Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва Ўкраіне больш за 50 тысяч чалавек захварэлі на адзёр з пачатку году


З пачатку 2019 году ва Ўкраіне на адзёр захварэлі больш за 50 000 чалавек, а ад ускладненьняў адру памерлі 17 чалавек, паведамляе Міністэрства аховы здароўя Ўкраіны.

Паводле аператыўных дадзеных украінскага Цэнтру грамадзкага здароўя, толькі на працягу мінулага тыдня на адзёр захварэлі 1483 чалавекі — 678 дарослых і 807 дзяцей. Ад 17 да 23 траўня больш за ўсё новых выпадкаў адру зарэгістравана ў Кіеве, Харкаўскай, Хмяльніцкай, Кіеўскай і Цярнопальскай абласьцях.

Усяго з пачатку ўспышкі захворваньня, зь лета 2017 году, ва Ўкраіне на адзёр захварэлі больш за 100 тысяч чалавек, 38 зь якіх памерлі.

У Беларусі, паводле дадзеных Міністэрства аховы здароўя на пачатак красавіка, за 2019 год ў Беларусі зарэгістравалі 45 лябараторна пацьверджаных выпадкаў адру. У асноўным крыніцамі віруса становяцца людзі, якія прыяжджаюць з-за мяжы. Перад сэзонам адпачынкаў спэцыялісты раяць тым, хто зьбіраецца на адпачынак за мяжу, зрабіць прышчэпкі. Часьцей на адзёр хварэюць дарослыя.

Летась у Беларусі была зарэгістраваная найбольшая колькасьць захворваньняў на адзёр за апошнія гады: зь лютага 2018 году быў зарэгістраваны 241 выпадак. У асобныя гады адзёр у Беларусі не рэгістраваўся наагул — цягам 2008/2009. Выключэньнем сталі 2006 і 2016 гады, калі па выніках кожнага колькасьць хворых перавысіла 100 чалавек, найперш праз завоз «украінскага» вірусу.

Адзёр — адна з самых заразных вірусных інфэкцый. Перадача ідзе ад хворага паветрана-кропельным шляхам. Сымптомамі зьяўляюцца высокая тэмпэратура, кашаль, боль у горле, сып і запаленьне сьлізістай абалонкі вачэй.

Найбольш небясьпечны адзёр для дзяцей — у іх самы высокі шанец памерці. Адзіны спосаб абароны ў гэтым выпадку — вакцынацыя.

У Беларусі прадугледжаныя прафіляктычныя прышчэпкі ад адру ў 1 год і ў 6 гадоў. Абарону забясьпечваюць менавіта дзьве прышчэпкі. Мэдыкі раяць, калі зьвестак аб прышчэпках няма або вядома толькі пра адну прышчэпку ад адру, ці вы не хварэлі на адзёр раней, варта зрабіць прышчэпку нават даросламу не пазьней як за месяц да паездкі ў іншую краіну, дзе цяпер неспрыяльная эпідэміялягічная сытуацыя.

Ўсплёск захворваньня на адзёр у Эўропе пачаўся некалькі гадоў таму, аднак піку дасягнуў у 2018 годзе: тады было зафіксавана ўжо больш за 52 тысячы выпадкаў захворваньня на адзёр. Найбольш небясьпечная эпідэміялягічная сытуацыя была ва Ўкраіне: у 2018 годзе захворваньне на адзёр ва Ўкраіне павысілася ў 17 разоў у параўнаньні з аналягічным пэрыядам 2017 году, захварэлі ўжо больш за 35 тысяч чалавек.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG