Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што вывозяць з акумулятарнага заводу ў Берасьці, які афіцыйна не запушчаны


Дэманстрацыя ў Берасьці супраць акумулятарнага заводу
Дэманстрацыя ў Берасьці супраць акумулятарнага заводу

Праціўнікі будаўніцтва акумулятарнага заводу ў Берасьці затрымалі фуру з акумулятарнымі батарэямі, якая выяжджала з тэрыторыі прадпрыемства. Яны падазраюць, што на заводзе падчас пусканаладачных працаў пачаўся выпуск прадукцыі.

На прадпрыемстве кажуць пра завяршэньне «працэсу выпрабаваньня пад нагрузкай участка фармаваньня і зараду акумулятарных батарэй».​

«Фура была забітая акумулятарамі бязь бірак​»

Актывісты круглыя суткі вядуць маніторынг сытуацыі вакол заводу. Актывістка Марыя Галалюк сказала карэспандэнту Свабоды, што позна ўвечары 12 траўня з тэрыторыі заводу выехала фура.

«Гэта ў нас выклікала падазрэньне, бо пусканаладачныя працы адбываюцца на заводзе з 8 да 20 гадзіны. Мы зразумелі, што тут нешта нядобрае. Мы паехалі ў пагоню за фурай і выклікалі міліцыю. Каля Драгічына фуру спынілі і паглядзелі дакумэнты ў кіроўцы. У яго былі ўсе транспартныя накладныя. Кіроўца сказаў адразу, што фура загружаная. Мы былі проста ў шоку. Фура была забітая акумулятарамі бязь бірак. Паводле транспартных накладных, яны ішлі зь Берасьця ў Пінск як акумулятары „Зубар“. Але ніякіх налепак не было».

Пра гэты выпадак актывісты паведамілі ў розныя дзяржаўныя інстанцыі. Але міліцыя правапарушэньня не знайшла, і кіроўцу з фурай адпусьцілі.

Марыя Гагалюк паведаміла, што на момант інтэрвію актывісты пачалі пагоню яшчэ за адной машынай, якая выехала з тэрыторыі заводу. Што яна вывозіць з заводу, пакуль невядома.

Паводле актывістаў, падчас пусканаладачных прац, якія праводзяцца з 8 да 20 гадзіны, на заводзе не павінна вырабляцца прадукцыя на продаж.

«А мы бачым нелегальны выраб прадукцыі і перавоз яе на іншае прадпрыемства для далейшага продажу».

11 траўня пасьля 23 гадзіны актывісты таксама заўважылі моцны едкі дым з трубаў заводу. Яны цьвердзяць, што праз гадзіну быў другі выкід з хімічным пахам.

«То бок завод працаваў па начах. Усё тое самае, як і ў Белаазёрску. Усе брудныя справы робяцца ноччу», — сказала Марыя.

«Для выпрабаваньняў​ былі выкарыстаныя паўфабрыкаты АКБ»

У групе кампаній «1AK-Group», якой належыць акумулятарны завод «АйПауэр» у Берасьці, карэспандэнту Свабоды паведамілі, што прадукцыя там яшчэ не вырабляецца. А ў фуры перавозілі «паўфабрыкаты акумулятарных батарэй для выпрабаваньняў».

Паводле «1AK-Group», завод праходзіць працэс «прыёмкі аб’екта будаўніцтва ў эксплюатацыю». Цяпер «завершаны працэс выпрабаваньня пад нагрузкай участка фармаваньня і зараду акумулятарных батарэй».

«Для вызначэньня эфэктыўнасьці працы ўстаноўкі ачышчэньня выкідаў сернай кіслаты ў атмасфэрнае паветра ад участку фармаваньня і зараду акумулятарных батарэй былі выкарыстаныя паўфабрыкаты АКБ для выпрабаваньняў працы тэхналягічнага абсталяваньня пад нагрузкай», — адказаў дырэктар ТАА «АйПауэр»​ Сяргей Мельніковіч.

Гэтыя паўфабрыкаты паступілі на ТАА «АйПауэр» і, паводле інфармацыі прадпрыемства, былі выкарыстаныя для:

  • правядзеньня выпрабаваньняў устаноўленага лябараторнага абсталяваньня;
  • правядзеньня індывідуальнага і комплекснага апрабаваньня абсталяваньня ваннаў фармаваньня і стоек фармавальнікаў.

Раней на сайце кампаніі паведамлялася, што «дадаткова праводзяцца выпрабаваньні акумулятарных батарэй, вырабленых у працэсе пусканаладачных работ, на адпаведнасьць тэхнічным умовам».

Пратэсты супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці. Што важна ведаць

Месцазнаходжаньне новага акумулятарнага заводу пад Берасьцем
Месцазнаходжаньне новага акумулятарнага заводу пад Берасьцем
  • Завод пабудавалі каля вёсак Хабы, Шчэбрын і Тэльмы-2, што пад Берасьцем. За два кілямэтры — рака Мухавец. Афіцыйная экалягічная экспэртыза прагназавала, што ўзьдзеяньне заводу на асяродзьдзе і чалавека будзе нязначнае. Аднак людзі ўсё роўна баяцца, што выкіды з заводу падарвуць ім здароўе.
  • Пратэсты супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці трывалі ад пачатку 2018 году, калі людзі даведаліся пра будоўлю. Праціўнікі заводу лічаць вытворчасьць «бруднай» і небясьпечнай, заяўляюць пра парушэньні працэдураў будаўніцтва.
  • Актывісты сабралі больш за 37 тысяч подпісаў супраць заводу ды накіравалі іх у адміністрацыю Лукашэнкі ў лютым 2018 году. Аднак урадавая камісія ня выявіла парушэньняў у рэалізацыі праекту па будаўніцтве заводу.
  • У траўні 2018 году актывісты накіравалі ў адміністрацыю прэзыдэнта больш за 2,5 тысячы подпісаў за адстаўку чыноўнікаў Берасьця, бо тыя «ігнаруюць інтарэсы жыхароў Берасьцейскага рэгіёну і сьвядома заплюшчваюць вочы на шкоду ад заводу».
  • У верасьні 2018 году на будоўлі заводу выявілі парушэньні пажарнай бясьпекі.
  • У чэрвені 2019 году падчас пусканаладачных работ на заводзе зафіксавалі перавышэньне забруджвальных выкідаў у атмасфэрнае паветра.
  • 14 чэрвеня старшыня Берасьцейскага аблвыканкаму Анатоль Ліс прыпыніў будаўніцтва заводу да ліквідацыі выяўленых парушэньняў.
  • У ліпені 2019 праект акумулятарнага завода атрымаў адмоўнае заключэньне дзяржаўнай экалягічнай экспэртызы, У Мінпрыроды паведамілі, што прычынай стала прадстаўленьне недакладных дадзеных. У жніўні праектную дакумэнтацыю паўторна падалі на экспэртызу, але пазьней кампанія адклікала дакумэнты «па прычыне неабходнасьці ўсебаковага і больш поўнага адлюстраваньня інфармацыі аб унесеных зьменах».
  • 24 лютага 2020 году праектную дакумэнтацыю акумулятарнага завода пасьля карэкціроўкі зноў падалі на дзяржаўную экалягічную экспэртызу. Грамадзкая экспэртыза, якую даручаў правесьці Лукашэнка, правалілася.
  • 22 чэрвеня 2020 году Лукашэнка пааабяцаў правесьці рэфэрэндум наконт лёсу заводу пасьля прэзыдэнцкіх выбараў.
  • 15 сакавіка 2021 году завод увялі ў эксплюатацыю. У правядзеньні рэфэрэндуму актывістам адмовілі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG