Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Надпіс пра хуткасны рэжым, які абурыў Лукашэнку, пераклалі на расейскую


Аляксандар Лукашэнка, архіўнае фота
Аляксандар Лукашэнка, архіўнае фота

Інфармацыйнае табло на трасе Менск–Віцебск зь нядаўняга часу адлюстроўвае замест надпіса па-беларуску «выконвай хуткасны рэжым» надпіс па-расейску «соблюдай скоростной режим», адзначыў Tut.by.

Іншыя надпісы на табло ля Раўбічаў цяпер таксама трансьлююцца па-расейску, адзначылі чытачы выданьня. У дзяржаўным прадпрыемстве «Мінскаўтадар-цэнтр» Tut.by так пракамэнтавалі зьмены:

«У нас у краіне дзьве дзяржаўныя мовы: беларуская і расейская, таму чаму б не разьмясьціць зварот да кіроўцаў на расейскай? Тым больш, што табло ўсталяванае на трасе, па якой часта езьдзяць госьці з Расеі, кіроўцы павінны разумець, што за зварот ім адрасуецца, ад гэтага залежыць бясьпека на дарогах».

Зьмены на табло адбыліся неўзабаве пасьля таго, як надпісам «выконвай хуткасны рэжым» публічна абурыўся Аляксандар Лукашэнка. 19 красавіка ў час звароту да народу ён казаў:

«Зноў нейкія скаргі. Ад нашага насельніцтва, не кажу ўжо ад расейцаў. Дзесьці шыльды апэратыўна мяняюцца. Да глупства даходзіць. Еду па дарозе. Траса, як яе называюць, прэзыдэнцкая. Вывесілі табло: „Выконвай хуткасны рэжым“.

Ну мне мне як беларусу зразумела, што хацелі сказаць... Але едзе рускі чалавек або расейскамоўны беларус: „Выконвай... Хуткасны...“ Але зразумеў, што „рэжым“. Няўжо, думае, зноў пра дыктатуру Лукашэнкі? Што вы хацелі гэтым паказаць?

50 адсоткаў насельніцтва (з запасам кажу) зразумеюць, што патрабуе дарожнік або даішнік... Але астатнія ж не зразумеюць! Давялося вярнуць назву нармальную. Хто зразумее, што гэта хуткасны рэжым, а не дыктатура Лукашэнкі?»

За тыдзень да таго міністар культуры Расеі Ўладзімір Мядзінскі на супольным паседжаньні калегіяў міністэрстваў культуры Беларусі і Расеі папрасіў беларускага калегу Юрыя Бондара «надаць асаблівую ўвагу абароне расейскай мовы».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG