Вярхоўная Рада Ўкраіны абвясьціла аб прыпыненьні дзейнасьці ўрадавай кааліцыі. Цягам месяца будуць фармаваць новую.
Фракцыя «Народны фронт» абвясьціла аб выхадзе з урадавай кааліцыі, створанай у 2014 годзе, на аснове якой быў сфармаваны цяперашні ўрад Уладзіміра Гройсмана.
«Каааліцыя выканала сваю місію. Новыя абставіны патрабуюць максымальнай кансалідацыі сіл: новы прэзыдэнт, новы парлямэнт, новая кааліцыя», — заявіў кіраўнік фракцыі Максім Бурбак.
Пасьля заявы старшыня Вярхоўнай Рады Ўкраіны Андрэй Парубій вымушаны быў абвясьціць аб прыпыненьні дзейнасьці парлямэнцкай кааліцыі:
«Улічваючы заяву аб выхадзе з кааліцыі фракцыі „Народны фронт“, паведамляю, што кааліцыя прыпыніла сваю дзейнасьць. Згодна з Канстытуцыяй, ад сёньня цягам аднаго месяца мае быць сфармаваная новая кааліцыя. Заклікаю прадстаўнікоў усіх фракцый і груп пачаць кансультацыі для фармаваньня новай кааліцыі».
У сваю чаргу прэм’ер-міністар Украіны Ўладзімір Гройсман назваў гэтае рашэньне няпростым, як і рашэньне пяцігадовай даўнасьці аб ейным стварэньні: «Кааліцыі давялося ўхваляць абсалютна неабходныя, але надзвычайна важныя і непапулярныя рашэньні, каб забясьпечыць стабільнасьць у дзяржаве і зламаць старую сыстэму». Кіраўнік ураду падзякаваў усім фракцыям, якія працавалі ў складзе кааліцыі, за супрацу.
Пасьля выбраньня прэзыдэнтам Украіны Ўладзіміра Зяленскага ў ягоным штабе пачалі абмяркоўваць магчымасьць роспуску парлямэнту для правядзеньня пазачарговых выбараў у Вярхоўную Раду. Але, згодна з украінскім заканадаўствам, парлямэнт нельга распусьціць за паўгода да правядзеньня чарговых выбараў. Гэты тэрмін сканчаецца 27 траўня. Такім чынам, сёньняшняе рашэньне фракцыі «Народны фронт» аб выхадзе з кааліцыі фактычна робіць немагчымым роспуск парлямэнту.
Паводле ўкраінскага заканадаўства, урад, сфармаваны кааліцыяй, працягвае выконваць свае паўнамоцтвы да правядзеньня новых парлямэнцкіх выбараў. Яны мусяць прайсьці сёлета ў канцы кастрычніка.