпракуратура і суды: «Проста трэба, каб яны самі бралі на сябе ініцыятыву, вывучалі такія справы і пачыналі працэс вызваленьня людзей. Спадзяюся, так і будзе».

Галадоўка «Маці 328» працягваецца

Нічога не знайшла станоўчага ў прынятым законапраектце Ала Берналь, актывістка «Маці 328», удзельніца галадоўкі ў вёсцы Востраў Пухавіцкага раёну.

«Як па мне, дык гэты законапраект ніякі, бо ён нічога не зьмяняе. Гэта толькі дэклярацыя, бо суды ўсё роўна будуць судзіць па верхняй планцы, як рабілі і дагэтуль. Таму ніякіх істотных зьменаў я не прадбачу. Увесь гэты 328 артыкул — як надзьмуты шарык, бо ў ім мала канкрэтыкі, яго пры жаданьні можна разьдзьмуць, а можна крыху паменшыць, як цяпер зрабілі, але сутнасьць не мяняецца, бо закон застаецца рэпрэсіўным, жорсткім».

Ала Берналь мяркуе, што ў барацьбе з наркотыкамі павіны працаваць розныя мэханізмы: прафіляктыка нарказвароту, рэабілітацыйныя цэнтры для залежных ад наркотыкаў і суды, якія выносяць пакараньні.

«Усе мусяць узаемадзейнічаць, каб найперш зьменшыць колькасьць спажыўцоў наркотыкаў. Бо калі ня будзе попыту, дык ня будзе і прапановы. Але нашыя ўлады на гэта не ідуць, да рэабілітацыі ставяцца ў апошнюю чаргу, увагі гэтаму ўдзяляецца недастаткова. Вось за гэта мы таксама будзем працягваць змагацца».

Трэці дзень Ала Берналь і дзьве яе сяброўкі па руху «Маці 328» Людміла Кулініч і Алена Кузьміна трымаюць галадоўку. Жанчыны патрабуюць сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам, а таксама перагляду спраў паводле 4 часткі 328-га артыкулу.

Галадоўка траіх актывістак «Маці 328» праходзіць на лецішчы ў вёсцы Востаў Пухавіцкага раёну. Пакуль, паводле галадоўніц, да іх ніхто з прадстаўнікоў уладаў не прыяжджаў. Другі дзень на знак салідарнасьці разам з актывісткамі галадае таксама праваабаронца Станіслаў Цыбінскі з праваабарончай арганізацыі «Тайм-аўт».

13 чэрвеня галадоўніц агледзелі і правялі зь імі заняткі псыхолягі.

Пакараньне за наркатычныя злачынствы ў Беларусі. Што важна ведаць

  • У красавіку-траўні 2018 года актывісткі «Маці 328» правялі 15-дзённую галадоўку ў Калінкавічах на Гомельшчыне і ў Пухавіцкім раёне на Меншчыне, а таксама 10-дзённую галадоўку ў Лідзе.
  • Удзельнікі галадоўкі патрабавалі перагляду жорсткіх прысудаў, якія выносіліся ад 2013 году паводле 328 артыкула (ад 5 да 25 гадоў пазбаўленьня волі), а таксама зьменаў у заканадаўства.
  • «Маці 328» лічаць, што ў некаторых выпадках тэрміны зьняволеньня несувымерныя злачынству, а закон недастаткова ўлічвае асобы злачынцаў, іх узрост ды іншыя акалічнасьці.
  • 13 чэрвеня 2019 года Палата Прадстаўнікоў у другім чытаньні прыняла папраўкі ў артыкул 328. Мінімальны тэрмін пазбаўленьня волі за незаконнае абарачэньне наркотыкаў зьменшылі на 2 гады. У ліпені Лукашэнка падпісаў закон аб зьмене КК.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG