Пісьменьнік і былы кандыдат у прэзыдэнты Ўладзімер Някляеў амаль месяц жыве ў Швэцыі. У горадзе Люнд, на поўдні краіны, ён піша раман пра Янку Купалу. У інтэрвію Свабодзе Някляеў прыадкрыў таямніцы свайго новага твору, а таксама распавёў, чым падобныя швэды і беларусы, што яго нэрвуе, а што захапляе ў Швэцыі.
Чым Някляеў займаецца ў Люндзе
Пісалі, што я ў Швэцыі ў бежанстве. Лухта. Калі мякка сказаць. Я дапісваю тут кнігу — раман пра Купалу. Працаваць над раманам пачаў у Менску, але ніяк да завяршэньня ня мог давесьці. Штодня нешта ці нехта адрывае ад працы. Ды яшчэ штодзённая пагроза, што цябе могуць затрымаць, пасадзіць. Увесь час у псыхалягічным напружаньні. У такім стане цяжка пісаць. Перапынісься — мяняецца інтанацыя, рытміка тэксту. Сюжэтныя вузельчыкі рвуцца. Здаецца, ніколі не дапішаш. Таму я і вырашыў скарыстацца міжнароднай праграмай падтрымкі пісьменьнікаў і прыехаў у Люнд. Тут я магу засяродзіцца на працы, нішто мне не замінае.
Побыт
Сплю я па пяць гадзінаў. Дома, каб выспацца, бо гэта ж розная экалёгія, — восем. Значыць, тры гадзіны ў дзень эканомлю. Яны ідуць на гаспадарку. Трэба пайсьці ў краму, нешта купіць, прыгатаваць. Я ж тут адзін. Гадзіна раніцай і гадзіна вечарам ідуць на падтрымку фізычнай формы. З гэтым пасьля 2010 году, пасьля зьбіцьця і турмы маю пэўныя праблемы. Таму мушу займацца. Між іншым, тыя праблемы — адна з прычынаў, чаму я тут. У Швэцыі на высокім узроўні мэдыцына — і, можа, нешта са здароўем удасца палепшыць. Астатні час, а гэта амаль 14 гадзін, пішу. Зь невялікімі перапынкамі. Пераважна днём, але калі прысьніцца тэкст, магу ўначы прачнуцца і пісаць.
Мова
Амаль ва ўсіх швэдаў другая мова ангельская. Маёй ангельскай хапае на побыт: крама, вуліца, кавярня. Калі не хапае, ёсьць «Андроід» з праграмай-перакладчыкам, якую мне паставілі ва ўнівэрсытэце. З голасу перакладае амаль без памылак. А пры больш складаных сытуацыях, як літаратурныя сустрэчы, напрыклад, заўсёды ёсьць каму перакладаць. Напрыклад, на першай прэсавай канфэрэнцыі мяне і прадстаўляў, і перакладаў былы амбасадар Швэцыі ў Беларусі Стэфан Эрыксан. Так што з гэтым няма праблем.
Можна было б і швэдзкай мовай заняцца, але для гэтага няма матывацыі. І часу няма. Калі б сапраўды падаўся ў бежанства, давялося б вывучаць, гэта ясна. Але я тут ненадоўга. Стыпэндыя разьлічаная на два гады. Але я мо спраўлюся і за паўгода. І сытуацыя ў Беларусі, вядома, шмат што будзе вырашаць.
Кніга пра Купалу, якога Някляеву не хапае
Гэты раман я ўжо быў напісаў, даслаў у часопіс «Дзеяслоў». Рэдакцыя пачала рыхтаваць тэкст да друку, а я прапанаваў ім іншы варыянт раману. Яны сказалі, што гэта варыянт цікавейшы. Я згадзіўся, што так. І пачаў перарабляць раман, аб’яднаўшы дзьве часткі ў адну. Значыць, зьмяніў форму. А форма непазьбежна ўплывае на зьмест. Давялося і зьмест шмат у чым мяняць, перарабляць некаторыя сюжэтныя лініі. А гэта значна цяжэйшая праца, чым проста пісаць ад пачатку...
Раман «Гэй бэн Іном», што значыць «Геена вогненная», такая пакуль ягоная назва, — гэта раман пра Купалу, якога мне не хапае. Пра жывога чалавека з усімі ягонымі жарсьцямі. А то такое ўражаньне, нібы адразу ён нарадзіўся помнікам. І ў той жа час помнікам местачковым. А Купала — геній. Мне не хапае маштабу, у якім выпісаны Купала ў літаратуразнаўстве, ва ўспамінах — і ў рамане я шматкроць маштаб павялічваю. Купала нароўні ў рамане і з Маякоўскім, і з Горкім, і са Сталіным. Гэта раман-фантасмагорыя, але ўсё неверагоднае, што ў ім адбываецца, зьвязанае з жыцьцём Купалы, зь ягоным лёсам.
Скажам, я ведаю, што ў яго быў бурны раман у Вільні з адной акторкай. Гэта становіцца адной зь сюжэтных ліній, але дзея пераносіцца зь Вільні ў Маскву. А ў другой частцы раману дзеяньне ягонае ўвогуле пераносіцца ў наш час. У першай частцы застаюцца Сталін, Берыя, у другой частцы зьяўляюцца іншыя пэрсанажы.
У рамане шмат рэалій і шмат прыдумкі, таго, што б я хацеў, каб яно было.
Каян Лупака
Вось пішуць некаторыя хуткія на пяро хлопцы: маўляў, такі-сякі, дрындушкі пачаў пісаць, паддаўся, падклаўся. Далі званьне, прэмій нахапаў, машыну займеў — і паехаў на машыне Сталіну прывітаньні пісаць. Карацей, Каян Лупака. А вы, хлопцы, уявіце самі сябе ў тых часах. Калі я сядзеў у «амэрыканцы» і чакаў допытаў, уяўляў тых, хто тут сядзеў у 30-х і чакаў расстрэлу. Дык уявіце, што некага з вас клічуць у кабінэт сакратара ЦК і кажуць: «Напиши-ка мне, парень, приветствие товарищу Сталину». І што, вы з форсам адкажаце: «Ды пайшоў ты, таварыш сакратар, са сваім Сталіным!»? Хацеў бы я на вас ці ў той камэры, ці ў тым кабінэце паглядзець... А вы яшчэ кажаце, што Купала дарма не давёў да канца спробу самагубства, не зрабіў нармальна харакіры. Зноў жа: хацеў бы паглядзець...
Давайце ўсьведамляць рэаліі, у якіх жыў гэты чалавек. І памятаць тое, што ён зрабіў да таго, як у вашым уяўленьні стаў гэтым самым Каянам. А ён зрабіў тое, што зрабіў: стварыў падмурак беларускай, нацыянальнай, клясычнай паэзіі.
Швэды і беларусы
Данія некалі балявала ва ўсёй Скандынавіі. Калі яна аслабла, а Швэцыя ўзьнялася, то імпэрскія замашкі давялі швэдаў да таго, што мы ўваходзілі зь імі ў склад адной дзяржавы. Нядоўга, але такое было. Я размаўляў нават з адным гісторыкам ва ўнівэрсытэце, дык ён кажа: «Хай Лукашэнка падпіша саюзную дамову не з Расеяй, а са Швэцыяй, бо ў нас ёсьць агульныя пункты ў гісторыі».
Мы шмат у чым падобныя. У іх тут таксама папулярная бульба. Яны хоць і пратэстанты, але ў іх моцны паганскі складнік культуры, як і ў нас. Фальклёр паганскі. У іх Купальле — гэта нацыянальнае сьвята.
Я назіраю за імі, спакойнымі, і яны мне падабаюцца. Здаецца, што яны нават бліжэйшыя да нас, чым расейцы. Як гавару з кім зь іх, то нібыта сустрэў чалавека з-пад Смаргоняў.
Швэд ня скажа, што ён датчанін
Я ў першых днях быў у Капэнгагене, гэта ж побач. І мне расказвалі, як двух беларусаў спыталі, адкуль яны. А яны адказалі, што з Расеі. І спыталі тады пра горад, а тыя ім кажуць — Менск. Нават гэтыя датчане кажуць: дык Менск жа горад ня рускі.
Мне распавялі неяк швэдзкі анэкдот:
— Прыйшоў швэд да нарвэжца наймацца кіроўцам.
Я слухаю далей, але аказваецца, што гэта канец.
Справа ў тым, што Нарвэгія і Фінляндыя былі проста пэрыфэрыяй. І ўявіць сабе швэду, што ён пойдзе працаваць на нарвэжца, немагчыма. Хоць цяпер іх шмат працуе ў Нарвэгіі. Там вышэйшыя заробкі і большыя магчымасьці.
