Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Белнафтахім»: поўнае аднаўленьне нафтаправоду «Дружба» запатрабуе некалькіх месяцаў


Мазырскі НПЗ, архіўнае фота
Мазырскі НПЗ, архіўнае фота

Чыстая нафта паступіць на Мазырскі НПЗ не раней за 4 траўня, паведамілі БелТА ў прэс-службе «Белнафтахіму». У канцэрне заявілі, што прынятыя захады дазволяць аднавіць працу толькі адной ніткі трубаправоду «Дружба».

«Поўнае аднаўленьне запатрабуе некалькіх месяцаў напружанай працы», — зазначылі ў «Белнафтахіме».

Паводле дыспэтчарскай службы «Гомельтранснафта Дружба», 29 красавіка ў 17.40 усьлед за разьдзяляльным снарадам пачалося прапампоўваньне нафты, якая адпавядае стандартным парамэтрам, ад расейскай лінейнай вытворча-дыспэтчарскай станцыі (ЛПДС) «Унеча» у бок беларуска-расейскай мяжы і ЛПДС «Мазыр».

Наступны этап — выцясьненьне каля 50 тысяч тон няякаснай нафты з расейскага ўчастку ў рэзэрвуарны парк ЛПДС «Унеча» і больш за 120 тысяч тон забруджанай нафты — зь беларускага ўчастку ў рэзэрвуарны парк ЛПДС «Мазыр».

З улікам хуткасьці і графіка руху нафты прыбыцьцё якаснай нафты на беларускую тэрыторыю чакаецца не раней за 23.00 2 траўня, на ЛПДС «Мазыр» — не раней за 4 траўня, праінфармавалі ў прэс-службе.

Урэгуляваньне сытуацыі з пастаўкамі няякаснай расейскай нафты працягваецца: 30 красавіка ў Мінэнэрга Расеі зноў праходзяць перамовы прадстаўнікоў «Белнафтахіму» і расейскіх нафтавых і нафтатранспартных кампаній, дадалі ў канцэрне.

Беларуска-расейскі «нафтавы канфлікт». Асноўнае

  • 11 красавіка 2019 году Аляксандар Лукашэнка прыгразіў закрыць на рамонт нафтаправод, па якім расейская нафта ідзе ў Эўропу. Гэтак ён адрэагаваў на абмежаваньні, якія Расея ўвяла на імпарт прадуктаў харчаваньня зь Беларусі.
  • Гаворка ідзе пра паўднёвую галіну нафтаправоду «Дружба», апэратар якой — ААТ «Гомельтранснафта Дружба». Па ёй ідзе транзыт расейскай нафты ў Польшчу, Украіну, Вугоршчыну, Нямеччыну.
  • 21 красавіка Беларусь прыняла рашэньне часова абмежаваць экспарт нафтапрадуктаў, бо беларускія НПЗ атрымалі партыю няякаснай расейскай нафты: узровень хлярыдаў вырас у 20 і больш разоў, сьцьвярджае афіцыйны Менск. ​На Мазырскім НПЗ заявлі, што няякасная нафта пашкодзіла дарагое абсталяваньне.
  • Расейскі бок прызнаў факт пастаўкі няякаснай нафты.
  • Беларускі бок заяўляе, што страты ад спыненьня паставак могуць скласьці некалькі сотняў мільёнаў даляраў.
  • 23 красавіка намесьнік гендырэктара Беларускай нафтавай кампаніі (БНК) Сяргей Грыб паведаміў, што празь няякасную расейскую нафту Беларусь вымушана прыпыніла экспарт сьветлых нафтапрадуктаў (бэнзін і дызпаліва) ва Ўкраіну, Польшчу і краіны Балтыі.
  • Таксама Грыб заявіў, што Беларусь гатовая да канца году пачаць альтэрнатыўныя расейскай пастаўкі нафты: адзін з варыянтаў — праз марскія парты краінаў Балтыі, другі — праз Адэсу і нафтправод Адэса—Броды на Мазырскі НПЗ.
  • Пытаньні да якасьці расейскай нафты паўсталі на фоне спрэчак Беларусі і Расеі, калі Масква адхіліла прапанову Менску павялічыць тарыф на транзыт нафты адразу на 23,1% у сувязі з захадамі экалягічнай бясьпекі.
  • 26 красавіка расейцы завялі крымінальную справу аб забруджваньні нафты. Меркавана, хлёрарганіку ўкінулі праз прыватны трубаправод у Самарскай вобласьці.

    27 красавіка прэмʼер-міністар Расеі Дзьмітры Мядзьведзеў загадаў цягам 7 дзён пакараць адказных за забруджаньне нафты ў трубапровадзе «Дружба».

  • 20 стузеня 2020 году Беларусь дамовілася з расейскім бокам пра падыходы і мэтодыку кампэнсацыі за забруджаную нафту

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG