Пра асаблівасьці новай уступнай кампаніі для абітурыентаў і пляны прыёму ў ВНУ на 2019 год распавяла 16 красавіка намесьніца міністра адукацыі Ірына Старавойтава, паведамляе БЕЛТА.
Новаўвядзеньні ўступнай кампаніі-2019
- абітурыенты, якія паступаюць на скарочаны тэрмін навучаньня, цяпер змогуць здаць іспыты на канкрэтную спэцыяльнасць у адной ВНУ, а потым выкарыстоўваць выпіску з вынікамі для паступленьня ў іншую ВНУ — на тую ж спэцыяльнасць;
- замежнікі, якія маюць посьпехі ў вучобе ў сваёй краіне, змогуць атрымаць вышэйшую адукацыю ў Беларусі на бюджэтнай аснове па грантах;
- удасканаленая мэтодыка разьліку балаў цэнтралізаванага тэставаньня (ЦТ): яна дазволіць ня толькі ранжыраваць абітурыентаў па ўзроўні падрыхтоўкі, але і супаставіць вынікі ЦТ з вынікамі навучаньня ў школе; падлік балаў будзе ажыцьцяўляцца ў аўтаматычным рэжыме.
Больш бюджэтных месцаў. Наперш для мэдыкаў, ІТ і спартоўцаў
Сёлета больш абітурыентаў змогуць вучыцца бясплатна:
- У сярэднеспэцыяльныя навучальныя ўстановы на дзённую бюджэтную форму навучаньня ў 2019 годзе плянуюць прыняць 25,4 тысяч чалавек (на 3,7% больш, чым у папярэднім годзе). Больш бюджэтных месцаў адкрыта на спэцыяльнасьці аховы здароўя і тэхнічныя.
- У ВНУ Беларусі на бюджэт у гэтым годзе возьмуць 26,6 тысяч чалавек (на 0,7% больш, чым у 2018 годзе).
Як паведаміў прадстаўнік Мінадукацыі Сяргей Касьпяровіч, у 2019 годзе павялічаны набор па наступных спэцыяльнасьцях:
- мэдыцынскіх,
- спартова-пэдагагічных,
- у сфэры IT.
ЦТ — з 11 чэрвеня па 1 ліпеня
З 2 траўня па 1 чэрвеня — рэгістрацыя на асноўны этап ЦТ па вучэбных прадметах, само тэставаньне будзе праходзіць з 11 чэрвеня па 1 ліпеня.
Рэзервовыя дні — 6, 8, 10 ліпеня. Здаць ЦТ у рэзэрвовыя дні можна толькі ў Беларускім дзяржаўным унівэрсытэце.