Колькасьць зафіксаваных у эўрапейскім рэгіёне выпадкаў захворваньня на адзёр у студзені-чэрвені 2018 году склала 41 тыс., больш за палову з іх — 56% здарыліся ва Ўкраіне, паведаміла Сусьветная арганізацыя аховы здароўя (СААЗ).
«Больш за ўсё пацярпела Ўкраіна, дзе колькасьць тых, хто захварэў перавысіла 23 тыс. чалавек, што складае больш за палову агульнай колькасьці інфікаваных асобаў у маштабах усяго эўрапейскага рэгіёну», — адзначаецца ў паведамленьні.
У цэлым сярод краінаў Эўропы, у якіх колькасьць інфікаваных за справаздачны пэрыяд перавысіла 1 тыс. чалавек, акрамя Ўкраіны таксама — Сэрбія (4,954 тыс.), Францыя (2,579 тыс.), Грузія (2,130 тыс.), Італія (2,020 тыс.), Расея (1,396 тыс.), Грэцыя (1,128 тыс.).
Сумарна ў іх было інфікавана 14,207 тыс. чалавек, што складае 34,65% агульнай колькасьці тых, хто захварэў у эўрапейскім рэгіёне. Ва ўсіх пералічаных вышэй краінах былі зафіксаваныя сьмяротныя выпадкі, зьвязаныя з захворваньнем на адзёр.
Згодна з штомесячнымі справаздачамі краінаў ЭЗ, сёлета ад адру ўжо памерлі, як найменей, 37 чалавек, 14 з іх — у Сэрбіі, 13 — ва Ўкраіне.
Абноўлена: ад лютага ў Беларусі зарэгістравалі 189 выпадкаў адру, 85% хворых ня былі прышчэпленыя.
Галоўным чынам гаворка ідзе пра завозныя выпадкі, у асноўным — з Украіны. Таксама захворваньні сустракаліся ў людзей, якія былі ў кантакце з хворымі.
Пераважная большасьць тых, хто захварэў не былі прышчэпленыя. Некаторыя зь іх адмаўляліся ад вакцынацыі.