Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністар адукацыі Беларусі анансаваў зьмены ў форме школьных іспытаў


Міністар адукацыі Ігар Карпенка, архіўнае фота
Міністар адукацыі Ігар Карпенка, архіўнае фота

Што будзе замест выпускных іспытаў у школах і калі дакладна, міністар адукацыі трымае ў сакрэце.

Міністар адукацыі Беларусі Ігар Карпенка выказаў незадаволенасьць, што выпускныя экзамэны ў школе і ўступныя ў ВНУ адрозьніваюцца. Карпенка агучыў чарговыя зьмены ў інтэрвію тэлеканалу АНТ.

«І паглядзім на сыстэму атэстацыі школьнікаў. Сёньня гэта адна з формаў загрузкі навучэнца. Дапусьцім, 11-я кляса, выпускнікі здаюць 4 іспыты, прычым усе яны праходзяць у зусім іншай форме, чым уступная кампанія ў ВНУ», — заявіў міністар.

Таксама ён нагадаў, што да 1 верасьня 2019 году выдадуць яшчэ 73 новыя школьныя падручнікі, што завершыць лінейку падручнікаў пад новую праграму.

Ён адзначыў, што цяпер школьныя праграмы «блізкія да аптымальных», але некаторых настаўнікаў варта адправіць на павышэньне кваліфікацыі.

«Разам з тым мы ўбачылі, што ёсьць праблема, што ня кожны настаўнік у поўнай ступені гатовы рэалізоўваць гэтую праграму. Стаіць пытаньне пра тое, што трэба сур’ёзна заняцца павышэньнем кваліфікацыі настаўнікаў», — сказаў Карпенка.


1 лютага Аляксандар Лукашэнка заслухаў даклад аб пэрспэктывах разьвіцьця адукацыі ў Беларусі. Сярод іншага ён раскрытыкаваў падручнікі біялёгіі і сказаў, што «ў краіне менш за ўсё трэба матэматыкаў».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG