Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мы таксама грамадзяне Беларусі». У цыганскім пасёлку Магілёва пахавалі жанчыну, якая памерла пасьля міліцэйскіх рэйдаў


У магілёўскім пасёлку Грабянёва пахавалі 67-гадовую Лідзію Юрчанку, якая памерла праз тры дні пасьля ўварваньня ў яе хату ўзброеных амапаўцаў.

У хворай на анкалёгію жанчыны адарваўся тромб, гэта стала прычынай сьмерці. Сваякі настойваюць, што нябожчыца ня здолела перажыць стрэс.

Дачка: «Маці казала, што пляменьніку прыстаўлялі да скроні пісталет»

Амапаўцы ўварваліся ў хату Лідзіі Юрчанкі позна ўвечары 16 траўня. Акрамя гаспадыні і чатырох непаўналетніх унукаў, у доме нікога не было. Жанчына, як магла, бараніла дзяцей. Прасіла міліцыянтаў не палохаць іх. Як расказвае старэйшая ўнучка, на гэта жанчыне загадалі «закрыць рот». Калі ж 13-гадовы ўнук паспрабаваў супакоіць бабулю, да галавы яму амапавец прыставіў зброю. У кабеты падскочыў ціск. Яго зьбілі таблеткамі, калі міліцыянты сышлі.

Дачка нябожчыцы Тацяна
Дачка нябожчыцы Тацяна

Дачка нябожчыцы Тацяна разам з мужам працуе за мяжой. Пакуль яны былі далёка ад роднага Грабянёва, за іхнымі дзецьмі прыглядала Лідзія Мікалаеўна. Разьвітацца зь ёю дачка ледзьве пасьпела. Яна прыехала ў дзень паховінаў. Тацяна перакананая, што падзеі 16 траўня прысьпешылі сьмерць маці.

Па словах Тацяны, маці тэлефанавала пасьля таго, што адбылося зь ёю і ўнукамі. Казала, што абыходзіліся зь імі дужа жорстка і цяпер усе ў стрэсе.

«Іх кідалі на падлогу, ужывалі нецэнзурныя словы, прыстаўлялі пісталет да скроні майго пляменьніка. Ён дзіця, 13 гадоў. Мама ў мяне хварэла, але гэта ня стала прычынай яе сьмерці», — кажа Тацяна.

«Мы грамадзяне Беларусі, і чаму мы павінны зьяжджаць адсюль?»

Паводле сваякоў, два дні пасьля ўварваньня міліцыянтаў жанчына скардзілася на болі ў сэрцы, а 20 траўня памерла, седзячы на канапе. Пра тое, што прычынай сьмерці стала адарваньне тромба, яе родзічы кажуць са словаў мэдыкаў, якія канстатавалі сьмерць.

Паводле іх, лекар хуткай дапамогі запэўніў, што тромб адарваўся праз стрэс. У пасьведчаньні аб сьмерці яе прычына пазначаная кодам 125.1А — гэта атэрасклератычная хвароба сэрца.

Асірацелы дом Лідзіі Юрчанкі
Асірацелы дом Лідзіі Юрчанкі

Дачка нябожчыцы кажа, што баіцца пакідаць у Беларусі сваіх дзяцей, бо няма гарантыяў іхнай бясьпекі. Ці наважыцца вывезьці іх за мяжу, пакуль ня ведае. Паводле яе, падзеі 16 траўня сьведчаць пра тое, што цыганоў хочуць выгнаць зь Беларусі.

«Мы тут нарадзіліся, мы грамадзяне Беларусі, дык чаму мы павінны зьяжджаць адсюль? За што нас прыніжаюць і адкуль перадузятае стаўленьне да цэлага народу? Мы не давалі падстаў так з намі абыходзіцца. Пры чым тут дзеці і старыя?» — абураецца Тацяна.

Паводле яе, дзеці пасьля перажытага ня могуць спакойна спаць, прыслухоўваюцца да кожнага шоргату і думаюць, «што зноў едуць па іх».

«Стрэс яшчэ не мінуў», — кажа Тацяна.

Яна дадае, што калегі па працы, калі даведаліся пра здарэньне зь яе маці, таксама былі ў шоку. Яны не дапускалі і думкі, што ў Беларусі можа здарыцца нешта падобнае.

Пра тое, што здарылася з цыганамі, гаворыць увесь пасёлак

Праводзіць нябожчыцу ў апошні шлях прыйшлі жыхары Магілёва, ня толькі з цыганскай супольнасьці. Для іх таксама незразумела, што адбылося. Яны не прыгадвалі, каб між цыганамі і беларусамі былі сур’ёзныя непаразуменьні. Паводле іх, Лідзія Мікалаеўна не заслужыла такой сьмерці.

Праводзіць у апошні шлях Лідзію Юрчанку прыйшлі цыганы і беларусы
Праводзіць у апошні шлях Лідзію Юрчанку прыйшлі цыганы і беларусы

«Яна ўва ўсіх сэнсах была добрым чалавекам. Прыязная і паважлівая жанчына, — кажа суседка, чый дом насупраць дому нябожчыцы. — Было, вядома ж, такое, што ўварваліся ў яе дом. Клалі іх на падлогу. Цяпер пра гэта ўсе ў пасёлку гавораць».

Анкалёгію ў Лідзіі Юрчанкі выявілі 8 гадоў таму. Ускладненьняў не фіксавалася, кажуць яе родныя. Пахавалі яе на Грабянёўскіх могілках, дзе магілы цыганоў суседнічаюць з магіламі беларусаў.

Што пра сьмерць жыхаркі Грабянёва кажуць мэдыкі

Мэдык, які пагадзіўся на ўмовах ананімнасьці пракамэнтаваць сытуацыю са сьмерцю жыхаркі Грабянёва, адзначае, што стрэс сапраўды мог выклікаць адарваньне тромбу ў хворага. Экспэрт кажа, што судзінныя хваробы стрэсазалежныя.

«Інфаркты, інсульты стрэсамі могуць быць справакаваныя, і імавернасьць катастрафічнага зыходу для хворага дужа высокая», — тлумачыць ён.

Каля хаты Лідзіі Юрчанкі ў дзень яе паховін
Каля хаты Лідзіі Юрчанкі ў дзень яе паховін

Разам з тым экспэрт засьцерагае ад пасьпешлівых высноваў, бо сытуацыя, на яго думку, вымагае адмысловых экспэртыз, якія павінны высьветліць прыроду зьяўленьня тромба. Нюансаў тут дужа шмат, кажа ён.

Што рабілі амапаўцы ў пасёлках кампактнага пражываньня цыганоў

16 траўня былі затрыманыя дзясяткі цыганоў у магілёўскіх пасёлках іхнага кампактнага пражываньня: Грабянёва і Чапаеўка. Узброеныя амапаўцы зьявіліся неўзабаве пасьля таго, як праваахоўнікам стала вядома пра выкраданьне і сьмерць магілёўскага супрацоўніка ДАІ Яўгена Патаповіча.

У дамы цыган міліцыянты ўрываліся гвалтам. Гаспадароў зьбівалі. Потым везьлі ў раённыя аддзелы міліцыі.

19 траўня іх вызвалілі з ізалятару часовага ўтрыманьня. Кожны быў дапытаны ў справе забойства Патаповіча. Некаторыя сьцьвярджаюць, што зь іх спрабавалі выбіць паказаньні. Цыганоў утрымлівалі пад вартай, як дробных хуліганаў.

Паводле старшыні грамадзкага аб’яднаньня «Беларуская дыяспара цыганоў» Алега Казлоўскага, міліцыянты прыходзілі да цыганоў ва ўсіх рэгіёнах Беларусі.

Цыганы з магілёўскага пасёлка Чапаеўка зьвярнуліся да памочніка прэзыдэнта па Магілёўскай вобласьці Міхаіла Русага, каб той абараніў іх ад «ціску і пагрозаў з боку праваахоўных органаў».

