IT-кансультанта Глеба Рубанава 13 траўня аштрафавалі на 1020 рублёў за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў» — спасылку на пост у сацыяльнай сетцы Facebook, якую можна расшыфраваць як зьнявагу ўсіх міліцыянтаў. Справу разглядала судзьдзя Вера Галаўкова.
Глеба Рубанава затрымлівалі 7 траўня: каля паловы на пятую раніцы ўчастковы патэлефанаваў яму і папрасіў выйсьці на двор, бо хтосьці нібыта пашкодзіў аўтамабіль. Але Рубанава затрымалі, завезьлі ў Савецкі РУУС, пакінулі пад вартай да суду на 30 гадзінаў. У дзень суду разгляд адклалі, пратакол накіравалі на дапрацоўку, затрыманага вызвалілі. Яшчэ да затрыманьня яго спрабавалі запрасіць на «размову» ў міліцыю праз тэлефон, высылалі фота пратаколу праз Viber.
Зь цяперашнім прысудам Рубанаў нязгодны, зьбіраецца абскарджваць. Ён таксама адзначыў, што на судзе не разглядаліся акалічнасьці ягонага затрыманьня. Яшчэ да суду ён пісаў:
«З пункту гледжаньня лёгікі мы разграмілі ўсю тую кашу, што выдавалася за доказную базу, далі дэтальнае абгрунтаваньне прынцыповай немагчымасьці перасьледу хоць каго ў Беларусі за публікацыі ў „Фэйсбуку“, дамагліся дастаткова дэтальнай фіксацыі абставінаў затрыманьня, якое лічым незаконным і якое я лічу адвольным у сэнсе артыкула 9 Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах, патрабавалі зафіксаваць права на кампэнсацыю шкоды ад дзеяньняў супрацоўнікаў».
Як растлумачыў Рубанаў «Новаму часу», яго вінавацілі нават не ў публікацыі паста і не ў рэпосьце. У камэнтарах пад адным пастом ад імя Глеба Рубанава была разьмешчаная спасылка на іншы пост, а ў перадпраглядзе таго паста было фота з абрэвіятурай, прызнанай у Беларусі экстрэмісцкай.
Суд і затрыманьне Рубанава зьвязаныя з флэшмобам #яэкстрэміст. Карыстальнікі сацсетак публікавалі свае фатаздымкі з матэрыяламі з Рэспубліканскага сьпісу экстрэмісцкіх матэрыялаў, выступаючы супраць закону аб супрацьдзеяньні экстрэмізму — гэты закон, як лічаць удзельнікі флэшмобу, улады могуць выкарыстоўваць для барацьбы з іншадумцамі.