У Горадзенскім раёне на мяжы зь Літвой некалькі гадзінаў гарыць лес за аграгарадком Гожа.
Ад 16:00 закрылі пункт пропуску «Прывалка» у абодвух накірунках, піша Tut.by. Супрацоўнікі ДАІ часова спынілі рух транспарту да мяжы зь Літвой.
Узгараньне адбылося на Госкім палігоне, піша Hrodna.life. Прадстаўнік Заходняга апэратыўнага камандаваньня, у ведамстве якога знаходзіцца палігон, расказаў, што ўзгараньне адбылося каля 12:00. Паводле яго слоў, загарэлася сухая расьліннасьць. Сытуацыю ўскладняе моцны вецер.
Пра здарэньне ў МНС паведамілі ў 14:36, па стане на 16:30 у ліквідацыі пажару ўдзельнічаюць:
- 100 ратавальнікаў;
- спэцыялісты лясгасу;
- памежныя войскі;
- міліцыя.
На месьце працуюць больш 10 адзінак пажарнай тэхнікі. Вядзецца пастаянны маніторынг абстаноўкі.
Гэта ня першае здарэньне ля Гожы ў гэтым месяцы. 15 красавіка пажар на Госкім палігоне тушылі 8 гадзін, паведамляў тэлеканал АНТ.
Загарэлася трава, агонь ахапіў каля 5 гектараў. Тушылі пажар ратавальнікі, супрацоўнікі лясьніцтва і каля 40 ваеннаслужачых.
Паводле вайскоўцаў, пажары на палігонах здараюцца, бо на іх выкарыстоўваецца агнястрэльная зброя і баявая тэхніка.