Кацярына Ціханава, якую СМІ лічаць дачкой прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна стала кандыдатам фізыка-матэматычных навук, паведамляе BBC. Яе працу курыраваў асабіста рэктар МДУ імя Ламаносава Віктар Садоўнічы.
Дысэртацыя Кацярыны Ціханавай прысьвечана стварэньню прылад, якія дапамагаюць лётчыкам і касманаўтам лепш арыентавацца ў прасторы пры экстрэмальных умовах. Яе навуковы кіраўнік — рэктар МДУ Віктар Садоўнічы на абароне дысэртацыі ўпершыню агучыў спэцыяльнасьць Кацярыны Ціханавай. Па ягоных словах, у 2009 годзе Кацярына Ціханава скончыла Інстытут краін Азіі і Афрыкі МДУ і стала спэцыялісткай па Японіі.
Не ўсе змаглі трапіць на абарону
Інстытут мэханікі МДУ, дзе праходзіла абарона, — НДІ са складаным прапускным рэжымам. Прайсьці туды можна толькі па пропуску супрацоўніка або студэнта-практыканта, або па загадзя зацьверджаным сьпісе.
Разам з журналістамі трапіць у будынак спрабаваў і пажылы мужчына, які прадставіўся як Гіві Гаргіладзэ, прафэсар Інстытуту мэдыка-біялягічных праблем РАН. Ён распавёў, што тэма дысэртацыі ўваходзіць у сфэру яго навуковых інтарэсаў. Але, да зьдзіўленьня навукоўца, трапіць у будынак без пропуску ён ня змог.
На абарону дысэртацыі Ціханавай прыйшло каля сотні чалавек, многія не змаглі трапіць у залю.
Абаранілася за паўгадзіны
На прэзэнтацыю дысэртацыі ў Ціханавай сыйшло паўгадзіны, пасьля гэтага ёй задалі толькі адно ўдакладняючае пытаньне.
Пра тое, што Кацярына Ціханава на самой справе адна з дачок расейскага прэзыдэнта, першым расказаў у студзені 2015 году журналіст Алег Кашын. У лістападзе 2015-га агенцтва Reuters пацьвердзіла гэтую інфармацыю ў сваім расьсьледаваньні. Пра тое, што Кацярына Ціханава дачка Пуціна, казаў у інтэрвію Bloomberg кіраўнік банку ВТБ Андрэй Косьцін.
У якасьці дачкі прэзыдэнта Ціханава згаданая і ў паведамленьні Міністэрства фінансаў ЗША аб увядзеньні чарговых санкцый супраць найбліжэйшага акружэньня Пуціна ў красавіку 2018 году.
Прэзыдэнт Расеі публічна не пацьвярджаў і не зьняпраўджваў інфармацыю пра тое, што Ціханава — ягоная дачка. У чэрвені 2017 году Пуцін сказаў, што абедзьве дочкі жывуць у Маскве, і пацьвердзіў, што ў яго нарадзіўся ўнук.