Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Школьныя іспыты як вырак грамадзтву


О! Пачалося! Ніколі такога не было, і вось ізноў. Дзеці пачалі здаваць школьныя іспыты — і пасыпаліся першыя прэтэнзіі на адзнакі.

Тэлефануе знаёмая: «Аня, дай параду! Што нам рабіць? Сын пісаў матэматыку, усё чыста сьпісаў са шпораў, там ідэальная работа, а паставілі сем, як гадавую. Але ж там усё без памылак! Што нам цяпер трэба, да каго ісьці, ці дадуць нам паглядзець кантрольную? Што мы зможам даказаць?»

Божа міласэрны! Калі, калі ўжо прыйдзе збавеньне ад гэтага ўсяго, і школьныя іспыты пачнуць прымаць якія-небудзь незалежныя камісіі зь іншых школаў і гарадоў? Калі ўжо нарэшце іспыты тыя наогул перафарматуюць такім чынам, каб гэта сапраўды быў выніковы іспыт за курс сярэдняй школы, а не рытуальныя пакуты з усіх бакоў?

Гэта ж тады скончыцца ўсё. І намаляваныя адзнакі. І сталы прэсінг з боку вучняў і бацькоў: «Дайце нам васьмёрку, мы ў гэтым годзе паступаем». І гэтыя немагчымыя маніторынгі школьных іспытаў, падчас якіх з нас, настаўнікаў, вытрасаюць, каб вучань пацьвердзіў сваю гадавую адзнаку, бо як напіша горай — дык, значыцца, мы яму адзнакі падвышалі, а як лепей — заніжалі. І пачнецца адукацыйны рай, калі адзнака будзе ўсяго толькі адзнакай: як ведаеш — так і атрымаў.

«Каця!» — кажу я сваёй знаёмай. «Дарагая Каця! Скажы мне, калі ласка, на што твой Пецька ведае матэматыку?» — «Ну пры чым тут гэта... Ну на шэсьць». — «А ты зьбіраесься ісьці біцца за дзесяць?» — «Ну дык чыста сьпісаў жа! За шпору дваццаць рублёў аддалі!» — «Каця, ну ён мог няправільна сьпісаць, мог наблытаць у афармленьні, мог зрабіць благі чарцёж, бо нават калі была магчымасьць сьпісаць — чалавек, які ведае матэматыку на "шэсьць", часьцяком сьпісвае з ідэальных крыніц на гэтую ж самую шасьцёрку. Ты хочаш зганьбіцца зусім? І зганьбіць свайго Пецьку, якога па праўдзе павінны былі выгнаць з іспыту за шпоры? Вы б лепей матэматыку падцягнулі, да добрага рэпэтытара пайшлі б, чым дваццаць рублёў за шпоры аддаваць». — «Ясна, — кажа мая сяброўка. — І ты такая самая, як яны».

А я ведаю, што насамрэч усе баяцца незалежнай атэстацыі. Усе: і вучні, і бацькі, і настаўнікі нават. І ня толькі таму, што палезе тады з усіх шчылін гніласьць сыстэмы. А і таму, што і незалежная атэстацыя можа апынуцца шчэ якой залежнай. Трэба «патапіць» адміністрацыю ці канкрэтнага настаўніка — зробяць. Трэба выцягнуць — зробяць.

Гэтыя праклятыя кантрольныя, сьпісаныя шасьцёрачнікамі на дзясяткі з дваццацірублёвых шпор. Яны нам паўсюль адгукаюцца. Ня толькі ў школе. Паўсюль.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG