Міністэрства замежных спраў Беларусі рэгулярна і «канструктыўна» кантактуе зь літоўскім бокам адносна ідэнтыфікацыі парэшткаў Кастуся Каліноўскага, паведамілі Свабодзе ў зьнешнепалітычным ведамстве.
Гаворка ідзе пра магчымасьць дасьледаваньня парэшткаў яго старэйшага брата Віктара, пахаванага ў Беларусі. Парэшткі Кастуся Каліноўскага, знойдзеныя летась на гары Гедзіміна ў Вільні, ідэнтыфікаваныя з пэўнасьцю 95%.
Аднак літоўскі бок выказваў пажаданьне працягнуць гэтую працу, узяўшы ДНК яго брата Віктара, пахаванага ў Сьвіслачы. Літоўскі бок даўно казаў пра неабходнасьць эксгумаваць парэшткі Віктара Каліноўскага ў Беларусі. Але дагэтуль пытаньне ня вырашана.
«Ёсьць пэўны рух. МЗС амаль на штотыднёвай аснове канструктыўна кантактуе зь літоўскім бокам па гэтай тэме», — сказаў карэспандэнту Свабоды афіцыйны прадстаўнік беларускага МЗС Анатоль Глаз.
Сьвіслацкі райвыканкам: зваротаў не паступала
Начальніца аддзелу ідэалягічнай работы, культуры і па справах моладзі Сьвіслацкага райвыканкаму Ірына Паўлючэня паведаміла Свабодзе, што зваротаў адносна эксгумацыі парэшткаў Віктара Каліноўскага не паступала.
«Пытаньні эксгумацыі рэглямэнтуюцца ч.3 артыкула 205 Крымінальна-працэсуальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь, адносяцца да кампэтэнцыі Сьледчага камітэту Рэспублікі Беларусь. У выпадку правядзеньня працаў па эксгумацыі, ідэнтыфікацыі і перазахаваньні аддзел ідэалягічнай работы, культуры і па справах моладзі возьме непасрэдны ўдзел ва ўсіх мерапрыемствах», — сказалі ў райвыканкаме.
«Мы бачылі рэпартаж на вашым сайце, — сказала Ірына Паўлючэня. — Людзі ў нашым раёне ведаюць, хто такі Кастусь Каліноўскі. Вы напісалі, што ў нас помнікаў Каліноўскаму больш, чым помнікаў Леніну. Гэта сапраўды так».
У Сьледчым камітэце і Генпракуратуры карэспандэнту Свабоды сказалі, што ніякіх зваротаў адносна эксгумацыі парэшткаў Віктара Каліноўскага не паступала.
Паводле міністра культуры Літвы Міндаўгаса Квяткаўскаса, на ўрачыстую цырымонію перапахаваньня ў Вільні парэшткаў паўстанцаў Каліноўскага, знойдзеных летась на гары Гедзіміна ў Вільні, будуць запрошаныя найвышэйшыя службовыя асобы Беларусі, Польшчы і Ўкраіны.
Дакладная дата цырымоніі пакуль не абвешчаная, усё будзе залежаць ад работ па аднаўленьні капліцы на віленскіх могілках Росы. Яны павінны завяршыцца да верасьня.
На гары Гедзіміна знайшлі парэшткі 20 з 21 паўстанцаў, пакараных сьмерцю.
Імёны кіраўнікоў і ўдзельнікаў паўстаньня на іх магілах пасьля перапахаваньня, як мяркуецца, будуць запісаныя на літоўскай, польскай і беларускай мовах.
Пра гэта гаворыцца ў адказе ўраду Літвы на зварот больш як 500 грамадзкіх дзеячаў Беларусі, якія патрабавалі ўшанаваньня паўстанцаў 1863–1864 гадоў, у тым ліку на беларускай мове. Спачатку ж меркавалася зрабіць надпісы толькі па-літоўску і па-польску.