Разьвітаньне зь Лідзіяй Юрчанкай на Грабянёўскіх могілках
Разьвітаньне зь Лідзіяй Юрчанкай на Грабянёўскіх могілках

Якая афіцыйная пазыцыя ў пытаньні перасьледу цыган

Афіцыйная інфармацыя пра датычнасьць прадстаўнікоў цыганскай меншасьці да забойства міліцыянта не агучвалася. Гэткая інфармацыя фігуравала ў перадсьмяротным паведамленьні калегам у Viber лейтэнанта Патаповіча, пра што стала вядома з тэлеграм-каналу NEXTA.

Факт масавага затрыманьня прадстаўнікоў цыганскай дыяспары не прызнаюць ані Сьледчы камітэт, ані Міністэрства ўнутраных спраў. Там сьцьвярджаюць, што з цыганамі, магчыма, праводзілі гутаркі.

20 траўня начальнік галоўнага сьледчага ўпраўленьня СК Яўген Архірэеў паведаміў, што галоўная вэрсія сьмерці лейтэнанта Патаповіча — суіцыд.

21 траўня першы намесьнік міністра ўнутраных справаў Іван Падгрускі на пытаньне БелаПАН, ці ня лічыць ён, што МУС павінна папрасіць прабачэньня перад цыганамі, адказаў: «Можа быць, і трэба. Ня ведаю, ці будзем».

Сьмерць міліцыянта Яўгена Патаповіча ў Магілёве. Што вядома?

  • 16 траўня ў Магілёве зьнік лейтэнант дарожна-патрульнай службы ДАІ
    22-гадовы Яўген Патаповіч (на фота). З паведамленьня ад яго вынікала, што яго выкралі цыганы на чорнай «Волзе» з расейскімі нумарамі. ​Неўзабаве яго знайшлі мёртвым у лесе. ​Труп быў у кайданках, без штаноў, побач — пісталет, абярэмак дроў, рыдлёўка. Сьледчы камітэт заявіў, што Патаповіча забілі падчас выкананьня службовых абавязкаў.
  • 16 і 17 траўня ў Магілёве і па ўсёй Беларусі прайшлі масавыя затрыманьні цыганоў. Некаторыя зь іх па вызваленьні казалі, што міліцыянты іх білі.
  • 17 траўня вэрсія з выкраданьнем міліцыянта на чорнай «Волзе» з расейскімі нумарамі перастала лічыцца прыярытэтнай.
  • 18 траўня адбылося разьвітаньне з Патаповічам. Прыехалі сілавікі з усёй Беларусі, а таксама кіраўніцтва МУС. Нябожчыка адпеў праваслаўны сьвятар. Міліцыянта пахавалі ў вёсцы Вішоў за 30 кілямэтраў ад Магілёва.
  • 20 траўня Сьледчы камітэт паведаміў, што «асноўная вэрсія сьмерці — суіцыд». Матывы самагубства невядомыя.​
  • Бацькі Патаповіча ня згодныя з асноўнай вэрсіяй сьледзтва і заявілі, што будуць настойваць на эксгумацыі цела і новай экспэртызе. Аднак сьледзтва адмовіла ім ў эксгумацыі цела. Уладзімер Патаповіч напісаў ліст Лукашэнку.
  • 23 траўня міністар унутраных спраў Ігар Шуневіч назваў абгрунтаванай «праверку» цыганскай супольнасьці ў Магілёве. «У міністра няма ні падстаў, ні абгрунтаваньняў прасіць прабачэньня перад цыганамі», — заявіў ён. Пазьней у той жа дзень перад цыганамі выбачылася кіраўніца адміністрацыі Лукашэнкі Натальля Качанава.
  • 11 чэрвеня Ігар Шуневіч падчас нарады з Лукашэнкам пайшоў у адстаўку з пасады міністра ўнутраных спраў, Аляксандар Лукашэнка прызначыў на яго месца Юрыя Караева, сказаўшы новаму міністру, што «ня трэба, як вось адбылося з цыганамі». «Пакрыўдзілі людзей ні за што, — казаў Лукашэнка. — Дык трэба прасіць прабачэньня».

Чаму беларусы ня вераць міліцыі. Былы сьледчы пракамэнтаваў нестыкоўкі ў сьмерці магілёўскага міліцыянта

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG