Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Бундэстагу прапанавалі плян урэгуляваньня канфлікту на Данбасе


Нямецкі Бундэстаг
Нямецкі Бундэстаг

Нямецкая Свабодная дэмакратычная партыя вылучыла новыя ініцыятывы, закліканыя, на думку яе прадстаўнікоў, прывесьці да дээскаляцыі сытуацыі на ўсходзе Ўкраіны і ўсталяваньня міру ў зоне канфлікту.

Як паведамляе нямецкая газэта Bild, праект, падтрыманы ўсімі дэпутатамі ад Свабодных дэмакратаў, праз два тыдні будзе прадстаўлены ў Бундэстагу.

Дакумэнт пад назвай «Мір ва Ўкраіне мае патрэбу ў новым імпульсе» складаецца з 12 пунктаў. Згодна зь ім, урад Нямеччыны павінен распрацаваць дэталёвы плян выкананьня Менскіх пагадненьняў з указаньнем тэрмінаў выкананьня іх канкрэтных пунктаў і магчымых санкцыяў у выпадку зрыву гэтых тэрмінаў або адмовы выконваць пагадненьня.

Дэпутаты таксама прапануюць стварыць на тэрыторыях, якія кантралююцца зараз падтрыманымі Расеяй сэпаратыстамі, часовую грамадзянскую адміністрацыю ААН, якая будзе рыхтаваць выбары. Органы самаабвешчаных «ДНР» і «ЛНР» пры гэтым павінны быць распушчаныя.

Нямеччына павінна, на думку аўтараў дакумэнту, садзейнічаць «грамадзянска-паліцэйскаму кампанэнту» гэтай місіі. Пра «блакітныя каскі» ААН у пляне не гаворыцца, але падкрэсьліваецца, што яго рэалізацыя немагчымая без адводу ўсіх баявых частак ад лініі судакрананьня на Данбасе.

Свабодная дэмакратычная партыя знаходзіцца ў Бундэстагу ў апазыцыі, таму незразумела, ці знойдзе яе праект падтрымку ва ўрадзе Нямеччыны.

  • Менскія пагадненьні былі заключаныя ў верасьні 2014 году, а ў лютым 2015 году лідэры Нямеччыны, Францыі, Расеі і Ўкраіны ўдакладнілі іх і ўзгаднілі плян рэалізацыі. Яны прадугледжваюць спыненьне агню на Данбасе, прадастаўленьне асобным раёнам Луганскай і Данецкай абласьцей Украіны асаблівага статусу, правядзеньне там выбараў пад міжнародным назіраньнем і вяртаньне Ўкраіне кантролю над участкамі мяжы з Расеяй, якія цяпер кантралююць сэпаратысты. З таго часу, аднак, ніводзін пункт пагадненьняў цалкам ня быў рэалізаваны.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG