Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мяжа, ААН і Менскія перамовы: Другі ўкраінскі фронт афіцыйнага Менску


Мяжа паміж Беларусьсю і Ўкраінай, верасень 2017
Мяжа паміж Беларусьсю і Ўкраінай, верасень 2017

Учора Аляксандар Лукашэнка загадаў узмацніць мяжу з Украінай, «каб спыніць нелегальны перавоз зброі». Гэта, на мой погляд, «рэха» сочынскай сустрэчы з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным. Дакладней, рэакцыя на імпульсы, якія зыходзілі з Крамля і на сустрэчы, і да яе. Адносіны Менску і Кіева, на погляд Масквы, былі да апошняга часу занадта цёплыя. Лукашэнка іх астуджае.

Прычына хутчэй за ўсё менавіта ў гэтым, а ня ў больш частых выпадках правозу зброі і баепрыпасаў з Украіны. Падчас нарады кіраўніка дзяржавы зь дзяржсакратаром Рады бясьпекі Станіславам Засем і старшынём Дзяржаўнага памежнага камітэту Анатолем Лапо прыводзіліся лічбы канфіскаванай зброі, Лукашэнка прыгадаў выпадак канфіскацыі цэлага арсэналу ў аднаго чалавека. Але не гаварылася пра рост колькасьці спробаў правезьці зброю, а асобныя гучныя эпізоды звычайна ня робяцца прычынай зьмены палітыкі.

Ускосна пра тое, што ўмацаваньне памежнага рэжыму мае палітычную подбіўку, сьведчаць заявы Лукашэнкі, што ўкраінская тэма ў Сочы абмяркоўвалася. «У фармаце сам-насам абмяркоўваліся палітычныя пытаньні, узаемаадносіны Расеі і Беларусі ў рамках ЭАЭС, СНД, АДКБ і далейшага будаўніцтва саюзнай дзяржавы. Перш за ўсё — Украіна» — патлумачыў Лукашэнка пасьля сустрэчы.

Ну вось першае ж рашэньне пасьля саміту ў Сочы адносна Ўкраіны і прымаецца.

І рэч ня ў тым, што Пуцін пераканаў беларускага калегу ў небясьпецы, якая зыходзіць ад Украіны. Усталяваньне больш жорсткага памежнага рэжыму з Украінай — своеасаблівы «адказ» на пажаданьні Масквы. Масква хацела б, каб адносіны Беларусі з Украінай сталі горшымі — Менск іх у пэўным сэнсе пагаршае, аднак у мінімальна балючай для сябе (і Ўкраіны) форме.

Зрэшты, формы гэтага пагаршэньня розныя і гэтая зьмена палітыкі, гледзячы па ўсім, пачалася ня з Сочы. Пра гэта сьведчыць і заява сталага прадстаўніка Ўкраіны ў ААН Уладзіміра Ельчанкі, які прапанаваў перанесьці перамоўную пляцоўку па Украіне зь Менску. Прычына, па словах украінскага дыплямата, ня толькі ў тым, што Беларусь чарговы раз прагаласавала супраць прапанаванай Украінай рэзалюцыі з асуджэньнем палітыкі Расеі.

Беларусь і раней галасавала супраць падобных прапановаў. Аднак, па словах сталага прадстаўніка Ўкраіны, Беларусь апошнім часам галасуе ў ААН супраць любых прапаноў Украіны. «Яны проста хранічна галасуюць супраць любых нашых ідэй, супраць любых нашых прапановаў, нават тых, якія ня тычацца канфлікту з Расеяй. Гэта ўжо сьведчыць аб пэўнай пазыцыі краіны, зыходзячы зь якой можна было рабіць сурьёзныя высновы» — заявіў Ельчанка.

Іншымі словамі, пазыцыя Менску зьмянілася і на дыпляматычным фронце.

І ўзмацненьне памежнага кантролю, і процідзеяньне прапановам Украіны ў ААН выглядаюць проста рознымі аспэктамі новай, больш жорсткай палітыкі Беларусі адносна Украіны.

Ці будзе рэалізаваная прапанова Ўладзіміра Ельчанкі (падтрыманая сёньня прадстаўніцай Украіны на менскіх перамовах, віцэ-сьпікерам Вярхоўнай Рады Ірынай Герашчанкай) — гэта насамрэч залежыць ня толькі ад Беларусі і нават ня толькі ад Украіны.

Упершыню Беларусь галасавала ў ААН супраць украінскай рэзалюцыі з асуджэньнем палітыкі Расеі яшчэ ў сакавіку 2014 году. І гэты факт, і тое, што Беларусь — вайсковы і палітычны саюзьнік Расеі, было вядома ў Кіеве, калі там у 2015 годзе прымалася рашэньне аб выбары месца для перамоваў з Аляндам, Мэркель і Пуціным. Што нэўтралітэт Менску будзе вельмі ўмоўным і адносным, сакрэтам для Ўкраіны не было.

Украінскія ўлада незадаволеныя і тым, як Расея выконвае Менскія пагадненьні, і самімі гэтымі пагадненьнямі. Але альтэрнатывы ім пакуль не відаць. А калі так, то і прапанова аб зьмене перамоўнай пляцоўкі выглядае хутчэй спробай ціску на Менск, нагадваньнем, што козыры ёсьць і ў Кіева, і што Менску ў выкананьні пажаданьняў Масквы варта праяўляць пэўную стрыманасьць.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG