Група акцыянераў кампаніі Facebook настойвае на тым, што заснавальнік сацыяльнай сеткі Марк Цукербэрг павінен пазбавіцца пасады кіраўніка праўленьня.
Адпаведную заяву разьмясьцілі на сайце Камісіі па каштоўных паперах і біржах ЗША напярэдадні гадавога сходу акцыянераў.
Аўтары ініцыятывы ўключылі Цукербэрга ў плян абмеркаваньня на штогадовым сходзе, які павінен прайсьці 30 траўня. Акцыянеры падкрэсьліваюць, што зь ліпеня 2018 году з-за рашэньняў кіраўніцтва і праўленьня ацэначны кошт Facebook абрынуўся на 40%.
У заяве наракаюць на дыскрымінацыю і падкрэсьліваюць, што Марку Цукербэргу належыць толькі 13% акцый кампаніі, а ў праўленьні за ім замацаваная доля ў 51% усіх галасоў. Гэта дае Цукербергу магчымасьць фактычна аднаасобна кантраляваць палітыку кампаніі, у той час, як іншыя акцыянеры ня могуць прыцягнуць яго да адказнасьці.
«Фэйкавыю навіны, умяшальніцтва ў выбары і пагроза нашай дэмакратыі – акцыянерам патрабуецца нешта большае, чым проста адмаўленьне [усяго гэтага], спробы ўхіліцца і адтэрміноўкі з адказам», – гаворыцца ў заяве.
У сакавіку 2018 года стала вядома, што кансалтынгавая кампанія Cambridge Analytica атрымлівала пэрсанальныя дадзеныя мільёнаў карыстальнікаў Facebook і выкарыстоўвала іх для падтрымкі перадвыбарнай кампаніі Дональда Трампа падчас прэзыдэнцкіх выбараў у ЗША ў 2016 годзе. Заснавальнік сацыяльнай сеткі Марк Цукербэрг прызнаў памылку.