Але швэд ніколі ня скажа, што ён датчанін. Швэды пасіянарныя ў сваёй глыбіні, у сваёй зямлі, у тым жыцьці, якое для іх дарагое. Яны гатовыя за гэта стаяць, бараніць гэта. Яны паважаюць сваю мову і культуру. Для іх гэта першаснае. Мне швэды падабаюцца сваёй нацыянальнай годнасьцю.
Ровар
Па Люндзе я ежджу на ровары, як і ўсе тут. Швэцыя — роварная краіна. Але раз ровар сапсаваўся, і мне адмайстраваць яго памагаў паліцэйскі, які жыве непадалёк. Дык ён распавёў, што пяць апошніх ровараў у Люндзе скралі беларусы. І гэты паліцэйскі кажа: «Ведаеце, мы падумалі, што беларусы крыўдуюць на Лукашэнку, бо яны злодзеі — і Лукашэнка іх шчэміць. А яны сюды бягуць». Вось, калі ласка, яшчэ адно меркаваньне пра Беларусь.
Але Люнд спакойны гарадок, унівэрсытэцкі. Гэта такі швэдзкі Оксфард. Надта шмат паліцыі на вуліцы тут ня ўбачыш. Зрэшты, тыя, хто прыехаў сюды, ведаюць, што калі парушаеш швэдзкія законы, то цябе папросту могуць дэпартаваць.
Што знэрвавала ў Швэцыі
З нашай звычкай жыць тут зашмат парадку. Нават больш, чым цяпер у Нямеччыне. Вось я той жа ровар на хвіліну паставіў каля ўваходу ў пад’езд, а ня там, дзе ўсе ровары павінны стаяць. Дык праз хвіліну выйшаў — ровара няма. Скралі, думаю, беларусы. Але не: эвакуавалі мой ровар за няправільную паркоўку. І пасьля яшчэ мазгі кампасьціравалі.
Ці жонка тэлефануе і пытаецца: — А ты хоць суп варыў? — Я кажу, што не, не да таго. Тут жа ў крамах, кажу, усё гатовае. А яна: ну звары ты суп зь пярлоўкі. Яна ведае, што мне ў прэзэнт як беларусу прынесьлі грыбы. Я пайшоў шукаць тую пярлоўку, а мне абы-што замест яе падсоўваюць. У пяці крамах пабываў — не знайшоў. Аказалася, што пярловыя крупы ёсьць толькі ў швэдзкім слоўніку, а ў рэальнасьці няма. Дык вы б сказалі адразу, а не падсоўвалі нешта, абы прадаць...
Няма ў іх пярлоўкі. Ну як тут нэрвы не парвеш...
Сакрэт посьпеху
Сакрэт іх посьпеху ў дзьвюх рэчах. Першае — гэта пратэстанцтва. Як яны кажуць: гэта самая эканамічна прасунутая канфэсія. А другая прычына ў законах, якія рэгулююць эканоміку. Яны карыстаюцца тымі законамі, якія даказалі сваю эфэктыўнасьць, а не выдумляюць, як мы, сваіх. Таму, нават ня маючы «табліцы Мендзялеева», яны збудавалі краіну дабрабыту. Фіны вунь маюць яшчэ менш. Там скалы, вада і палова краіны за палярным кругам. Але Фінляндыя таксама краіна з адным з найвышэйшых у сьвеце ўзроўняў жыцьця.
Швэды ўзровень жыцьця настолькі ўзьнялі, што могуць сабе дазволіць займацца тымі рэчамі, якія ім цікавыя. Таму яны займаюцца і гендэрам, і ЛГБТ, і экалёгіяй. Але, пажыўшы тут амаль месяц, не скажу, што гэта заўважна. Яны жартуюць, што цяпер дамагліся роўнасьці мужчын і жанчын, але і раней іх было прыблізна 50/50. А быў нядаўна ў Капэнгагене, дык пабачыў там вялізную дэманстрацыю, тысяч 15 чалавек. Гэта былі прыхільнікі легалізацыі марыхуаны, пераважна са Швэцыі, дзе яна забароненая. Дык зь якім запалам яны ішлі!
Я падумаў: «Вось бы нам такі запал, калі мы змагаемся за сваё. За Беларусь, за яе незалежнасьць. Але для гэтага, пэўна, беларусам марыхуанай трэба абкурыцца...»